Як на Гомельшчыне гукаюць вясну
4 апреля 2007 г.Веснавы цыкл народных святаў пачынаўся з выканання абрадавых песень пад назвай “вяснянкі”. У шматлікіх вяснянках, якія спяваюць на Гомельшчыне, увасоблены матыў чакання шчодрых дароў, якія прыносіць вясна. І гэта не выпадкова.
У далёкія язычніцкія часы нашы продкі звязвалі прыход вясны не столькі з прыгажосцю прыроды, колькі з пачаткам жыццёва важнай працы на зямлі. Надзеі чалавека былі прасякнуты спадзевам на раннюю вясну, будучы ураджай, спрыяльнае надвор’е. Беларусы не былі толькі пасіўнымі назіральнікамі, чакаючы цяпла і пачатку земляробчых работ. Праз прызму абрадаў, розных магічных рытуалаў чалавек звяртаўся з просьбамі да духаў і Багоў, каб наблізіць прыход вясны і абудзіць жыватворную сілу зямлі.
“Гуканне вясны” не мае фіксаванай даты. Абрад мог праводзіцца да таго часу, пакуль аратыя не выходзілі працаваць у поле.
Моладзевая краязнаўчая суполка “Талака” ўжо 15 год запар адзначае “Гуканне вясны”. Цягам першага веснавога месяца маладыя гамельчукі выязджаюць за горад. Там абіраецца ўзвышаная мясціна (пагорак ці бераг ракі), якая і становіцца цэнтрам ладжання абраду.
Пра тое, як на Гомельшчыне гукаюць вясну, распавядае сябра “Талакі” Аліна.
„Найперш нашыя дзяўчаты знаходзяць невялікае дрэўца і аздабляюць яго каляровымі стужкамі. Дрэўца, па сутнасці, сымбалізуе саму вясну. А вось у некаторых мясцовасцях у ролі вясны выступала самая прыгожая і працавітая дзяўчына. Каля дрэўца мы водзім карагоды, спяваем вяснянкі, ладзім народныя гульн“і.
У руках моладзі я бачу печыва ў выглядзе птушак. Дзяўчаты і хлопцы, спяваючы, падкідваюць печыва ўгару. Аліна тлумачыць сэнс гэтага магічнага рытуалу:
„Людзі ў старажытнасці верылі, што з дапамогай выпечаных з мукі птушак заклікаюцца сапраўдныя птушкі з выраю. А з прылётам птушак звязаны, безумоўна, хутчэйшы прыход вясны і цяпла“.
Каля вогнішча раскладзены абрус, на якім ляжыць нагатаваная ў складчыну ежа. Тут мы размаўляем з сябрам партыі БНФ Дзянісам
„Я прыйшоў, каб адрадзіць даўнюю народную традыцыю, каб паглядзець, што гэта. На жаль, на сённяшні дзень палітыка і культура перамешаны. Калі мы жадаем перамагаць, нам трэба перамагаць на беларускай глебе“.
Збоку святкаванне выглядае вельмі натуральна. Цёплае сонейка, лагодны настрой удзельнікаў міжволі пераконваюць у тым, што цяпер, дзякуючы абрадавым дзеянням, вясна мусіць прыйсці ўжо дакладна.