1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Адбылася "сакрэтная" прэс-канферэнцыя старшыні КДБ

Акрамя Сцяпана Сухарэнкі, перад запрошанымі расійскімі журналістамі і прадстаўнікамі беларускіх дзяржаўных СМІ выступілі міністр унутраных справаў Уладзімір Навумаў і генеральны пракурор Пётр Міклашэвіч

Арганізатары запрасілі толькі расійскіх журналістаў, а таксама прадстаўнікоў беларускіх дзяржаўных СМІ. Усім астатнім, хто прыйшоў на прэс-канферэнцыю, указалі на неабходнасць папярэдняй акрэдытацыі -- хаця раней звычайна тут гэткага патрабавання не прад'яўлялася.

Журналістка, якая здолела прарвацца на гэтую прэс-канферэнцыю, падзялілася са мной уражаннем: "Мне гэта нагадала ГКЧП. У іх таксама дрыжэлі рукі, як і ў путчыстаў, яны таксама блытана тлумачылі, што і чаму збіраюцца зрабіць, яны таксама выклікалі смех у журналістаў".

Арганізатары прэс-канферэнцыі паказалі відэазапісы, якія ў прапагандысцкіх перадачах дзяржаўнага тэлебачання паказвалі ўжо не раз. Нейкі ананім распавядаў пра навучанне тэрарызму ў Грузіі, лідэр АГП Анатоль Лябедзька без гуку піў апельсінавы сок з грузінскім парламентарыям, а актывіст "Зубра" Цімафей Дранчук прызнаўся, што намерваўся арганізаваць назіранне на прэзідэнцкіх выбарах. Для беларускай аўдыторыі фільм не мог быць пераканаўчым. Ён выклікаў смех і ў расійскіх журналістаў.

А вось заява старшыні КДБ Сцяпана Сухарэнкі, што тыя грамадзяне, якія выйдуць па закліку апазіцыі падводзіць вынікі выбараў на Кастрычніцкую плошчу ў Мінску, будуць абвінавачвацца ў тэрарызме, а не ў парушэнні закону аб масавых мерапрыемствах -- насцярожыла. Пры гэтым ён поўнасцю зачытаў тэкст артыкулу Крымінальнага кодэксу, якая прадугледжвае за тэрарызм пажыццёвае пазбаўленне волі або смяротнае пакаранне. "Гэта не спроба запужаць грамадзян, а папярэджанне падманутым і ўцягнутым у працэс захопу ўлады", -- патлумачыў кіраўнік КДБ.

У сваю чаргу генеральны пракурор Пётр Міклашэвіч заявіў, што мерапрыемства, якое плануе правесці апазіцыя 19 сакавіка а 20 гадзіне на Кастрычніцкай плошчы з'яўляецца незаконным. А міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў заявіў, што міліцыя не можа даць поўных гарантый бяспекі журналістам за часам магчымых несанкцыянаваных масавых акцый. "Мы абазначым рысу, за якой гарантуем вам бяспеку. Калі дзе-небудзь будуць падзеі, то абавязкова органы ўнутраных спраў абазначаць месца для журналістаў", -- патлумачыў Навумаў.

У прапагандысцкім фільме ананім заявіў: "Нам інструктары з Амерыкі казалі, каб мы арганізавалі чатыры выбухі ў школах. Месца і час яны павінны былі паведаміць дадаткова. Канкрэтныя месцы не ўказваліся". Шэф КДБ працягнуў думку, што, акрамя гэтых чатырох выбухаў, рыхтаваліся і іншыя: "Ідзе падрыхтоўка спланаванай на гэты час сілавой акцыі з падрывам выбуховых прыстасаванняў, падпаламі, актыўным правакаваннем органаў правапарадку на выкарыстанне сілы з мэтай пасеяць хаос і на гэтай хвалі захапіць уладу". Паводле Сухарэнкі, адным з фігурантаў гэтай справы з'яўляецца лідэр АГП Анатоль Лябедзька, які надоечы быў затрыманы супрацоўнікамі праваахоўных органаў за няправільную паркоўку. Праўда, шэф КДБ не здолеў патлумачыць, чаму палітыка, ад якога сыходзіць тэрарыстычная пагроза, пры гэтым адпусцілі, так і не прад'явіўшы абвінавачанне. Іншыя прозвішчы Сухарэнка называць не стаў, бо спаслаўся на таямніцу следства.

Ці з'яўляецца заява шэфа КДБ нейкай дэманстрацыяй сілы перад выбарамі? У інтэрв'ю "Нямецкай хвалі" праваабаронца Вячаслаў Сіўчык сказаў:

"Я не пабачыў ніякай дэманстрацыі сілы на гэтай прэс-канферэнцыі. Яна толькі падкрэсліла некампетэнтнасць тых асобаў, каторыя ўзначальваюць нашыя сілавыя ведамствы, бо ў тыя факты і тыя схемы, якія выкладаліся, могуць паверыць толькі пацыенты вар'ятні. Наогул можна было б смяяцца над усім гэтым, толькі каб па ўсей Беларусі не саджалі людзей за іх палітычную дзейнасць цяпер. "

Прэс-служба адзінага кандыдата дэмакратычных сіл Аляксандра Мілінкевіча распаўсюдзіла сёння заяву свайго лідэра: "Мы жадаем удачы кіраўніку КДБ у барацьбе з тэрарыстамі. Просім толькі яго не блытаць тэрарыстаў з мірнымі грамадзянамі, якія 19 сакавіка выйдуць з мірным пратэстам супраць фальсіфікацый, страха і прыніжэння. Ні я, ні актывісты майго Штаба, ні людзі, якія сёння выступаюць у Беларусі за перамены не з’яўляюцца злачынцамі і тэрарыстамі, -- заяўляе Мілінкевіч. -- 19 сакавіка мы будзем карыстацца сваім канстытуцыйным правам на пратэст супраць парушэння закону. Гэта будзе выключна мірная акцыя, а за выкарыстанне сілы супраць людзей адказнасць павінна несці ўлада".