1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

“Адзінага фронту” апазіцыі не прадбачыцца

Апазіцыйныя партыі пакуль не вызначыліся, ці пойдуць на выбары адзіным фронтам, некаторыя заклікаюць да байкоту. Цэнтравыбаркам лічыць, што толькі ўдзел у выбарах робіць партыі рэальнымі ўдзельнікамі палітычнага жыцця.

default

Да парламенцкіх выбараў застаецца ўсё менш часу, а адзінства пазіцыі сярод дэмакратычных сілаў адносна ўдзелу ў восеньскай кампаніі няма. Калі кіраўніцтва Аб’яднаных дэмакратычных сілаў ужо падрыхтавала так званы “адзіны спіс” кандыдатаў, то ўдзельнікі “Еўрапейскай кааліцыі” мяркуюць браць удзел у кампаніі па выбарах асобна. Як заявіў лідэр “Народнай грамады” Мікалай Статкевіч, ён не бачыць верагодным удзел сябраў кааліцыі ў выбарах адзіным фронтам з Аб’яднанымі дэмакратычнымі сіламі.

“Лічу гэта немагчымым, таму што ў кіруючых органах АДС большасць арыентуецца на гульні з Расіяй. Яны нізавошта не пагодзяцца вярнуцца да ранейшых дамоўленасцяў аб утварэнні АДС лістапада 2004 году аб еўрапейскай платформе. Так, “для адчэпнага”, будуць слова “Еўропа” узгадваць, як гэта зафіксавана ў іх у платформе – “у Еўропе добра”, і ўсё. А паставіць такую канкрэтную і такую патрэбную зараз для Беларусі мэту – рухацца ў бок еўрапейскай інтэграцыі – яны не могуць”.

Поспех – у адзінстве

Гэтакі разнабой у шэрагах дэмакратычных сілаў можа згуляць не на іх карысць. Прынамсі, у гэтым упэўнены сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік: “Венік пераламіць значна цяжэй, чымся кожную галінку паасобку. Калі апазіцыя будзе разрозненай, створыць канкурэнцыю для сваіх сяброў у адной выбарчай акрузе, натуральна, шансы на абранне істотна змяншаюцца. Таму я шчыра кажу, калі апазіцыя будзе адзінай, аб’яднанай, калі сябры розных палітычных партыяў будуць падтрымліваць адзін аднаго, шансаў перамагчы ў іх будзе значна больш”.

З словаў Мікалая Лазавіка вынікае, што Цэнтравыбаркам зацікаўлены ў тым, каб як мага больш палітычных партыяў не байкатавалі кампанію, але ўдзельнічалі ў выбарах. “Любая выбарчая кампанія для выбаршчыка цікавая толькі тады, калі ён бачыць розныя пункты гледжання, рэальную канкурэнцыю, і нам было б пажадана, каб усе суб’екты праявілі сябе, рэальна выклалі свае праграмы, якія былі б не проста нейкімі дэмагагічнымі лозунгамі, але рэальнымі эканамічна абгрунтаванымі прапановамі па ўдасканаленні і паляпшэнні нашага жыцця, дзейнасці органаў улады”.

Паводле словаў сакратара Цэнтравыбаркаму, “актыўнасць палітычных партыяў у выбарчай кампаніі можна прыраўняць і да актыўнасці выбаршчыкаў. Падвышаецца палітычная актыўнасць электарату, і больш гарантаваны ўдзел большасці насельніцтва ў выбарчай кампаніі, без якога выбары будуць лічыцца неадбытымі”.

Сітуацыя не саспела

У немагчымасці знайсці агульную мову сярод суб’ектаў дэмакратычных сілаў, на думку палітолага Аляксандра Класкоўскага, ёсць і аб’ектыўныя, і суб’ектыўныя прычыны. “Гэта, на жаль, такая перманентная нават не хвароба беларускай апазіцыі, гэта такі фатум, калі апазіцыя ў любой аўтарытарнай краіне слабая і яна, як гэта не парадаксальна, яшчэ і сама сябе дадаткова расцярушвае. А гэта таму, што яна загнаная ў андэграўнд, у яе мала рэсурсаў, і ідзе тузаніна і барацьба за гэтыя рэсурсы і, адпаведна, узнікаюць гэтыя эўфемерныя калоны – дзве, тры… Хаця, калі разабрацца, то гэта вельмі рэдкія і небаяздольныя калоны”.

Такое становішча, паводле Аляксандра Класкоўскага, часткаю тлумачыцца і верагодным нявераннем дэмсілаў у поспех будучай выбарарчай кампаніі: “Калі б, напрыклад, гэтыя выбары нешта вырашалі, калі б апазіцыя адчувала рэальна, што вось апрошні штурм, і гэты бастыён здасца, то, канешне, яны б хуценька аб’ядналіся, як гэта было і ў Сербіі, і ў Грузіі, дзе адбыліся так званыя каляровыя рэвалюцыі. Хаця звадак і сварак там у апазіцыі таксама было шмат. Калі адчуваюць, што гэта ёсць “наш апошні і рашаючы бой”, тады яны аб’ядноўваюцца. Мусіць, не настаў яшчэ такі момант у Беларусі”.

Контекст