Як «малююць» вынікі выбараў
Схема была распрацавана яшчэ за савецкім часам і дазваляе атрымоўваць любы пажаданы вынік. Ідэя гэтага метаду заключаецца ў тым, што галасы МАГЧЫМА падлічыць, але фіксуецца той вынік, які патрабуецца. І гэтым займаюцца не ва ўчастковых камісіях, а ў будынках адміністрацый прэзідэнцкай «вертыкалі», дзе заўсёды размяшчаюцца тэрытарыяльныя камісіі.
Задачай старшыні ўчастковай камісіі з’яўляецца толькі ўнясенне ў пратакол прыкладных лічбаў, якія яму паведамілі раней. Гэтыя пратаколы цягам некаторага часу даступны для азнаямлення ўсіх прысутных на выбарчым участку. Затым старшыня і сакратар участковай камісіі разам са спакаванымі бюлетэнямі едуць у адміністрацыю. Пратаколы з участкаў правяраюцца кіраўніцтвам адміністрацыі і куратарамі з МУС і КДБ, і лічбы ў іх «падганяюцца» пад ужо ўзгоднены агульны вынік. Старшыні і сакратару застаецца толькі падпісаць канчатковы варыянт пратакола, лічбы ў якім і стануць так званымі «афіцыйнымі вынікамі». Натуральна, папярэдні пратакол знішчаецца.
Прывезеныя ж у выканкам бюлетэні выбаршчыкаў, дзе толькі і ўтрымліваеццца праўда аб выбарах, чакае «чалавек з дрылем». На выніку застаецца папяровае смецце – узнавіць бюлетэні больш немагчыма.
Аляксандр Лагвінец, які ў 2004 годзе балатаваўся ў Палату прадстаўнікоў па Сухараўскай выбарчай акрузе № 102, пацвердзіў «Нямецкай хвалі», што канчатковыя вынікі галасавання выводзяцца ў адміністрацыях. Лагвінец распавёў, што пасля паразы на парламенцкіх выбарах ён спрабаваў высветліць, як за яго прагаласавалі выбаршчыкі на кожным участку яго акругі. Ён звярнуўся ў сваю акружную камісію і Цэнтрвыбаркам, але яму адмовілі ў інфармацыі. Аляксандр Лагвінец лічыць, што не проста так. Ён перакананы, калі б яму удалося падсумаваць лічбы першапачатковых пратаколаў па кожным участку, дык агульны вынік не супаў бы з тым, які агучыла акружная камісія.
Каб папярэдзіць фальсіфікацыі бягучай прэзідэнцкай кампаніі, Аляксандр Лагвінец заклікае ўсіх прыйсці напрыканцы дня галасавання на свае ўчасткі, дачакацца афармлення пратакола і зрабіць яго копію, якую потым неабходна перадаць у штабы дэмакратычных кандыдатаў.