1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Правы чалавека ў Беларусі: падзеі тыдня

18 декабря 2009 г.

Еўрапарламент заклікаў беларускія ўлады адмяніць палітычныя прысуды і смяротнае пакаранне, у Мінску прайшла акцыя супраць выкраданняў людзей, працягваецца ціск на актывістаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.

https://p.dw.com/p/L89m
Фото: picture-alliance/ dpa

Еўрапейскі парламент у прынятай на гэтым тыдні рэзалюцыі заклікаў адмяніць у Беларусі вынесеныя раней палітычна абумоўленыя крымінальныя прысуды, а таксама ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне, у цэнтры Мінска апазіцыя правяла акцыю супраць выкрадання дэмакратычных актывістаў, беларускія ўлады працягваюць ціск на заснавальнікаў і актывістаў партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя".

Рэзалюцыя Еўрапарламента

17 снежня Еўрапейскі парламент большасцю галасоў прыняў рэзалюцыю па Беларусі, дзе адзначыў, што пасля шэрагу станоўчых крокаў беларускіх уладаў у краіне няма істотнага прагрэсу ў галіне правоў чалавека. Перад пачаткам галасавання ў праект рэзалюцыі быў уведзены заклік да беларускіх уладаў расследаваць выпадкі выкрадання моладзевых актывістаў, а таксама гібелі сябра партыі БНФ з Мар'інай горкі, распаўсюдніка незалежнай прэсы Валянціна Доўнара.

Еўрапейскі парламент
Еўрапейскі парламентФото: DW

Дэпутаты Еўрапарламента чакаюць, што ў 2010 годзе беларускія ўлады рэфармуюць закон "Аб сродках масавай інфармацыі" і прывядуць яго ў адпаведнасць з рэкамендацыямі міжнародных экспертаў, адменяць артыкул, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, дазволяць рэгістрацыю палітычных партыяў і грамадскіх аб'яднанняў, а таксама створаць спрыяльныя ўмовы для працы няўрадавых арганізацыяў і незалежных мас-медыя.

У рэзалюцыі ўтрымліваецца таксама заклік да беларускіх уладаў перагледзець прысуды, вынесеныя ў 2007 годзе фігурантам "Працэсу чатырнаццаці", у тым ліку Арцёму Дубскаму, які зараз знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі, і тэрмінова вызваліць з-за кратаў былых ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенку. Еўрапейскія дэпутаты настойваюць на неадкладным увядзенні ў Беларусі мараторыя на смяротнае пакаранне, а таксама на прызнанні ўладамі Саюза палякаў на Беларусі на чале з Анжалікай Борыс і выкананні правоў нацыянальных меншасцяў.

Акцыя супраць выкраданняў людзей

16 снежня у цэнтры Мінску прайшла акцыя апазіцыі пад лозунгам "Не - палітычнаму тэрору!". На Кастрычніцкую плошчу сталіцы выйшлі больш за пяцьдзесят чалавек, каб выказаць пратэст супраць гвалтоўных выкраданняў актывістаў моладзевых арганізацыяў, а таксама нагадаць пра бясследна зніклых палітыкаў Юрыя Захаранку, Віктара Ганчара, прадпрымальніка Анатоля Красоўскага і журналіста Змітра Завадскага.

Прысутныя трымалі ў руках бел-чырвона-белыя сцягі, расцяжкі з патрабаваннем спыніць палітычны тэрор, а таксама партрэты зніклых і палітвязняў.

Нягледзячы на дваццаціградусны мароз, акцыя працягвалася каля паўгадзіны. Супрацоўнікі міліцыі праз мегафоны папярэджвалі ўдзельнікаў мерапрыемства, што іх дзеянні незаконныя, і пагражалі прыцягнуць пікетоўцаў да адміністратыўнай адказнасці, але ўсё скончылася мірна, без затрыманняў.

Акцыя апазіцыі "Не - палітычнаму тэрору!"
Акцыя апазіцыі "Не - палітычнаму тэрору!"Фото: DW

Улады ціснуць на БХД

Беларускія ўлады працягваюць ціск на заснавальнікаў і актывістаў партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД). Міністэрства юстыцыі другім разам адмовіла БХД у дзяржаўнай рэгістрацыі, але, нягледзячы на гэта, прадстаўнікі Мінюста і зараз працягваюць абтэлефаноўваць і запалохваць людзей, якія паставілі свае подпісы пад дакументамі аб заснаванні партыі, адзначыў сустаршыня БХД Павел Севярынец. Па словах палітыка, месяц, які быў дадзены Міністэрству юстыцыі на праверку дакументаў БХД, скончыўся, ніякіх фактаў супраць партыі знойдзена не было, і зараз Мінюст ліхаманкава, сутаргава Мінюст спрабуе знайсці нейкія хібы.

Як падкрэсліў сустаршыня БХД, ціск на партыйцаў аказваюць таксама супрацоўнікі КДБ, мясцовых выканкамаў і кіраўніцтвы прадпрыемстваў і навучальных установаў. Як лічыць Павел Севярынец, калі б БХД была простай фармальнай праўладнай арганізацыяй, то яе б зарэгістравалі ў Мінюсце, і не было б ніякага пераследу яе актывістаў. "Але дзве тысячы чалавек аб'ядналіся, каб адстойваць хрысціянскія каштоўнасці ў Беларусі, і для ўлады гэта ўдар у самае сэрца, для яе гэта страшна", - мяркуе палітык.

Варта дзначыць, што днямі Міністэрства юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі яшчэ адной палітычнай структуры – Беларускай партыі працоўных.

Аўтар: Генадзь Канстанцінаў, Мінск
Рэдактар: Марына Нікіціч

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще