1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Слуцкія паясы – гонар беларускае нацыі

Генадзь Канстанцінаў6 мая 2008 г.

У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі распачалася выстава “Слуцкія паясы”, на якой прадстаўленыя 6 унікальных узораў прадметаў нацынальнага гонару беларусаў. Па розных абставінах выстаўленыя паясы цяпер належаць Расіі.

https://p.dw.com/p/DuUr
Нацыянальныя беларускія касцюмы (фота з архіву)Фото: AP

Слуцкія паясы, якія з’яўляюцца нацыянальнай рэліквіяй беларускага народу, прызнаныя ва ўсім свеце ўнікальным відам ручнога ткацтва і сваеасаблівым сімвалам самавызначэння беларускай нацыі. Гэтыя паясы ствараліся цягам ста гадоў – ад сярэдзіны XVIII да першай паловы XIX стагоддзяў на тутэйшых мануфактурах, найвядомейшай з якіх была ў горадзе Слуцку. На выставе прадстаўленыя шэсць цэлых і чатыры фрагменты Слуцкіх паясоў са сховішчаў расійскага Дзяржаўнага гістарычнага музея ў Маскве, а таксама беларускага Нацыянальнага мастацкага музея.

Як адзначыў на адкрыцці выставы (на якое, апроч высокіх беларускіх чыноўнікаў, прыехалі і высокапастаўленыя асобы з Расіі, а таксама акрэдытаваныя ў Беларусі замежныя дыпламаты) міністр культуры Беларусі Уладзімір Матвяйчук, “да пачатку Вялікай айчыннай вайны ў Беларусі было некалькі дзесяткаў паясоў. Так атрымалася, што на сённяшні дзень гэтыя творы мастацтва, а па-іншаму нельга казаць, вынік ювелірнай працы беларускіх майстраў, можна злічыць на пальцах аднае рукі. І тое, што мы сёння маем магчымасць убачыць гэтыя творы мастацтва, натуральна, гэта падзея для музея, для беларускіх людзей”.

Вартасць Слуцкіх паясоў адзначыў і старшыня Падліковай палаты Расійскай Федэрацыі Сяргей Сцяпашын, які наўпрост спрычыніўся да арганізацыі выставы: “Тут і элементы Візантыі, тут нешта і ўсходнееўрапейскае, і заходнееўрапейскае, і, самае галоўнае, нацыянальнае беларускае. Больш за тое, яны былі пэўным атрыбутам прыналежнасці да беларускай арыстакратыі. Дарэчы, слова “арыстакратыя” нічога кепскага ў сабе не нясе: калі чалавек прыстойны, калі ён любіць сваю зямлю, калі ён разумны, калі ён умее працаваць, і калі такім чынам ён вызначае свой гонар, як і добрую форму апранання, гэта таксама не ганебна”.

Сімвалы Беларусі

Паводле словаў старшыні Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, прафесара Адама Мальдзіса, у Беларусі не так шмат рэчаў, якія ёсць знакавымі і таму робяць краіну пазнавальнай у свеце: “Гэта, перад усім, Крыж Еўфрасінні Полацкай, гэта Слуцкія паясы, гэта Урэцкае і Налібоцкае шкло, якое выраблялася ў той жа час, як і Слуцкія паясы, гэта, натуральна, наша літаратура, якая цікавая свету сваім этнаграфізмам, гэта нашы памятныя мясціны – Нясвіж, Полацк, Мір і Белавежская пушча, якая таксама вядомая сёння ва ўсім свеце і будзе адзначаць па лініі ЮНЭСКА сваё шасцісотгоддзе як помніка культуры”.

Як заўважыў навуковец, у XVIII стагоддзі Слуцкія паясы былі настолькі папулярныя ў Еўропе, што ўзнікалі падробкі: “У Кабылках пад Варшавай, у французскім Ліёне вырабляліся паясы, якія выдаваліся за Слуцкія паясы, але Слуцкага Знаку на іх не было. Але нават гэтыя падробкі цэняцца сёння вельмі высока”.

Адам Мальдзіс звярнуў увагу прысутных на сваеасаблівы парадокс: “На Радзіме Скарыны амаль няма скрынаўскіх выданняў, Слуцкіх паясоў амаль няма, пераважна фрагменты. Скептыкі кажуць: дастаткова гэтых фрагментаў, чаго мы так хвалюемся аб Слуцкіх паясах? Ды не. Кожны Слуцкі пояс непаўторны па сваім узоры, па выкананні, то бок, Слуцкіх паясоў у нас шмат быць не можа”.

Важнасць для нацыянальнай свядомасці

Старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў падкрэсліў надзвычайную важнасць гэтае выставы: “Калі кожны, хто кажа, што ў нас нічога такога няма, убачыць гэтыя паясы, то шмат чаго зразумее. Таму экспазіцыя гэтых паясоў у нашым глоўным музеі мае вялікую каштоўнасць для ўздыму нацыянальнае свядомасці”.

Падчас адкрыцця выставы было закранутае пытанне магчымага вяртання альбо хаця б сталага знаходжання рэліквіяў у Беларусі праз абмен Слуцкіх паясоў на нейкія рэчы, што знаходзяцца ў сховішчах беларускіх музеяў і якія з’яўляюцца каштоўнымі для расіянаў. Паводле гісторыка Алега Трусава, “пачатак ужо пададзены, і нават расійскія госці казалі, што можна абмяняць. Дарэчы, у нас шмат твораў рускага класіцызму. Тыя паясы, якія яны прывезлі, былі прададзеныя ў Расію, то бок, сказаць, што іх вывезлі ў вайну, - не скажаш. Гэтыя можна альбо выкупіць, альбо абмяняць. Той жа расійскі музей казаў, што ён не супраць. Калі ў іх сорак паясоў, то пяць-шэсць абмяняць яны ў стане. Я думаю, што трэба ісці на такія абмены і павялічваць калекцыю паясоў”.

Выстава “Слуцкія паясы” будзе працаваць у Нацыянальным мастацкім музеі ў Мінску да 22-га красавіка наступнага году. Па гэтым часе, як паабяцаў Сяргей Сцяпашын, можа быць вырашанае пытанне аб яе доўгатэрміновым працягу.