1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Шэсце як факт таго, што ў беларусаў як у народа ёсць перспектывы

Генадзь Канстанцінаў28 октября 2007 г.

Каля тысячы чалавек 28 кастрычніка ўзялі ўдзел у санкцыянаванай уладамі акцыі памінавення памерлых “Дзяды”, арганізаванай Кансерватыўна-хрысціянскай партыяй БНФ.

https://p.dw.com/p/BxRY

Сярод тых, хто прайшоў больш як дзесяцікіламетровы шлях ад гадзіннікавага заводу “Прамень” да народнага мемарыялу ва ўрочышчы Курапаты, дзе ў часе сталінскіх рэпрэсіяў адбываліся масавыя расстрэлы мірнага насельніцтва, былі блізкія загінулых ад рук энкавэдыстаў палітыкі, грамадскія дзеячы.

Удзельнікі шэсця, якое адбылося па ходніках уздоўж галоўнай магістралі беларускае сталіцы – Праспекта Незалежнасці, неслі нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі, гістарычныя штандары Мінска, партыйныя сцягі (апроч Кансэрватыўна-хрысціянскай партыі (КХП-БНФ), у акцыі бралі ўдзел і сябры Партыі БНФ, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

На расцяжках, што людзі трымалі ў руках, было напісана “Ніякага саюзу з імпэрскай Расеяй”, “Памятаем пра ахвяры расейскага тэрору”, “Свабоду Казуліну!”, “Свабоду Дашкевічу!” ды шмат чаго іншага. Пераважную большасць удзельнікаў шэсця складалі юнакі й дзяўчаты – сябры арганізацыяў “Малады Фронт”, “Маладыя дэмакраты”, “Ініцыятыва”. Лідэр “Моладзі БНФ” Алесь Каліта патлумачыў, чаму на “Дзяды” выйшлі прадстаўнікі маладога пакалення беларусаў.

“Улада не грэбуе ніякімі сродкамі асабліва для ўдушэння менавіта моладзі. Тыя ж самыя сродкі выкарыстоўваў сталінскі рэжым у 30-я гады. Гэтая праява такой беларускай салідарнасці, павагі да мужнасці нашых продкаў і ёсць тлумачэнне таго, што шмат моладзі выйшла сёння на праспект і ідзе гэтым шэсцем у памяць тых бязвінна расстраляных і закатаваных сталінскімі тэрарыстамі беларускіх грамадзянаў”.

Паводле меркавання намесніка старшыні КХП-БНФ Юрася Беленькага, факт адзначэння менавіта гэтага дня памінавення ёсць сведчанне таго, што ў беларусаў як у народа яшчэ захаваліся перспектывы.

“Калі нацыя пасля таго, што стала вядома пра Курапаты, перастане выходзіць на “Дзяды”, значыць, яна загінула, нават калі фізічна яна яще будзе існаваць. Але тое, што наш народ кожны год ідзе на “Дязды”, што ў Курапаты ўсё больш і больш прыходзіць нашых суайчыннікаў, гэта гаворыць, што наш народ на шляху адраджэння – духоўнага і фізічнага”.

Падчас руху супрацоўнікі дарожна-паставой службы на скрыжаваннях спрабавалі адправіць людзей у падземныя пераходы, але такія патрабаванні выклікалі абурэнне і ў арганізатараў акцыі, і проста ва ўдзельнікаў.

Тым не менш, амаль трохгадзіннае шэсце прайшло без здарэнняў, хаця непадалёк ад месца збору былі заўважаныя некалькі прыхаваных аўтазакаў і аўтобус са спецназаўцамі.

У Курапатах людзі адразу падышлі да адноўленага Крыжа пакуты, зламанага невядомымі вандаламі незадоўга да сёлетніх “Дзядоў”. Да яго падножжа ўдзельнікі акцыі памінавення ўсклалі кветкі, запалілі й паставілі знічкі і лампадкі. Пазней на так званай Курапацкай Галгофе адбыўся кароткі мітынг. Адзін з кіраўнікоў КХП-БНФ Валеры Буйвал выказаў абурэнне бяздзеяннем уладаў па расследаванні актаў вандалізму, якія здараюца ў Курапатах з жахлівай рэгулярнасцю.

“Гэта сведчанне таго, што цяпер у нашай краіне валадарыць рэжым, які не зацікаўлены ў ахове нашых нацыянальных святыняў. Ягоная зацікаўленасць, каб знішчыць гэтыя святыні, каб саштурхнуць наш еўрапейскі народ у бездань бяспамяцтва. Але мы, беларускія грамадзяне, не дамо гэта зрабіць ні вандалам, ні тым, хто стаіць за імі”.

Навуковы кіраўнік “Гісторыка-культурнай каштоўнасці – месца згубу ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 30-40-х гадоў “Курапаты”, як яны завуцца на афіцыйнай мове, Мая Кляшторная прыходзіць да ўрочышча ўжо дваццаць гадоў. Сёння яна таксама не знайшла ў міліцыянтаў, што пільнавалі людзей у часе мітынгу, адказу на пытанне, як прасоўваецца справа па вышуку злачынцаў. З пажылой жанчынай, бацьку якой, вядомага беларускага літаратара Тодара Кляшторнага, закатавалі энкавэдысты, нават ня сталі размаўляць.

“Курапаты – гэта тое месца, якое нам засталося ў спадчыну. Ці расстраляны мой бацька тут, ці ў Парку чалюскінцаў, ніхто мне дакладна не сказаў. Але памяць аб нашых продках, аб нашай гісторыі - яна тут, і таму Курапаты для мяне – гэта ўсё”.

Па завяршэнні мітынгу памяці грамадскія актывісты ўсталявалі на курапацкіх магілах шаснаццаць новых мемарыяльных крыжоў.

А 4 лістапада Кансерватыўна-хрысціянская партыя - БНФ збіраецца зладзіць акцыю ў Лошыцкім Яры на ўскраіне Мінску, дзе ў трыццатыя гады мінулага стагоддзя таксама сталіністамі было знішчана шмат бязвінных людзей.

Пропустить раздел Еще по теме