1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Творчае жыццё ў Беларусі цягам перадвыбарчай кампаніі значна палітызавался

Юнэля Крупенька

На днях вядомы беларускі поп-гурт «Краскі» дэклараваў сваю падтрымку А. Мілінкевічу. Раней у яго шэрагі ўвайшлі некалькі тузінаў айчынных музычных каманд. Сярод іх – малады рэп-гурт «Чырвоным па беламу».

https://p.dw.com/p/893U

Рэп-гурт «Чырвоным па беламу» – новая з'ява ў беларускай музычнай культуры. Гэта адна з самых радыкальных каманд, песні якой – наўпроставы выклік уладзе і канкрэтна дзеючаму прэзідэнту. «Чырвоным па беламу» рэдка запрашаюць выступаць на адкрытых пляцоўках, паколькі арганізатары небеспадстаўна засцерагаюцца далейшага пераследу з боку ўладаў. Да і самі музыканты «Чырвоным па беламу» імкнуцца не выходзіць з падполля. Іх дыскі нідзе не прадаюцца, песні магчыма спампаваць толькі ў сеціве, свае твары выканаўцы хаваюць пад балахонамі, з журналістамі камунікуюць пераважна па тэлефоне ці праз інтэрнет. «Нямецкай хвалі» ўдалося адшукаць аднаго з удзельнікаў праекта, які называе сябе Кроў, у адной з еўрапейскіх краінаў, дзе выканаўца запісвае свой сольны альбом.

Рэпертуар «Чырвоным па беламу» – цалкам беларускамоўны. Кроў распавёў, што асноўнай мэтай праекта было заявіць пра сябе ў асяродку айчынных рэпераў, зацікавіць іх беларускай мовай, пачаць новую эру сапраўднага беларускага хіп-хопу.

“Чырвоным па беламу- гэта не гурт больш, а праект. Ён узнік менавіта дзеля таго, каб зрабіць пачатак беларускай мовы ў рэпе... Зараз мы дасягнулі свайго цэлю, і ўсё і больш з’яўляецца гуртоў, якія пачынаюць вяшчаць на беларускай мове”.

Асноўная тэматыка песень «Чырвоным па беламу» – раскрыццё востра сацыяльных і палітычных праблемаў сучаснай Беларусі, у тым ліку ёсць кампазіцыя, прысвечаная зніклым апанентам улады. Музыканты адкрыта выказваюць свае палітычныя погляды, дзякуючы чаму карыстаюцца папулярнасцю не толькі сярод аматараў рэпу. Адзін са сваіх альбомаў «Вулічныя байцы» выканаўцы прысвяцілі сябрам руху «Зубр», «Малады Фронт» і ўсім патрыётам Беларусі, хто ў складаных умовах будуе незалежную і дэмакратычную будучыню сваёй краіны.

Адным з першых «Чырвоным па беламу» дэкларавалі свой удзел у інтэрнет-кампаніі «Музыкі за Свабоду», якую ініцыяваў сайт Аляксандра Мілінкевіча. Рэп-кампазіцыя «Не жадаю» ўвайшла ў складанку «Песні свабоды», якая была складзена па выніках народнага галасавання. Кроў адзначыў, што яскравая грамадзянская пазіцыя «Чырвоным па беламу», натуральна, можа выклікаць рэпрэсіі супраць бескампрамісных музыкаў. Але страх, па перакананні Крова, неабходна ў сябе пераадольваць, каб казаць людзям праўду.

“Вядома, што баімся, але страх трэба пераконваць у сябе. Калі не мы, дык хто, узнікае такое пытанне... Перад усім, нашыя бацькі, вельмі пазітыўна ставяцца да таго, што мы робім, і падтрымліваюць нас, як толькі могуць. Дарэчы, вялікае ім дзякуй за гэта”.

Праект “Чырвоным па беламу” часта параўноўваюць з украінскай рэп-камандай GreenJolie, кампазіцыя якіх «Разам нас багата» стала гімнам памеранчовай рэвалюцыі. Аб тым, каб выступіць на Плошчы ў дзень перамогі над дыктатурай, мараць і беларускія рэперы. Кроў прызнаўся, што ягоная мара як грамадзяніна і музыкі -

“...гэта перад ўсім, каб урэшце Беларусь стала нармальнай краінай, што вольнай, гэта само сабой зразумела, а мне б хацелася проста, каб яна была нармальнай... каб людзі ведалі... сваю гісторыю, шанавалі традыцыі і культуру. Вось такая ў мяне невялічкая мара”.

-падкрэсліў выканаўца рэп-праекта “Чырвоным па беламу” Кроў.