1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Авангард моладзевага дэмакратычнага руху Беларусі

11 лістапада ў Мінску адбыўся Другі з’езд арганізацыі “Моладзь БНФ”. На форум прыбылі каля 50 ўдзельнікаў з розных рэгіёнаў кріаны.

Дэлегаты падсумавалі вынікі працы за час пасля першага з’езду, разгледзілі стратэгію арганізацыі на наступны час, а таксама абралі новае кіраўніцтва.

Станоўчыя вынікі

Яшчэ да пачатку форуму ў гутарцы з карэспандэнтам “Нямецкае хвалі” Вінцук Вячорка, старшыня Партыі БНФ, адзначыў як станоўчы факт існаванне моладзевага крыла ў ачоленай ім арганізацыі.

"Прыход новага пакалення, якое ўжо расло пры Лукашэнку, але прыйшло ў Беларускі народны фронт, гэта наш шанц на будучыню. І я вельмі ўсцешаны, што гэтая сведамая моладзь прыйшла на святло нацыянальнай ідэі".

З’езд пачаўся выкананем нацыянальнага беларускага гімну “Магутны Божа”.

Пасля абрання працоўных органаў са справаздачай выступіў лідэр арганізацыі, якая была створаная ўсяго акрыху больш за год таму, Алесь Каліта. Дарэчы, ён - адзін з рэкардсменаў у Беларусі па колькасці і працягласці “адсідак” у спецпрыёмніку- размеркавальніку на вуліцы Акрэсціна ў Мінску за ўдзел у акцыях апазіцыі. Каліта, у прыватнасці, адзначыў:

"За год нашай дзейнасці мы насамрэч паказалі сябе як моладзевая нацыянальна-дэмакратычная сіла, каторая грунтуецца на каштоўнасцях адраджэння. Нашы ідэалы – мова, культура, нацыянальныя каштоўнасці, - яны былі і ёсць перад усім".

Моладзевы лідэр як станоўчыя моманты ў дзейнасці прыгадаў актыўны ўдзел яго арганізацыі ў падрыхтоўцы і правядзенні масавых акцыяў апазіцыі - 25-га сакавіка, на Дзень Волі, Чарнобыльскага шляху, адзначэння ўгодкаў прыняцця дэкларацыі аб дзяржаўнай незалежнасці Беларусі 27 ліпеня, Еўрапейскага і Сацыяльнага маршу і гэтак далей.

Не без недахопаў

Намеснік старшыні “Моладзі БНФ” Ілля Богдан назваў некалькі недахопаў, якія трэба будзе выправіць у найбліжэйшы час.

"Было вельмі шмат людзей, якія прыходзілі ў арганізацыю. І не ўдалося іх пакінуць тут, каб яны засталіся, каб яны сапраўды сталі цікавіцца гісторыяй, культурай, каб яны ўліліся, сталі нашай кампаніяй".

Па словах Богдана, касцяк існуе, але ён не такі вялікі, нажаль, і таму на будучыню запланаванае развіццё па Мінску раённых арганізацый.

Некаторыя дэлегаты з’езду папракалі кіраўніцтва арганізацыі ў недастатковай заканспіраванасці дзейнасці “Моладзі БНФ”, што вядзе да затрыманняў і арыштаў на “суткі”, у выніку чаго шмат хто з актывістаў мае шмат праблемаў як па месцы вучобы, гэтак і ў семьях. На гэта сябра арганізацыі Аляксандра Клімовіч адказала:

"Калі вы ўступаеце ў апазіцыйную арганізацыю, нельга думаць, што ў вашых навучальных установах альбо дома вас будуць хваліць за гэта. Трэба заўсёды разумець, на якую рызыку вы ідзеце".

Адзін з тых, хто ведае гэтую рызыку, - актывіст “Моладзі БНФ” Зміцер Жалезнічэнка, студэнт-выдатнік, адлічаны нядаўна па палітычных матывах з Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францішка Скарыны.

"Я ні аб чым не шкадую, таму што я ў гэтай сітуацыі застаўся верным сам сабе. Калі б у мяне была магчымасць адвярнуць усё назад, я б гэтага не зрабіў. Таму што шмат разоў былі прапановы спыніць гэтую дзейнасць, маўляў, “сядзі – не высоўвайся і нічога не кажы”. Я так не магу. Заўсёды трэба чалавекам заставацца".

Як адзначыў актывіст з Гародні Максім Губарэвіч, вельмі цяжка працаваць прадстаўнікам моладзевых арганізацыяў у рэгіёнах Беларусі.

"За апошнія некалькі год не было дазволена правесці ніводнага мерапрыемства. Усё, рабілася пад пільным наглядам міліцыі, спецслужбаў, як правіла, скончвалася ўсё затрыманнямі пасля мерапрыемстваў альбо прэвентыўнымі затрыманнямі яшчэ да іх пачатку".

Па словах Губарэвіча, адзіная магчымасць рабіць нешта без штрафаў і затрыманняў –гэта рабіць у памяшканнях. Але памяшканні больш падыходзяць для правядзення выставаў альбо адукацыйных мерапрыемстваў, бо ахапіць шырокае кола людзей у іх, нажаль, не атрымоўваецца.

Афіцыйная частка

Дзеля вырашэння ўзніклых праблем была прынятая стратэгія дзейнасці Моладзі БНФ на найбліжэйшы час. Пры канцы з’езду адбыліся выбары лідэра, яго намеснікаў і кіроўных органаў арганізацыі. У выніку таемнага галасавання на пасаду кіраўніка “Моладзі БНФ” зноў абраны Алесь Каліта. На маё пытанне, што ў планах ачоленай ім структуры ў найбліжэйшы час, маладзён адказаў:

"Ад Моладзі БНФ у наступным годзе, апроч іншага, можна будзе чакаць сістэмнай працы па падрыхтоўцы і святкаванні 90-х угодкаў БНР, таксама ад мяне можна будзе чакаць актыўнага ўдзелу у стварэнні рэгіянальных суполак Моладзі БНФ, разбудавання нашых структураў".

На пасаду намеснікаў старшыні прэтэндавалі чатыры чалавекі, але дэлегаты спынілі свой выбар на мінчуку Іллі Богдане і Сяржуку Націнскім з Бабруйску.