1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

У Мінску прэзентаваны Еўрапейскі слоўнік

Генадзь Канстанцінаў21 мая 2008 г.

У мінскай сядзібе БНФ прайшла прэзентацыя Еўрапейскага слоўніка аўтарства лінгвіста Лявона Баршчэўскага. Слоўнік ўтрымлівае 100 000 адзінак перакладу на 28 еўрапейскіх моваў.

https://p.dw.com/p/E3fZ
лінгвіст Лявон БаршчэўскіФото: DW / Olja Melnik

Ідэя стварэння EuroThesaurus – Еўрапейскага слоўніка – ў Лявона Баршчэўскага ўзнікла прыканцы 2003 году, калі лінгвіст у адной велізарнай кнігарні ў Празе ўбачыў безліч чэшска-іншамоўных слоўнікаў, нават чэшска-суахілі. Ведаючы практыку, што ў Беларусі да таго часу былі выдадзеныя адзінкі беларуска-замежных слоўнікаў, Баршчэўскі зведаў пэўную крыўду за родную мову.

“І вось у мяне ў галаве ўзнікла фантастычная ідэя зрабіць слоўнік адразу са многімі мовамі. Я палічыў, што афіцыйных моваў Еўразвязу 23, прыкінуў, што тут яшчэ нельга абмінуць нарвежскую, ісландскую і харвацкую мовы, бо гэта найбліжэйшыя кандыдаты на ўступленне ў Еўразвяз”, - распавядае Лявон Баршчэўскі і дадае, что ў Еўрапейскім слоўніке прысутнічае і lingua latina, бо “лацінская мова, якая калісці была ў нас фактычна адною з дзяржаўных, мусіць прысутнічаць - гэта наша агульная еўрапейская спадчына”.

Значэнне EuroThesaurus

Паводле словаў прафэсара Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэта Алены Таболіч, гэты слоўнік мае істотнае дыдактычнае значэнне: “У першую чаргу ён патрэбны студэнтам і выкладчыкам Ін’язу, якія займаюцца супастаўляльнымі працамі. Бо калі цяпер выконваюць супастаўляльныя працы, то мушыня глядзець адзін слоўнік, другі, трэці… А цяпер узяў адзін – і ўсё, і хутчэй”.

Як адзначыў намеснік старшыні партыі БНФ Вінцук Вячорка, праз пэўны час свет можа сутыкнуцца з праблемай англізацыі, і слоўнік Баршчэўскага можа адыграць і значную прыкладную ролю.

“Гэта тая праблема, з якой сутыкнуліся ў Еўрапарламенце і ірландцы, і мальтыйцы, іншыя народы, якія дамагліся цяпер прызнання іх моваў раўнапраўнымі ва ўжытку ў Еўрапарламенце, і цяпер сядзіць перакладчык з мальтыйскай, на і з ірландскай-гельцкай мовы, але я ўпэўнены, што калі-небудзь будуць і нашыя перакладнікі там тасама сядзець, і будзе ў іх гэты слоўнічак ляжаць, і яны будуць выкарыстоўваць ці ў друкаваным выглядзе, ці ў электронным, ці он-лайнам тое, што сёння зрабіў Лявон”.

Філолаг Уладзімір Сіўчыкаў мяркуе, што Еўраслоўнік Баршчэўскага можа быць скарыстаны і ў якасці цудоўнага сувеніра. “Едзеш за мяжу і ламаеш галаву: што б гэта мне падарыць? Няўжо зноў павязу гэту пляшку “Белавежскай” ці “Нарачанскі” хлеб? Я не супраць “Белавежскай” і не супраць “Нарачанскага” хлебу, але хай яны будуць дадаткам да слоўніка, які еўрапейцы-беларусы павязуць на свет цэлы”.

Кіраўнік Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, прафесар Адам Мальдзіс выказаў спрадзяванне, што на гэтым лінгвістычная праца Лявона Баршчэўскага не скончыцца. “У будучыню ўвойдзе, як мне здаецца, ужо не толькі EuroThesaurus, але глабальны Thesaurus. Яшчэ дабавіць сюдзы дзесятак-другі моваў, вядома, там будуць цяжкасці з пісьмёнамі – арабскімі, японскімі, кітайскімі, але мне здаецца, што гэта пад сілу сённяшняму нашаму юбіляру і аўтару, чаго яму і жадаю”.

Па завяршэнні афіцыйнае часткі прысутныя на імпрэзе ўзялі ўдзел у лінгвістычнай віктарыне, а іхны слых лашчыў струнны квартэт Беларускай акадэміі музыкі.