1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Сяргей Скрабец пойдзе ў прэзідэнты

Генадзь Канстанцінаў14 апреля 2008 г.

Экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў заявіў аб сваім удзеле ў наступных прэзідэнцкіх выбарах 2011 году. Яго падтрымліваюць былыя калегі-дэпутаты, а незалежныя эксперты лічаць гэта паступкам “гульца-адзіночкі”.

https://p.dw.com/p/DhU5
Сяргей СкрабецФото: bymedia

Ініцыятарамі вылучэння Сяргея Скрабца кандыдатам на прэзідэнта выступілі былыя дэпутаты парламента Уладзімір Парфяновіч і Валеры Фралоў. Сам палітык так матывуе сваё рашэнне: “На сённяшні дзень апазіцыя, наколькі я бачу, не рыхтуе свайго адзінага кандыдата. Лукашэнка будзе ўдзельнічаць у выбарах, і іх вынік загадзя перадвырашаны. Казулін, на жаль, яшчэ будзе сядзець тры з паловаю гады, таму я лічу, што ў такіх умовах ужо сёння трэба пачынаць падтыхтоўку да выбараў”.

Мэта - парламенцкая рэспубліка

Паводле Сяргея Скрабца, “сітуацыя такая, што дакладнай праграмы па далейшым развіцці краіны ні ў апазіцыі, ні ў цяперашняй улады цяпер няма, таму я лічу, што ў нас сёння ёсць магчымасць заявіць грамадству аб тым, чаго б мы хацелі”.

Першая задача, якую бачыць перад сабою Скрабец, - змяніць форму дзяржавы. “У нашай краіне няма неабходнасці ў прэзідэнцкай рэспубліцы, паколькі гэта вядзе да канцэнтрацыі ўлады, аўтарытарызма і, у рэцше рэшт, да таталітарызма. У нас павінная быць парламенцкая рэспубліка”.

На пытанне, на каго збіраецца абапірацца палітык пад час кампаніі па выбарах прэзідэнта, Сяргей Скрабец адказаў такім чынам: “На сённяшні дзень самыя прагрэсіўныя ў Беларусі сілы – гэта моладзь і прадпрымальнікі. Я сам з былых прадпрымальнікаў, і паколькі гэта самыя рэвалюцыйныя класы, я разлічваю на іх. Сёння мяне падтрымлівае моладзевы рух Каліноўскага, былыя дэпутаты групы “Рэспубліка” і, канешне, я разлічваю на грамадзянскае насельніцтва, якое пакуль абалваненае сённяшняй ідэалогіяй, але, тым не менш, людзей, якія думаюць, вельмі шмат”.

“З боку апазіцыі ніякай падтрымкі не будзе, яны заўсёды да нашай дэпутацкай групы замест таго, каб працаваць разам, ставіліся як да канкурэнтаў, - адзначае былы парламентар з групы “Рэспубліка” Уладзімір Парфяновіч. – А падтрымка павінная быць. Адзінае, што сам Сяргей пакуль не вызначыўся, з захаду, з усходу ці ён пасярэдзіне”.

Уладзімір Парфяновіч не лічыць, што Сяргей Скрабец пачаў саю прэзідэнцкую гонку занадта рана: “Нават запозна! Рана ніколі не бывае, таму што ў Беларусі прабіцца ў сродкі масавай інфармацыі практычна немагчыма. Таму для яго гэта нармалёвы час. Яшчэ ёсць час, каб стацца пазнавальным, таму што адзіныя, каго ў нас сёння пазнаюць, гэта Мілінкевіч і Лябедзька. Астатнія – шэрыя конікі”.

Вольны мастак у палітыцы

Сустаршыня Палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі Анатоль Лябедзька не гатовы сур’ёзна ўспрымаць прэзідэнцкія памкненні Сяргея Скрабца.

“Я да гэтага стаўлюся з пазітыўным гумарам. Кожны шукае сваю нішу, нейкую дзялянку. Людзі па-рознаму ствараюць інфармацыйныя нагоды, каб пра іх гаварылі, а гэта таксама такая нагода. Ёсць у чалавека амбіцыі, а наколькі амбіцыі супадаюць з магчымасцямі і патэнцыялам, гэта ўжо іншае пытанне. Я думаю, што Скрабец не першы і не апошні, хто такім чынам захоча заявіць пра сябе”, - падкрэсліў Анатоль Лябедзька.

Паводле лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, “зараз якраз найгалоўнейшае – дамовіцца асноўным палітычным структурам, бо пытанне вылучэння кандыдатаў – гэта пытанне сур’ёзных арганізаваных структур, а не сітуацыя, як кажуць, “саабразіць на траіх”.

Палітолаг Валеры Карбалевіч лічыць, што намеры Сяргея Скрабца не адаб’юцца на выбарчых планах аб’яднанай апазіцыі: “Я думаю, што гэта ніяк не паўплывае на вылучэнне адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў. Гэта палітык-адзіночка, які робіць нейкія рэчы больш уадзіночку – нейкія мітынгі на плошчы Бангалор, куды прыходзяць 20-40 чалавек. “Вольны мастак” у палітыцы. Але такія таксама павінныя быць”.