1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

"Чырвоным па беламу" - аб развіцці хіп-хоп культуры ў Беларусі

Юнэля Крупенька

3 лютага ў мінскім клубе “Рэактар” адбыўся вялікі рэп-фэст з удзелам больш чым 20 музычных гуртоў. Ен прысвечаны прэзентацыі дыска пад назвай “Б.Р.А.Т. Info №1”, які з’явіўся з ініцыятывы Беларускай Рэп-Асацыяцыі

https://p.dw.com/p/7w4X
Фото: PA/dpa

Арганізатары называюць гэтае мерапрыемства галоўнай падзеяй года ў айчыннай хіп-хоп культуры.

Назва “Б.Р.А.Т.” – гэта абрэвіятура, якая тлумачыцца як Беларуская Рэп-Асацыяцыя, а “Т” – проста прыстаўная літара. Да таго ж зварот “брат” даволі распаўсюджаны сярод моладзі, якая далучае сябе да хіп-хоп руху.

Хіп-хоп - гэта не проста стыль музыкі ці вопраткі. Гэта стыль жыцця. Такім чынам ва ўсім свеце, у тым ліку і Беларусі, жывуць тысячы маладых людзей, якія слухаюць пэўную музыку, носяць шырокія нагавіцы і шапку ў любы час году, таньчаць брэйк-данс проста на вуліцы, малююць графіці, катаюцца на роліках і рэгулярна тусуюцца ў начных клубах.

Хіп-хоп распачаўся ў сярэдзіне 70-х гадоў ХХ стагоддзя як спосаб самавыражэння малазабяспечаных жыхароў чорных кварталаў Нью-Ёрка. Рэп – гэта адзін з музычных накірункаў хіп-хоп культуры, аднак яго не спяваюць, а чытаюць. Першасна гарадская моладзь выкарыстоўвала рэп, каб выразіць свой пратэст супраць рэчаіснасці. Звычайна гэта адбывалася ў выглядзе спабору паміж падлеткамі, а мэтай рэпу было як мага мацней зняважыць суперніка, а яшчэ лепш – ягоную маці ці сястру.

Зараз хіп-хоп даўно ўжо выйшаў з падполля, у Амерыцы – гэта адна з самых прыбытковых галінаў шоў-бізнесу. Гісторыя хіп-хопу – гэта унікальны прыклад таго, як літаральна за адно пакаленне басяцкі фальклор становіцца формай масавай культуры, а дваровыя блазаны – суперзоркамі. Але гэта ўсё на Захадзе.

У Беларусі як раз такі хіп-хоп не прыносіць яго выканаўцам вялікіх прыбыткаў, але дапамагае ўздымаць перад грамадствам надзённыя пытанні. Так, беларускамоўны рэп-гурт «Чырвоным па беламу» хутка стаў папулярным дзякуючы сваёй ангажаванасці ў сацыяльна-палітычнай сферы. Выканаўцы не хаваюць за метафарамі сваіх поглядаў, а выказваюць іх у простых і канкрэтных тэкстах. Адну са сваіх кампазіцый «Хвіліна цішыні» музыкі прысвяцілі ахвярам Чарнобыльскай трагедыі.

Дарэчы, рэп на беларускай мове – даволі рэдкая з’ява. Той жа дыск Беларускай Рэп-Асацыяцыі “Б.Р.А.Т. Info №1” змяшчае толькі рускамоўныя кампазіцыі. Чаму беларусы пра свае праблемы спяваюць на рускай мове, незразумела і кіраўніку лейбла БМА-group Віталю Супрановічу, які дапамагаў у арганізацыі рэп-фэсту. Ён распавёў “Нямецкай хвалі”, што ў 2004 годзе яго кампанія выпусціла музычную хіп-хоп складанку “Пасадзіў DEAD RAPку”, якая цалкам была беларускамоўнай. Аднак дыск у асяродку рэп-слухачоў быў успрыняты вельмі асцярожна і не карыстаўся вялікай папулярнасцю, затое яго з задавальненнем набывалі астатнія аматары беларускамоўнай музыкі.

І ў той жа час, па словах Віталя Супрановіча, у Беларусі ёсць энтузіясты, якія займаюцца падрыхтоўкай альтэрнатыўнага рэп-фэсту, дзе ўсе каманды будуць чытаць рэп выключна па-беларуску. Але ёсць адна праблема – адпаведнае валоданне мовай. Бо нават такі вядомы хіп-хоп праект як “Чырвоным па беламу”, усе ўдзельнікі якога ў звычайным жыцці размаўляюць на беларускай мове, зрабіў памылку, прычым у самой назве. Па правілах беларускай граматыкі яна мусіць гучаць як “Чырвоным па белым”.