У Беларусі ўзмацняецца ўціск на незалежныя медыі
16 января 2008 г.У сераду суд Чавускага раёну Магілеўскае вобласці вынес рашэнне па зыску рэдактаркі дзяржаўнай газеты “Ленинский клич” гораду Крычава Таццяны Іўкінай да заснавальніка газеты “Вольны горад” Уладзіміра Кудраўцава і былога супрацоўніка сваёй газеты (“Ленинский клич”) Валерыя Бысава. Як адзначалася ў зыску Іўкінай, у некалькіх нумарах “Вольнага гораду” больш як двухгадовае даўніны была апублікаваная не адпаведная рэчаіснасці інфармацыя, якая зневажала яе гонар і годнасць. Гаворка ішла пра публікацыю Бысава «Шесть лет в редакционном ГУЛАГе», якая друкавалася напрацягу жніўня-верасня 2004 году. Іўкіна патрабавала ў якасці кампенсацыі маральнай шкоды 10 мільёнаў рублёў (у пераліку больш за тры тысячы еўра). Пры канцы дня суд пастанавіў спагнаць з газеты і журналіста на карысць Іўкінай супольна 500 тысяч рублёў (больш за 150 еўра), і хоць сума не такая ўжо і вялікая, аднак будуць пададзеныя касацыйная скарга і сустрэчны зыск з боку выдання ўжо да Таццяны Іўкінай.
Асуджаны за прафесію
Тым часам у беларускай сталіцы асуджаны на 15 сутак адміністратыўнага арышту пазаштатны карэспандэнт незалежнага тыднёвіка “Наша ніва” Арсен Пахомаў. Ён выконваў заданне рэдакцыі па асвятленні несанкцыянаванай акцыі прадпрымальнікаў, якая адбывалася ў Мінску 10 студзеня. Карэспандэнта затрымалі нягледзячы на тое, што ён прад’явіў міліцыянтам журналісцкае пасведчанне. Тым не менш, суд не прыняў да ўвагі довады, што Пахомаў, знаходзячыся ў месцы адбывання акцыі, выконваў свой прафесійны абавязак.
Беспадстаўная канфіскацыя
Праз два дні пасля згаданых падзеяў таксама ў Мінску былі затрыманыя журналісты Галіна і Уладзімір Самойлавы і телэаператар Валеры Булдыка. Перад затрыманнем яны рабілі інтэрвью з вядомым эканамістам Паўлам Данейкам у таго дома. Тэмаю была акцыя прадпрымальнікаў і становішча з малым і сярэднім бізнесам і рынкавымі рэформамі ў Беларусі. Журналістаў даставілі ў міліцыэйскі пастарунак і праз тры гадзіны адпусцілі, адбраўшы здымачную апаратуру, відэакасеты і фотаапарат. Каб атрымаць тэхніку назад, журналісты цяпер мусяць даказаць, што яна належыць менавіта ім, а здымкі вяліся афіцыйна.
Міжнародная занепакоенасць
«Мы занепакоеныя апошнімі арыштамі і затрыманнямі фрыланс-журналістаў у Мінску і заклікаем беларускія ўлады вызваліць арыштаванага калегу і вярнуць абсталяванне астатнім», - гаворыцца ў заяве дырэктара Камітэту абароны журналістаў (ЗША) Джоэля Саймана. «Беларускія ўлады павінныя спыніць пераслед журналістаў за іх працу», - лічыць ён.
Бяспраўе беларускіх незалежных журналістаў
На думку старшыні зарэгістраванага ў Літве беларускага “Праваабарончага альянса” Людмілы Гразновай, беларускі журналіст, калі ён з’яўляецца незалежным, ёсць гэткім жа бяспраўным, як і астатнія прадстаўнікі грамадзянскае супольнасці Беларусі:
“Улада вельмі баіцца незалежнай, вольнай журналістыкі. Доказам гэтага з’яўляецца закрыццё газет, вельмі абмежаванае радыёвяшчанне, адсутнасць нейкіх свабодных праграм на тэлевізіі. І калі нехта з’яўляецца нехта тут, у Беларусі, і пачынае дзейнасць ад імя незалежных выданняў, ад імя вольнага, незалежнага тэлебачання, улада адразу ж пачынае таго прыцісняць”.
Прысуд журналісту абяцаюць агалосіць адкрыта
І яшчэ. 16 студзеня ў Мінскім гарадскім судзе за зачыненымі дзвярыма адбываліся судовыя спрэчкі па крымінальнай справе ў дачыненні незалежнага журналіста Аляксандра Здвіжкова, якога абвінавачваюць у распальванні рэлігійнае варожасці. Яму ставяць за віну публікацыю на старонках недзяржаўнае газеты “Згода”, насмеснікам рэдактара якой Здвіжкоў на той час з’яўляўся, перадруковак карыкатураў на Прарока Мухамеда з адной з дацкіх газет некалькі гадоў таму. Калі суд прызнае журналіста вінаватым, то яму пагражае ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі. Мусульманскія духоўныя лідэры Беларусі не жадаюць пакарання Здвіжкова, а незалежныя эксперты перакананыя, што справу даўно трэба было спыніць з-за адсутнасці ў дзеяннях Здвіжкова складу злачынства. У чацвер журналіст выступіць з апошнім словам, і, магчыма, ужо ў гэты дзень будзе вынесены прысуд. Суддзя Мінгарсуду Раман Аніскевіч, які вядзе справу, абяцае журналістам публічна агучыць сваё рашэнне.