У Беларусі завершыўся "Нямецкі тыдзень"
9 октября 2006 г.Прыкладам, для Берасця гэтае мерапрыемства апынулася карысным тым, што абласная бібліятэка імя Горкага і грамадская арганізацыя "Таварыства сяброў Берасця" зх нямецкай зямлі Бадэн-Вюртэнберг падпісалі дамову пра супрацу.
Дагэтуль самая буйная бібліятэка берасцейскага рэгіёну мела кантакты з Інстытутам Гётэ з беларускай сталіцы, што дазваляла рэгулярна ладзіць мерапрыемствы, прысвечаныя нямецкай мове, культуры, выяўленчаму мастацтву. Наведнікі бібліятэкі дагэтуль памятаюць адную з імпрэзаў ў рамках паэтычнага дыялогу “Каардынаты сучаснасці”, калі Берасце наведалі нямецкія пісьменнікі і вядомы беларускі паэт Алесь Разанаў, які прэзентаваў сваю кнігу “Кропка, кропка, працяжнік”. Гэтая кніга складалася з вершаваных перакладаў Алеся Разанава твораў нямецкіх аўтараў.
Але, як лічыць намеснік дырэктара бібліятэкі Галіна Бурына, падпісанне паўнавартаснай дамовы з арганізацыяй “Таварыства сяброў Берасця”, якая аб’ядноўвае жыхароў нямецкіх гарадоў Равэнсбург, Вайнгартэн, Байнфурт, Байнд і Берг, значна пашырае магчымасці для далейшай супрацы.
“Праект доўгатэрміновы і прадугледжвае ахвяраванне літаратуры на нямецкай мове, якую збіраюць жыхары гэтых гарадоў. Першую партыю – каля 200 кніг – мы ўжо атрымалі. Гэта літаратура па азнаямленні з краінай, мастацкая літаратура, літаратура па мастацтве, энцыклапедыі – усё тое, што цікавіць нашых студэнтаў і школьнікаў, з улікам спецыялізаваных навучальных установаў, спецыялізаваных факультэтаў”.
Галіна Бурына таксама паведаміла, што паводле ўмоваў падпісанага пагаднення Берасцейская абласная бібліятэка імя Горкага бярэ на сябе абавязак прадстаўляць нямецкім дэлегацыям зямлі Бадэн-Вюртэнберг памяшканні ў сваёй установе дзеля правядзення разнастайных імпрэзаў. Пачаткам сталіся літаратурныя чытанні ў рамках “Нямецкага тыдня” і адкрыццё выставы нямецкага рэкламнага плакату ХХ стагоддзя. 9 кастрычніка ў бібліятэцы пройдзе яшчэ адная вечарына, прысвечаная творчасці лаўрэата Нобелеўскай прэміі Генрыха Бёля.