1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Адкрылася выстава твораў Яўгена Куліка

У мінскім Палацы мастацтваў адкрылася прысвечаная 90-м угодкам БНР выстава мастака, сябра суполкі “Пагоня” Яўгена Куліка.

Яўген Кулік, які стяў ля вытокаў творчай суполкі “Пагоня”, пайшоў з жыцця ў 2002 годзе, мастаку было толькі 65 гадоў. На жаль, з розных прычынаў не ўдалося зладзіць выставу да сямідзесяцігадовага юбілея самога мастака, таму было вырашана прыўрочыць яе да ўгодкаў 25 сакавіка. На выставе прадстаўленыя больш за 70 прац майстра, гэта пераважна гістарычная графіка, зробленая ў розныя гады.

Паводле кіраўніка мастацкага аб’яднання “Пагоня” Аляксея Марачкіна, “гэта мастак унікальны як спецыяліст, як прафэсіянал, але і як чалавек вялікай і высокай эрудыцыі. Мастак, які збіраў нашу гісторыю ці то ў пісьмёнах, ці то ў этнаграфічных звестках, ці ў прадметах этнаграфіі. Ён быў адданы беларушчыне, гэта самае галоўнае, адданы ідэалам Беларускай Народнай Рэспублікі”.

Героі з далёкай мінуўшчыны

Асноўнымі героямі твораў Яўгена Куліка з’яўляюцца слынныя гістарычныя асобы – Рагнеда, Еўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, - гэта тыя вобразы, якія дайшлі да нас са старажытных часоў. А яшчэ, як кажа Аляксей Марачкін, творца актыўна займаўся мастацкай рэканструкцыяй беларускіх замкаў.

“Ён замалёўваў тыя архітэктурныя матывы, якія дайшлі да нас у першапачатковым выглядзе, але і рэканструяваў тыя, што не дайшлі. Фактычна ніводная беларуская энцыклапедыя, дзе гаворка ідзе пра нашу архітэктуру, пра наша дойлідства, не абыходзіцца без малюнкаў Яўгена Куліка”.

Вяршыняй творчасці Яўгена Куліка як ілюстратара лічацца малюнкі да кніжкі Міколы Гусоўскага “Песня пра зубра”, якія таксама прадстаўленыя на выставе.

Ля вытокаў адраджэння

Яўген Кулік стаяў ля вытокаў сучаснага беларускага адраджэння, быў адным з заснавальнікаў Беларускага народнага фронту. Як згадвае тагачасны старшыня праграмнай камісіі БНФ Вінцук Вячорка, “для мяне ўвогуле ён быў увасабленнем мудрасці і беларускай традыцыі”.

Па-другое, кажа Вінцук Вячорка, Яўген Кулік быў “пунктам адліку”. “Любое палітычнае пытанне, звязанае з беларушчынай, любая мастацтвазнаўчая ці эстэтычная праблема вымагалі пэўнай шкалы, і ўсе ведалі, што такой шкалой якраз ёсць Яўген Кулік. І нічога дзіўнага, што калі пачынаўся Беларускі народны фронт, ён быў не толькі гаспадаром памяшкання, дзе збіралася праграмная камісія, але ён быў адным з асноўных крытыкаў, фільтраў, часам вельмі суровых, але абсалютна бездакорных у вернасці беларускай ідэі”.