1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Правы чалавека ў Беларусі: падзеі тыдня

22 января 2010 г.

Human Rights Watch назвала імёны чатырох беларускіх палітвязняў, Генпракурор Беларусі адстойвае пакаранне за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, Міжнародная федэрацыя журналістаў асуджае папярэджанне БАЖ.

https://p.dw.com/p/LeWA
На столе лежит молоток судьи - символ правосудия
Фото: picture-alliance/ dpa

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch прызнала былых ваўкавыскіх прадпрымальнікаў і моладзевага актывіста палітычнымі зняволенымі, Генеральны пракурор Беларусі не будзе настойваць на адмене артыкула, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, Міжнародная федэрацыя журналістаў выступіла з заявай з нагоды вынясення Мінюстам афіцыйнага папярэджання Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ).

Справаздача Human Rights Watch

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch прызнала былых ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенку, якія зараз у чаканні суда знаходзяцца ў следчым ізалятары, іх калегу Юрыя Лявонава, вызваленага ў жніўні 2009 году, а таксама актывіста арганізацыі "Малады фронт" Арцёма Дубскага, які адбывае пакаранне ў калоніі, палітычнымі зняволенымі. Пра гэта гаворыцца ў дваццатай штогадовай справаздачы арганізацыі пра выкананне правоў чалавека ў свеце.

Што да Беларусі, то справаздача Human Rights Watch канстатуе пагаршэнне ў краіне сітуацыі з правамі чалавека ў 2009 годзе. Апроч названых вышэй новых палітзняволеных, у дакуменце згадваецца разгон некалькіх мірных вулічных акцый апазіцыі, адмова ў рэгістрацыі па неабгрунтаваных прычынах дзвюх няўрадавых структур - праваабарончага грамадскага аб’яднання "Наша вясна" і Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый, а таксама трох недзяржаўных выданняў – "Новая газета Бабруйска", "Магілёўскі час" і "Наша парвінцыя".

Логотип Human Rights Watchна фоне карты мира
Human Rights Watch канстатуе пагаршэнне ў краіне сітуацыі з правамі чалавека ў 2009 годзе

Генпракурор супраць адмены спрэчнага артыкула

Пад час свайго выступу перад журналістамі 21 студзеня Генеральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч заявіў, што артыкул 193 прым. Крымінальнага кодэксу Беларусі, які прадугледжвае пакаранне ажно да двух гадоў пазбаўлення волі за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, не супярэчыць заканадаўчым нормам і нормам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Рыгор Васілевіч паведаміў, што не збіраецца прапаноўваць Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу пераглядаць наяўнасць у крымінальным заканадаўстве гэтага артыкула.

На думку кіраўніка юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінскага камітэту (БХК) Гары Паганяйлы, Рыгор Васілевіч не мае рацыі, калі кажа пра несупярэчлівасць артыкула 193 прым. заканадаўству. Па словах юрыста, гэты артыкул Крымінальнага кодэксу супярэчыць канстытуцыі, а таксама Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах ды іншым дагаворам у галіне правоў чалавека, да якіх прычынілася Рэспубліка Беларусь. Гэты артыкул, адзначае Гары Паганяйла, абмяжоўвае дзейнасць грамадзянскіх ініцыятываў і структур, якія могуць дзейнічаць і незарэгістраванымі.

Кіраўнік юрыдычнае камісіі БХК сцвярджае, што такога абмежавання, якім прадугледжана крымінальная адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, нідзе ў свеце няма. "І Васілевіч, які ёсць добрым навукоўцам-канстытуцыяналістам, відаць, зусім заплюшчвае вочы на праблемы адпаведнасці падобнай нормы Канстытуцыі, ужо знаходзячыся на пасадзе Генеральнага пракурора", - мяркуе юрыст.

Гары Паганяйла нагадвае, што гэтая норма Крымінальнага кодэксу ўжо прызнана і еўрапейскімі кампетэнтнымі органамі як супярэчлівая міжнароднаму заканадаўству. "Еўропа патрабуе адмяніць дадзеную норму, таму я мяркую, што гэтая мышыная валтузня вакол артыкула 193 прым., якую ладзяць нашы чыноўнікі, ставіць за мэту набіць яшчэ крыху цану, каб выставіць на гандаль і гэту праблему ва ўзаемадачыненнях з Захадам", - заявіў праваабаронца.

Старшыня БАЖ Жанна Літвіна
Старшыня БАЖ Жанна ЛітвінаФото: Bymedia

Нагадайма, што праз артыкул 193 прым. КК да крымінальнай адказнасці ў Беларусі ўжо былі прыцягнуты 17 чалавек, некаторыя з іх правялі працяглы час за кратамі.

МФЖ пратэстуе супраць папярэджання БАЖу

Міжнародная федэрацыя журналістаў (МФЖ) прыняла адмысловую заяву, дзе рашуча асуджае афіцыйнае папярэджанне, якое Міністэрства юстыцыі Беларусі вынесла Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ).

13 студзеня Міністэрства юстыцыі вынесла БАЖу пісьмовае папярэджанне, бо лічыць, што на пасведчанні сябраў БАЖ неправамерна змешчаны надпісы "Прэса" і Press, у той час як гэтае грамадскае аб’яднанне не з’яўляецца сродкам масавай інфармацыі. Да таго ж, Мінюст лічыць, што дзейнасць Цэнтру прававой абароны СМІ пры БАЖ не прадугледжана статутам арганізацыі. “Больш за тое, задачы дадзенага фарміравання, выкладзеныя ў палажэнні аб ім, выходзяць за межы статутных задач ГА "БАЖ", лічыць Міністэрства юстыцыі. "Апрача пералічанага, на сайце аб’яднання змешчана інфармацыя аб мэтах дзейнасці ГА "БАЖ", якія не адпавядаюць статутным", - заканчвае пералік сваіх прэтэнзій Міністэрства юстыцыі Беларусі.

Незаконныя прэтэнзіі

Абвінавачванне журналісцкай асацыяцыі ў незаконнай выдачы пасведчанняў ёсць прыкметай таго, што ўлады Беларусі ў сваім непрыманні незалежных медыяў канчаткова згубілі пачуццё меры і рэчаіснасці, заявіў генеральны сакратар МФЖ Эйдан Уайт. Кіраўнік Федэрацыі лічыць, што чыноўнікі выкарыстоўваюць любую бюракратычную зачэпку, каб выціснуць жыццё з незалежнай журналістыкі. "Беларускі ўрад такім чынам выставіў сябе на смех перад усёй Еўропай", - падкрэсліў Эйдан Уайт.

Коллаж - пресса под прицелом
Кіраўніцтва БАЖ лічыць папярэджанне Мінюста не адпаведным заканадаўству

У сваёй заяве Міжнародная федэрацыя журналістаў адзначае, што БАЖ з’яўляецца арганізацыяй-сябрам МФЖ і "вядучым голасам, які выступае за свабоду прэсы і незалежную журналістыку ў краіне".

"Выглядае на тое, што БАЖ спрабуюць пакараць за мужнасць, лідэрства і ўпартасць у барацьбе за правы яе сябраў", - заявіў судырэктар Еўрапейскай федэрацыі журналістаў Марк Грубер. Паводле яго словаў, гэта не справа ўладаў - вызначаць, хто з’яўляецца журналістам і хто мае права валодаць прэс-картай. "Адзінае, у чым вінаватыя нашы калегі з БАЖ, - гэта тое, што яны з’яўляюцца прадстаўнікамі журналісцкай супольнасці", - падкрэсліў Марк Грубэр.

Кіраўніцтва Беларускай асацыяцыі журналістаў лічыць папярэджанне Мінюста не адпаведным дзейнаму заканадаўству, абвяргае выстаўленыя чыноўнікамі прэтэнзіі і будзе абскарджваць дзеянні Міністэрства юстыцыі ў Вярхоўным судзе Беларусі.

Аўтар: Генадзь Канстанцінаў
Рэдактар: Уладзімір Дорахаў

Пропустить раздел Еще по теме