1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Аб дэмаграфічным становішчы на Беларусі.

У 1940 годзе на Беларусі пражывалі 9 092 000 чалавек. Для пасляваеннага аднаўлення колькасці спатрэбілася 30 гадоў. Якую тэндэнцыю выяўляюць лічбы сёння?

Па дадзеных Міністэрства статыстыкі і аналізу, колькасць насельніцтва Беларусі на 1 чэрвеня бягучага году склала 9 729 900 чалавек. Публікуючы апошнія дадзеныя Міністэрства статыстыкі, дзяржаўныя СМІ акцэнтуюць увагу на добрых тэндэнцыях. Напрыклад, па дадзеных Мінстата, у студзені-траўні нарадзілася 37 800 дзяцей, што на паўтары тысячы больш, чымся за гэткі ж перыяд мінулага году. За гэтыя жа пяць месяцаў памерла на 2 тысячы чалавек менш, чымся за гэткі ж тэрмін у 2005- м. Паменшыўся і паказнік смяротнасці дзяцей ва ўзросце да 1 году.

Асаблівасцю дэмаграфічнай сітуацыі ў Беларусі, з меркавання аўтараў "Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2020 году", з'яўляецца нізкая нараджальнасць і высокая, не тыповая для развітых краінаў смяротнасць. Трэба сказаць, што натуральнае змяншэнне насельніцтва ў Беларусі нашмат вышэй, чымся ў заходнееўрапейскіх краінах. Адным з асноўных фактараў старэння насельніцтва эксперты вызначаюць рост смяротнасці мужчынаў працаздольнага ўзросту. Гаворачы пра чыннікі такой сітуацыі, эканаміст і сацыёлаг Міхась Залескі падкрэслівае той факт, што самазабойствы і атручванні спірытусазмяшчальнымі вадкасцямі знаходзяцца на трэцім месцы сярод чыннікаў смерці гэтай катэгорыі насельніцтва.

Паводле Залескага, не ў лепшым стане і здароўе жанчынаў, нягледзячы на кантроль над цяжарнасцю і нараджальнасцю, які застаўся ад савецкага часу. Сам лад жыцця беларусаў, лічыць эканаміст, не адпавядае стандартам сучаснай еўрапейскай медыцыны.

Калі гаворка ідзе пра дэмаграфію, кажа Міхась Залескі, гвалтоўныя змены адбываюцца толькі падчас войнаў. Але цяперашняя дэмаграфічная сітуацыя ў Беларусі, з яго меркавання, гэта следства не толькі першай і другой усясветных войнаў. Радыкальныя змены сямейнага ўкладу звязаныя гэтак жа і з калектывізацыяй сельскай гаспадаркі, урбанізацыяй і індустрыялізацыяй. Гэтыя працэсы, адзначае Залескі, выштурхнулі з сельскай мясцовасці каласальную колькасць людзей, у выніку чаго змянілася мадэль беларускай сям'і. За пасляваенны перыяд колькасць дзяцей скарацілася ў сярэднім з пяці да аднаго дзіцяці на сям'ю. Цяпер пачала выміраць самая буйная дэмаграфічная група - людзі, якія нарадзіліся ў 45-55- х гадах.

Прынятую нядаўна дзяржаўную дэмаграфічную праграму Міхась Залескі кваліфікуе як дэкларатыўную, таму што рэальна людзі не атрымліваюць абяцанай дапамогі. І самае галоўнае, падкрэслівае эканаміст, наяўныя дэмаграфічныя праблемы ў краіне звязаныя з адсутнасцю ўмоваў, пры якіх чалавек адчувае сабе вольным і здольным без дапамогі дзяржавы забяспечыць сябе і сваіх дзяцей.

Также по теме