1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Правы чалавека ў Беларусі: агляд падзеяў тыдня

3 сентября 2010 г.

Брытанскі міністр назваў умовы ўступу Беларусі ў Еўразвяз, Дзяржкантроль сканфіскаваў кампутары ў незалежных сацыёлагаў, а у Брэсце затрымалі моладзевых актывістаў.

https://p.dw.com/p/P3oH
На столе лежит судейский молоток - один из символов правосудия
Фото: Bilderbox

Міністр па справах Еўразвязу Вялікабрытаніі акрэсліў умовы ўступу Беларусі ў Еўрапейскі Звяз, Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу пакуль не вызначылася з адменай артыкула 193.1 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнага кантролю сканфіскавалі кампутары ў незалежнай сацыялагычнай лабараторыі "НОВАК", за распаўсюд буклетаў лідэра Руху "За свабоду" у Брэсце затрымалі моладзевых актвістаў.

Умовы ўступу ў Еўразвяз

Беларусь пры выкананні пэўных умоваў у перспектыве можа стаць паўнавартасным сябрам Еўрапейскага Звязу. Такое меркаванне 2 верасня на лекцыі ў Інстытуце міжнародных зносінаў Віленскага дзяржаўнага ўніверсітэта (Літва) выказаў міністр па справах Еўразвязу Вялікабрытаніі Дэвід Лідынгтан.

Коллаж - тени людей на фоне флага ЕС
Міністр па справах Еўразвязу Вялікабрытаніі акрэсліў умовы ўступу Беларусі ў ЕЗФото: Fotomontage/DW

Паводле ягоных словаў, гэта можа адбыцца ў выпадку, калі сама Беларусь пажадае ўступіць у Еўрапейскі Звяз і створыць дэмакратычную палітычную сістэму, дзе палітычныя партыі дзейнічалі б вольна, дзе працавала б незалежная судовая сістэма, выконваліся свабода слова, сходаў ды іншыя дэмакратычныя свабоды.

Палата прадстаўнікоў вагаецца наконт артыкула КК

Прадстаўнікі Асамблеі недзяржаўных дэмакратычных арганізацыяў (НДА) правялі сустрэчу з чальцом Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінаў і СМІ Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Яўгенам Мельнікам. Падчас сустрэчы было абмеркавана пытанне адмены ў Крымінальным кодэксе (КК) артыкула 193.1, які прадугледжвае крымінальную адказнасць да двух гадоў пазбаўлення волі за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі ці фонду.

Па словах спадара Мельніка, дэпутаты інфармаваныя пра праблему гэтага артыкула КК, і зараз пытанне яго адмены дыскутуецца. Яўген Мельнік прызнаў, што наяўнасць артыкула 193.1 адмоўна адбіваецца на іміджы краіны, з’яўляецца прадметам спрэчак па лініі Еўразвяз – Беларусь. Дэпутат не выключыў, што ў перспектыве гэты артыкул можа быць выдалены з Крымінальнага кодэксу.

Юрыст Асамблеі НДА Юры Чавусаў і каардынатар Асамблеі Алёна Валынец нагадалі дэпутату, што па згаданым артыкуле ўжо асуджаныя 17 чалавек, яшчэ шэраг дэмакратычных актывістаў атрымалі папярэджанні за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Па словах Юрыя Чавусава, ніякай канкрэтыкі ад спадара Мельніка ў гэтым пытанні пачуць не ўдалося. "Нам чарговым разам распавялі, што пытанне дэкрыміналізацыі дзейнасці незарэгістраваных аб’яднанняў разглядаюць адказныя інстытуцыі, але нейкіх дакладных планаў пра верагоднасць адмены артыкула 193.1 КК падчас, напрыклад, бліжэйшай пазачарговай парламенцкай сесіі нам не раскрылі", - адзначыў юрыст.

Участники конференции "Перспективы Беларуси"
Андрэй Вардамацкі (першы злева) на канферэнціі у БерлінеФото: KAS/H.Lüders

Прадстаўнікі Асамблеі НДА на наступным тыдні плануюць сустрэцца па пытанні скасавання артыкула 193.1 КК з міністрам юстыцыі Беларусі Віктарам Галаванавым.

Сацыёлагі засталіся без кампутараў

У рамках пазапланавай праверкі сацыялагічнай лабараторыі "НОВАК", якую праводзіць Дэпартамент фінансавых расследванняў (ДФР) Камітэту дзяржаўнага кантролю (КДК), з офісу лабараторыі забралі частку кампутараў. На думку кіраўніка лабараторыі, доктара сацыялагічных навук Андрэя Вардамацкага, такія дзеянні ўладных структураў звязаныя з набліжэннем прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, а таксама з удзелам самога Вардамацкага ў якасці эксперта ў грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!".

Апроч вымання кампутарнай тэхнікі, прадстаўнікі ДФР КДК праводзілі допыты супрацоўнікаў лабараторыі. Калі скончыцца гэтя праверка "НОВАК", пакуль невядома. Па словах Андрэя Вардамацкага, пазбаўленне ягонай лабараторыі кампутараў перашкодзіць нармальнай працы сацыёлагаў, якія, аднак, будуць працягваць сваю працу. "У той ці іншай ступені будзем спрабаваць працаваць, бо ў нас ёсць дамовы, якія мы мусім выканаць", - адзначыў кіраўнік лабараторыі.

Варта адзначыць, што ўладныя структуры пераследвалі незалежных сацыёлагаў з лабараторыі "НОВАК" перад кожнай прэзідэнцкай кампаніяй – і ў 2001, і ў 2006 гадах. А ў 2005 годзе пад уціск уладаў трапіў Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследванняў (НІСЭПД) на чале з прафесарам Алегам Маневым. У выніку інстытут быў зачынены праз рашэнне Вярхоўнага Суда Беларусі. Цяпер НІСЭПД зарэгістраваны і дзейнічае ў Літве.

Александр Мілінкевіч
Кіраўнік руху "За свабоду" Аляксандр МілінкевічФото: AP

Затрыманні за буклеты

За распаўсюд буклетаў кіраўніка зарэгістраванага ў Міністэрстве юстыцыі Беларусі Руху "За свабоду" Аляксандра Мілінкевіча ў Брэсце 31 жніўня супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі актывістаў арганізацыі "Маладая Беларусь".

У гэты дзень маладзёны ў абласным цэнтры раздавалі мінакам буклеты з тэзісамі праграмы Мілінкевіча, а таксама анкеты "Народнае праграмы", што выклікала пэўную цікавасць з боку грамадзянаў. Праз колькі часу да актывістаў Ігара Мяшкова і Юрася Бацука падышлі супрацоўнікі міліцыі, якія затрымалі юнакоў "за нелегальны распаўсюд друкаванае прадукцыі". Маладзёнаў даставілі ў Ленінскі РАУС Брэста.

Аўтар: Артур Смірноў, Вільня
Рэдактар:Уладзімір Дорахаў

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще