1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Агульнанацыянальныя праблемы Беларусі абмяркоўваюцца ў Вільні

Абмяркоўваючы агульнанацыянальныя праблемы краіны, лідары беларускай апазіцыі і палітычнай думкі Беларусі ў Вільні не змаглі прыйсці да агульнага назоўніка. Аб тым, якія настроі пераважалі на канферэнцыі.

На двухдзённай канферэнцыі, што прайшла ў літоўскай сталіцы, асноўныя спрэчкі кіпелі ў справе мэтазгоднасці захавання за Аляксандрам Мілінкевічам статуса апазіцыйнага лідара, і наконт пазіцыі аб'яднаных дэмакратычных сіл у чаканні магчымага газавага крызісу, звязанага з павышэннем коштаў на расейскія энерганосьбіты.

Беларуская апазіцыя па-ранейшаму ня мае агульнага разумення ня толькі таго, як іх развязваць, але нават і ў тым, што ўвогуле пад імі разумець. Зрэшты, на віленскай канферэнцыі, прысвечанай абмеркаванню праблем Беларусі, з удзелам мноства лідараў беларускай палітыкі і паліталогіі, усе сышліся ў думцы, што ключавая праблема на сёння – маючы адбыцца скачок у цэнах на расейскі газ і накладанне мыта на імпартаваную расейскую нафту. Існуюць надзвычай адрозныя меркаванні, як расцэньваць гэткія крокі Масквы – ці то як пераход да нармальнай рынкавай практыкі і прызнанне рэальнай незалежнасці Беларусі, ці то як шантаж з мэтай паставіць братнюю краіну на калені і інкарпараваць у свой склад эканамічным ціскам. Знаны эканаміст, былы старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч менавіта як шантаж такія раптоўныя дзеянні расейцаў і расцэньвае:

- У адначассе Беларусь з наступнага года згубіць 3,6 млрд $ па нафце (па экспартных мытах) і яшчэ 3 млрд па газе. Усяго 6 мільярдаў з гакам у дачыненні да 30 мільярдаў (ВУП Беларусі) – гэта вялізныя грошы, 12-13% да валавага прадукту. Гэта шантаж, гэта спроба Расеі прымусіць Лукашэнку прыняць умовы Расеі ў плане пабудовы саюзнай дзяржавы.

Аднак Багданкевіч не падзяляе думкі, што апазіцыя ў гэтым становішчы павінна падтрымаць рэжым пад сцягам барацьбы з ціскам Крамлю. Тым часам шмат хто з беларускіх палітыкаў бачыць у дзеяннях Расеі магчымасць кансалідацыі беларускай нацыі – нават улады і апазіцыі. Калі не кансалідацыі – то прынамсі лепшага паразумення, наворыць старшыгя Нацыянальнага камітэту аб'яднаных дэмакратычных сіл Анатоль Лябедзька:

- А з тэрарыстаім размаўляюць ці не? У выключнай сітуацыі, калі ёсць пагроза для жыцця людзей? Так, безумоўна. і я б адносна беларускай сітуацыі – калі ёсць пагроза для суверэнітэту, калі ёсць пагроза для каштоўнасцяў мільёнаў людзей, то трэба размаўляць і з рэжымам.

Аднак на фоне размоў пра дыялог з уладамі – унутры самой апазіцыі па-ранейшаму паразумення малавата. Аб чым сведчыць хоць бы і імя Аляксандра Мілінкевіча, пра якога на канферэнцыі гаварылі асабліва шмат, хаця сам лаўрэат прэміі Сахарава ў Вільню не прыехаў. Складаецца ўражанне, што постаць Мілінкевіча ўжо ня столькі яднае, колькі падзяляе апазіцыю – частка ліберальна-левага крыла аб'яднаных дэмакратычных сіл настойвае, што Мілінкевіч ня змог стацца сапраўдным лідарам апазіцыі, таму захаванне за ім гэтага статусу сэнсу ня мае:

- Не патрэбен сёння лідар, сёння не патрэбен адзіны кандыдат на выбары ці яшчэ кудысь. Тым болей, што маральнага лідара, які быў бы не прызначаны, а фактычны нават для ўсіх апазіцыйных сіл – яго сёння няма. На жаль, магчымасць маго, што Мілінкевіч ператворыцца ў лідара агульнанацыянальнага маштабу – гэтага не адбылося, ня трэба заплюшчваць на гэта вочы, - гаворыць Сяргей Калякін, лідар партыі камуністаў. Ён разам з Лябедзькам і казулінскім сацыял-дэмакратам Анатолем Ляўковічам актыўна ўздымае ідэю новага Нацыянальнага кангрэсу – такі кангрэс павінен адбыцца да 25 сакавіка. Тым часам прыхільнікі Аляксандра Мілінкевіча кажуць, што ён апазіцыі патрэбны, як чалавек, які б увасабляў яе ўсю і быў бы прывабнай персанальнай альтэрнатывай дзейнаму прэзідэнту:

- Народ вельмі цьмяна сабе ўяўляе Беларусь без Лукашэнкі – як я разумею. А вось яму цікава - хто ю мог замяніць яго. Гэта і ёсць насамрэч альтэрнатыва – ня проста іншы чалавек, а альтэрнатыва ў поўным сэнсе слова. Ведае мовы, прымаюць на захадзе, працаваў ва ўладзе – вось гэта ўсё тое, чаго ня мае Лукашэнка, - гаворыць сябра Палітычнай рады аб'яднаных дэмсіл Віктар Карняенка. Падчас віленскай канферэнцыі з вуснаў і беларускіх дзеячоў, і іх замежных дарадцаў часта і настойліва гучала, што беларускія дэмакраты павінны ўрэшце распрацаваць выразную і зразумелую кожнаму грамадзяніну стратэгію і план дзеянняў, які б у галовах беларускіх людзей мог стацца канкрэтным бачаннем, якая беларусь можа стаць пасля Лукашэнкі. Аднак пакуль гэтае пажаданне застаецца пажаданнем, беларуская апазіцыя вельмі ахвотна спрачаецца паміж сабой, але неахвотна ідзе са сваімі думкамі ад простых беларусаў. Складаецца ўражанне, што зрухі ў грамадскай свядомасці Беларусі і нават яе кіраўніцтва адбываюцца хутчэй, чым да іх паспявае прыстасавацца сама апазіцыя.