1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Шляхамі Міцкевіча

Марина Мазуркевич13 июля 2008 г.

Сёлета святкуецца 210-ты юбілей класіка сусветнай літаратуры Адама Міцкевіча. На беларускай зямлі захавалася шмат матэрыяльных слядоў прысутнасці паэта, творы якога прыводзілі ў захапленне Пушкіна, Гогаля і Герцэна.

https://p.dw.com/p/EbVb
Фото: DW / Marina Mazurkewitsch

Ужо чвэрць стагоддзя турысты ездзяць па “Міцкевіцкім шляху”, які палягае праз Завоссе, Навагрудак, Шчорсы, Тугановічы, Валеўку ды возера Свіцязь. Сёлета, калі святкуецца 210-ты юбілей Адама Міцкевіча, варта паглядзець на тыя сляды прысутнасці паэта, якія захаваліся на беларускай зямлі.

Вяртанне пана Тадэвуша

Біёграфы дагэтуль спрачаюцца, дзе нарадзіўся Адам Міцкевіч: ці то на хутары Завоссе пад Баранавічамі, ці то дзесьці пад Навагрудкам. Беларускія навукоўцы абгрунтоўваюць першую версію пісьмовым сведчаннем ягонага брата - Аляксандра Міцкевіча:

“Бацькі нашы ў 1798 годзе ў снежні паехалі ў Завоссе, і там 24-га нарадзіўся Адам. Акушэркай была Давідкова. Яна, жадаючы Адаму прыгатаваць лёс разумнага, узяла кнігу, на якой адрэзала ножыкам пупок дзіцяці. Трымаю я тую кнігу заўсёды ў памяці, быў гэта судовы працэс…”

Доўгі час у Завоссі пра Міцкевіча нагадвала толькі стэла, якую ў 20-я гады мінулага стагоддзя ўсталявалі палякі. Да 200-годдзя з дня нараджэння паэта сядзібу аднавілі.

“Па малюнках Эдварда Паўловіча – гэта мастак і паэт, сучаснік Адама Міцкевича – быў адноўлены гэты дом. А стаіць ён на падмурку таго старого дома. Першая сусветная вайна прайшлася тут. Тут была лінія фронта. Таму нічога не захавалася”, - тлумачыць Вольга, супрацоўніца Музея гісторыі беларускай літаратуры Вольга Гулева.

Не захавалася ніякіх дакументаў, якія б апісвалі інтэр’ер дома. Ды і рэчаў, што належалі паэту, тут не засталося. Таму экспазіцыю стваралі, карыстаючыся апісаннем радавога гнязда пана Тадэвуша – вядомага героя паэмы Адама Міцкевіча.

“Хаця мы разумеем, што Міцкевіч апісваў у “Пане Тадэвушы” палац. Хутчэй за ўсё, гэта была Валеўка”, - агаворваецца Вольга.

Завоссе – першы музей-сядзіба, дзе адноўлены быт польска-беларускай шляхты. Дом, гаспадарчыя пабудовы і калодзеж з жоравам, абнесеныя плятнём, а на беразе сажалкі - невялікая лазня – усё як у XIX стагоддзі. І чайкі крычаць не горш, і жабкі квакаюць.

Маці Божая выратавала Міцкевіча

Яшчэ адна загадка – пра шляхецкае паходжанне Міцкевіча. Па словах экскурсаводаў, дакументы, якія б яго пацвярджалі, згубіліся ў часе Расійскай імперыі. Вядома, што маці паэта Барбара выхоўвала дзяцей і вяла гаспадарку. Бацька Мікалай Міцкевіч служыў адвакатам пры навагрудскім судзе. Захаваліся толькі іх контурныя партрэты.

“Магчыма, другіх і не было, бо гэта была небагатая шляхта”, - тлумачыць экскурсавод музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку.

Але пра мураваны дом, пабудаваны бацькам паэта, гаворыць: “У той час дом Міцкевічаў быў самым лепшым у Навагрудку”.

Стол, за якім Адам і Францішак вучыліся, компас 18 стагоддзя, частка бібліятэкі, акуляры Адама – зараз фонды музея ўтрымліваюць больш за 5 тысяч экспанатаў.

З абразам Маці Боскай звязаная сямейная гісторыя. Чатырохгадовы Адам выпаў з акна, вельмі моцна разбіўся і страціў прытомнасць.

“Маці бярэ Адама на рукі і бяжыць у касцёл і доўга моліцца ля абраза Маці Боскай Навагрудскай. Падчас малітвы сын адкрывае вочы. У сям’і Міцкевічаў гэта лічаць вялікмі цудам. І пазней, калі Адам Міцкевіч стане паэтам, будзе пісаць паэму “Пан Тадэвуш” у эміграцыі, далека ад Радзімы, пачне з хвалы Маці Божай”.

У Беларусі Міцкевіча памятаюць. І Тугановіцкі парк, па сцежках якога ён шпацыраваў са сваёй каханай Марыляй Верашчакай. І дуб у Шчорсах, пад якім, паводле легенды, была напісаная паэма “Гражына”. І агромісты камень філарэтаў, ля якога сустракаліся сябры канспіратыўнага «Таварыства філарэтаў” - Томаш Зан, Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Ігнат Дамейка. А цяпер тут здымаюцца турысты. На памяць аб пройдзенным “Міцкевіцкім шляху”.