1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

У Гародні ўзбуджаная крымінальная справа па факце фальсіфікацыі подпісаў за А. Казуліна

7 апреля 2006 г.

Юлія Каспер была каардынатарам па збору подпісаў у штабе Аляксандра Казуліна. Супрацоўнік міліцыі запрасіў яе на допыт проста са студэнцкай аўдыторыі.

https://p.dw.com/p/8EZI

У міліцыі Юліі паведамілі, што нібыта ёсць сведчанні студэнтаў аб тым, што іхнія подпісы за Казуліна – фальшывыя. Юліі Каспер параілі супрацоўнічаць з міліцыяй, а таксама патрабавалі даць праўдзівыя сведчанні. У адваротным выпадку ёй пагражалі праблемамі з паспяховай вучобай і нават выключэннем з універсітэта. Адзін з міліцыянтаў сказаў, што са сведкі яна можа пераўтварыцца ў абвінавачваемую. Але Юлія, упэўненая ў сваёй невінаватасці, не дала згоды на графалагічную экспертызу.

На падставе санкцыі пракурора ў пакоі студэнткі ва ўніверсітэцкім інтэрнаце быў праведзены ператрус.

У Каспер забралі 12 мінулагодніх заяваў на ўступ у арганізацыю “Маладыя сацыял-дэмакраты”, якая зараз не існуе, а таксама канспекты лекцыяў, як лічыць студэнтка, для даследвання почырка. На думку Каспер, міліцыянты добра арыентаваліся ў яе пакоі і ведалі, дзе знаходзяцца яе рэчы. А вахцёрка інтэрната сказала Юліі, што напярэдадні ў яе адсутнасць, да яе ў пакой прыходзілі два чалавекі ў цывільным, якія паказалі пасведчанні супрацоўнікаў міліцыі. Пасля таго, як яны пайшлі, дзверы ў пакой засталіся незачыненымі.

Юлія Каспер паведаміла «Нямецкай хвалі», што яна падрыхтавала скаргу ў Гарадзенскую абласную пракуратуру на дзеянні пракурора Ленінскага раёна, а таксама супрацоўнікаў міліцыі, якія пагражалі ёй змяшчэннем у ізалятар.

“Яны ведалі, чым мяне палохаць”, - лічыць Юлія. – Бо для мяне турма – гэта жах”. Нядаўна яна была арыштаваная на 7 дзён у Мінску за ўдзел у акцыі на Кастрычніцкай плошчы.

Мама Юліі жыве ў Баранавічах і падтрымлівае актыўную грамадзянскую пазіцыю сваёй дачкі. “Мама ведае аб маім арышты ў Мінску, але адна справа, калі пасадзілі на суткі, а другая – калі пагражаюць крыміналам”, - гаворыць Юлія Каспер. Ёй здаецца, што за гэтыя дні яна стала старэйшай на 10 год.