1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Ідэялогія - абавязковы элемент існавання дзяржавы?

Сяргей Панчанка

З кожным годам дзяржаўная ідэялогія ўсё больш ахоплівае сістэму адукацыі, часам замяшчаючы выхаваўчую функцыю. Да новага навучальнага году Міністэрства адукацыі апублікавала рэкамендацыі па ідэалагічнай працы ў школе

https://p.dw.com/p/8yml

Найважнейшыя грамадска-палітычныя падзеі 2006 году, па выразе чыноўнікаў Міністэрства адукацыі, паставілі новыя задачы. “Указамі кіраўніка дзяржавы зацверджаныя тры сацыяльна значныя праграммы: “Моладзь Беларусі”, “Маладыя таленты Беларусі” ды “Дзеці Беларусі”, -- нагадвае міністэрства. Акрамя таго, прынятая дзяржаўная праграма развіцця сістэмы адукацыі на перыяд да 2010 году. “У гэтых пастановах аб’ёмна пададзены выхаваўча-ідэялагічны блок, у якім сфармуляваныя грунтоўныя каштоўнасці ды напрамкі дзейнасці, якія складаюць аснову сістэмы выхавання у нашай краіне”, -- паведамляецца у рэкамендацыях міністэрства.

Традыцыйная функцыя выхавання ў іх цесна пераплеценая з новай, ідэялагічнай, а часам зусім неад’емна ад яе.

Так, у рэкамендацыях адзначаецца: “сёння ў службовыя абавязкі ўсіх, ад настаўніка, выкладчыка, класнага кіраўніка ды куратара да міністра, уведзеная адказнасць за правядзенне ідэялагічнай ды выхваўчай працы”.

Выкладчык гісторыі сярэдняй школы нумар восем Бабруйску Аляксандр Чыгір лічыць, што “цяпер ідэялагічная праца падмінае пад сябе выхаваўчую”. Сам актывіст дэмакратычнага руху, Аляксандр Чыгір не згодны з тымі з паплечнікаў, хто перакананы, што навязванне ідэялогіі не дае вынікаў. “Дзеці выпуску 2003, яшчэ 2004 гадоў, якія паспелі глынуць вольнага паветра, цікавіліся нечым большым, акрамя мабільнікаў, адзення і гэтак далей. Сярод іх нават суполку БРСМ стварыць было цяжка”, - кажа Аляксандр Чыгір. Цяперашнія ж, паводле настаўніка, цікавяцца абывацельскімі каштоўнасцямі ў кепскім сэнсе гэтага паняцця. “Што тычыцца палітыкі ды грамадскай дзейнасці, яны лічаць гэта адстоем”, – подсумоўвае Чыгір.

На яго думку, гэта не здзіўляе. “Я нядаўна спытаў у вучняў 11 классу, хто з іх бываў на моры. Высветлілася – ўсяго два чалавекі”, – адзначае выкладчык.

Гэта, натуральна, ёсць вынікам самаізаляцыі Беларусі ад знешяга свету. Але гэтаму спрыяюць і новыя падручнікі. Напрыклад, такі курс як “Чалавек, прырода, грамадства. “Калі яшчэ нядаўна ў гэтым падручніку было напісана пра гуманітарныя ды агульначалавечыя каштоўнасці, то цяпер, у асноўным, пра беларускую дзяржаўнасць”, – тлумачыць Аляксандр Чыгір.

Дырэктар зачыненага ўладамі Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю Уладзімір Колас адзначае, што праблема насаджэння ідыялогіі палягае нават не ў тым, што гэта парушае Канстытуцыю. З яго словаў: “Мы вырасцім пакаленне на падвоеных стандартах, калі яны будуць казаць адно, думаць другое, а рабіць трэцяе”.

Самі ж чыноўнікі лічаць, што ідэялагічная зададзенасць адукацыі неабходная дзеля выхавання патрыётаў Беларусі. “Неабдуманая крытыка, нежаданне ацаніць перспектывы развіцця краіны не ёсць прымальнымі для нашай моладзі”, – так матываваў неабходнасць выкладання ідэялогіі міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў. Па яго словах, ідэялогія ёсць абавязковым элементам існавання дзяржавы, з гэтай нагоды надаваць ёй увагу неабходна ўсім. А прэзідэнт Лукашэнка раней і зусім заявіў, што школа: “абавязаная быць цэнтрам ідэялогіі на вёсцы”.