1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы прэзентавалі пасланне да выбаршчыкаў

Кантроль над уладай палепшыць жыццё людзей – такі асноўны змест паслання Аб’яднаных дэмакратычных сілаў да выбаршчыкаў на восеньскія парламенцкія выбары. Суб’екты АДС зноў абверглі ідэю байкоту выбараў.

default

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька

Асноўны сэнс паслання сфармуляваў кіраўнік Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін: “Мы жадаем, каб была ўлада для народа, а не народ для ўлады. Адзін з механізмаў, безумоўна, гэта механізм кантроля над уладаю праз абраных прадстаўнікоў народа”.

Адзін з аўтараў паслання Вацлаў Арэшка звярнуў увагу на закрытасць прыняцця практычна ўсіх рашэнняў на дзяржаўным узроўні: “Дзеянні ўлады не ўзгадняюцца з меркаваннямі людзей, асабліва тыя захады, якія ў грамадстве выклікаюць вельмі адмоўны рэзананс: гэта адмена сацыяльных гарантыяў у значнай ступені, новая кантрактная сістэма, а зараз мы ўжо маем школьную рэформу, якая можа быць вельмі небяспечнай для нашай сістэмы адукацыі”.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька патлумачыў, што дае ўстанаўленне эфектыўнага дзейснага кантролю за дзеяннямі ўлады. “Гэта адсутнасць ценявога бюджэта і зніжэнне карумпаванасці ў краіне. Мажлівасць правесці судовую рэформу і стварыць умовы, каб суддзя эканамічна і палітычна быў незалежны. Вярнуць права грамадзяніну-выбаршчыку: гэта азначае пераход ад прызначэння дэпутатаў і кіраўнікоў рэгіёнаў да іх абрання”.

Апроч таго, паводле словаў Анатоля Лябедзькі, аўтары Паслання надаюць увагу і ролі сродкаў масавай інфармацыі: “Дзейсны і эфектыўны кантроль за дзеяннямі ўлады пераўтварае сродкі масавай інфармацыі ў рэальную чацвёртую ўладу, калі з інфармацыі, якая праходзіць праз кабінеты ўлады, здымаецца грыф “для службовага карыстання”.

Станоўчы пасыл

Першы намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка падкрэсліў, што аўтары паслання адмыслова пазбягалі нейкіх негатыўных вызначэнняў: “Кантроль – гэта пазітыў, тут няма гаворкі пра нейкае разбурэнне, якога баяцца людзі яшчэ горай чым эканамічнага пагаршэння, але можа якраз праз такія прапановы і трэба пераадольваць пэўнае электаральнае гета, у якім мы, нажаль, знаходзіліся цягам апошніх гадоў”.

Палітык падкрэсліў, што Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы, ідучы на парламенцкія выбары, тым не менш, не робяцца памагатымі дзейнае ўлады дзеля легітымізацыі новага складу Палаты прадстаўнікоў і не будуць гуляць па прапанаваных дзяржавай правілах.

“Мы будзем ігнараваць антыдэмакратычныя, штучна ўзведзеныя ўладаю бар’еры вакол гэтай выбарчай кампаніі, усе гэтыя абмежаванні, псеўдаправілы. Мы будзем несці людзям сваю праўду, не баючыся ніякага зняцця. Іншая справа, што мы не маем права байкатаваць і пакідаць сам-на-сам з гэтым рэжымам і яго прапагандай нашых выбаршчыкаў, наш народ”, - кажа Вінцук Вячорка.

Байкот – не выйсце

З Вінцуком Вячоркам згодны і Анатоль Лябедзька: “Праца з людзьмі – гэта тое, чаго не можа замяніць ніякая працэдура байкота. Я як адзін з арганізатараў байкоту ў 2000 годзе, ведаю, што на практыцы гэта азначае: 2-3 адсоткі нейкіх актыўных людзей нешта робяць, а астатнія лічаць, што яны байкатуюць. А байкот – ляжу на канапе і ігнарую тое, што адбываецца. Так было, так яно і будзе. Няма матывацыі ў людзей”.

Лідэр АГП яшчэ раз падкрэсліў, што зараз трэба працаваць з тымі людзьмі, якія не чытаюць свабодную прэсу, не заходзяць на інтэрнет-сайты, каб ужо цяпер пачынаць падхрыхтоўку і да наступных прэзідэнцкіх выбараў.

“Такіх людзей значная частка, і мы хочам зрабіць гэтае пасланне і да іх дайсці! Калі гэтыя людзі зразумеюць, што насамрэч няма ніякага кантролю над уладай, што ўлада, як Бог, стаіць над імі, гэта будзе самая галоўная выснова. Тады мы зробім плацдарм да 2011 года. Я абсалютна перакананы, што нам трэба рыхтаваць плацдарм на 2011 год, гэта трэба рабіць праз актыўную кампанію працы з людзьмі”.

Лідэры суб’ектаў АДС заявілі, што іх арганізацыі маюць ужо свае ўласныя звароты да беларускіх выбаршчыкаў, але гэты дакумент стаўся асноваю партыйных пасланняў, якія будуць даводзіцца да грамадзянаў усімі магчымымі спосабамі.

Контекст