1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Што хаваецца ў вялікодным яйку?

Марына Мазуркевіч28 апреля 2008 г.

Праваслаўныя на Беларусі 27 красавіка адзначаюць Вялікдзень. З году ў год усё больш людзей прыходзяць на гэтае свята ў храмы, каб асвяціць сакральны сімвал свята – пафарбаваныя яйкі.

https://p.dw.com/p/Dps7
Дырэктар Музея беларускага народнага мастацтва Валянціна ПісарэнкаФото: DW

Вялікдзень лічыўся бадай што самым галоўным святам, калі на Беларусі не было яшчэ хрысціянства. З яго распачыналіся веснавыя работы на зямлі.

Спадчына паганцаў

Крывёй жывёлы паганцы фарбавалі яйкі – гэта была ахвяра на добры ураджай і абярэг на цэлы год.

Не толькі ў нас, але і ва ўсходніх народаў ёсць традыцыя: у дзень веснавога раўнадзенства адзін аднаго адорваць чырвонымі яечкамі, сімвалам працягу жыцця”, - распавядае дырэктар Музея беларускага народнага мастацтва Валянціна Пісарэнка.

У Чысты чацвер перад Вялікаднем у руках Валянціны звычайныя яйкі пераўтвараюцца ў пісанкі. Замест пэндзаля - драўляная палачка з наканечнікам. Гэта - пісальца.

Паводле Валянціны, есць тэхналагічная хітрасць: трэба яйкам вадзіць пад пісальцам - каб гэта яйка распісаць, то трэба каторы раз і паўдня прасядзець.

І што самае дзіўнае – з якой кропкі рысачка роспісу пачынаецца, у тую і вяртаецца. Атрымліваецца: куды ні ткні - на яйку пуп зямлі. У Беларусі часцей за ўсё выкарыстоўваюць пры роспісе салярныя знакі. У Валяніціны ўлюбёны арнамент - бясконцасць.

“А побач гэта фрыз ідзе – гэта сонейка, пасярэдзіне крыж – знак хрысціянства, рыба – знак хрысціянства, царква…”, - тлумачыць мастачка. Яна распісвае “жывыя” яйкі. Калі высмактаць з іх жаўток ды бялок, дык гэта, гаворыць Валянціна, не пісанка ўжо, а сувенір.

Якая ж пісанка без пісанкаркі?

Тых, хто распісвае яйкі, называюць “пісанкаркамі”. На погляд Валянціны, дык нічога дзіўнага ў тым няма, што займаюцца гэтай справай наўпрост жанчыны, бо не мужчынская гэта справа – жыццё працягваць. “Лелеяць яго, калыхаць, няньчыць – гэта ж усё жанчына”, - распавядае мастачка.

За апошнюю чвэрць стагоддзя Валянціна стварыла сотні пісанак. І ніводная з іх не паўтараецца. “У Філарэта ёсць маё яйка. У Доме міласэрнасці айцец Фёдар заказваў. І ў Лукашэнкі нават маё яйка ёсць”.

А тое яйка, што на нашых вачах распісвалася, у вёсцы Забудзькі каля Бабруйску зойме пачэснае месца за абразом ў “чырвоным” куце бацькоўскай хаты Валянціны Пісарэнкі.

Нашто людзям велікодныя яйкі

Ужо другі год Музеі архітэктуры і побыту Вялікдзень святкуюць у драўлянай Свята-Пакроўскай царкве 18 стагоддзя, якую доўгі час выкарыстоўвалі як залю для выстаў. Пакуль тут няма абразоў і іканастасу. Затое хутка з’явіцца адзінае драўлянае панікадзіла, якое захавалася на Беларусі.

“Гэта вялікі свяцільнік, які вісіць у цэнтры нефа царквы. Панікадзіла доўгі час захоўвалася ў запасніках. Да Вялікадня мы яго адрэстаўрыравалі”, - распавядае супрацоўнік музея Аляксандр Ісакаў.

Наведвальнікі і жыхары навакольных вёсак прыўшлі ў музей са сваімі яйкамі ды пірагамі. “У акрузе нідзе царквы няма, таму людзі прыязджаюць да нас для рытуальнага асвячэння вялікоднай ежы”, - тлумачыць Аляксандр.

Вернікі ў Светлую нядзельку разгаўляюцца асвячоным у царкве яйкам. Васьмігадовая Аленка ведае пра яшчэ адно прызначэнне велікоднага сімвала: “Каб у біткі гуляць. Чыё яйка не паб’ецца, той і перамог”.

А праваслаўныя святары тым часам спадзяюцца: “Паслухаўшы пацеры велікодныя, людзі адчуюць тую боскую ласку, якая бывае ў гэты дзень. І цалкам магчыма, што ў наступны раз прыйдуць у царкву ўжо не дзеля асвячэння ежы, а прычасціцца да царкоўнага жыцця”.