1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Польскі ўрад салідарны з дэмакратычнымі сіламі Беларусі

Вольга Класкоўская25 января 2007 г.

Польскія палітыкі і праваабаронцы ўпэўніваюць, што будуць прадпрымаць усе магчымыя крокі датычна вызвалення беларускіх палітвязняў.

https://p.dw.com/p/9lP3

Менавіта гэтая тэма сталася асноўнай у часе сустрэчаў жонкі палітзняволенага Аляксандра Казуліна Ірыны з польскімі палітыкамі ў Варшаве.

Паводле кіраўніка дэпутацкай групы "Салідарнасці з Беларусю", прадстаўніка "Грамадзянскай платформы" Роберта Тышкевіча, парламентарыі будуць ініцыяваць прыняцце Сэймам адпаведнай рэзалюцыі ў справе Аляксандра Казуліна.

"Падтрымаць беларускіх палітвязняў, беларускую апазіцыю -- наш маральны абавязак. Пастараемся зрабіць усё магчымае з нашага боку дзеля гэтай справы",-

- адзначае парламентарый у інтэрв'ю "Нямецкай хвалі".

Галоўны дарадца прэм'ер-міністра Польшчы Марыюш Машкевіч дадае, што пазіцыя міжнароднай супольнасці ў беларускім пытанні, канешне, не ёсць вырашальным фактарам у беларускай сітуацыі, але тым ня менш, паводле дарадцы, "не трэба недаацэнваць гэты кірунак, бо рэжым павінен ведаць: Еўропа мае паслядоўную, прынцыповую пазіцыю ў справе Беларусі. Гэта суцэльная падтрымка дэмакратычнай грамадскасці Беларусі":

"Беларуская апазіцыя заўсёды можа разлічваць на нашую дапамогу. Што датычыцца сітуацыі з Аляксандрам Казуліным, то, відавочна, мы разглядаем яе як палітычную расправу, і будзем усяляк спрыяць вызваленню палітыка",

-- каментуе вынікі сустрэчы Марыюш Машкевіч.

Старшыня камісіі па замежных справах польскага Сэйму Павел Залеўскі ў часе спаткання з Ірынай Казулінай зазначыў, што таксама будзе ўзнімаць беларускае пытанне ў польскім парламенце. Акрамя іншага палітык наважыўся накіраваць патрабаванне датычна вызвалення Аляксандра Казуліна ў беларускае знешнепалітычнае ведамства.

Войцэх Макоўскі з польскай філіі "Міжнароднай Амністыі" гаворыць, што:

"Аляксандар Казулін прызнаны нашай арганізацыяй вязнем сумлення. Мы ўважліва сочым за яго лёсам, вельмі непакоімся і, натуральна, спрабуем, наколькі гэта магчыма, спрыяць яго вызваленню -- праз акцыі, звароты да ўладаў, медыі ",

-- тлумачыць польскі праваабаронца ў інтэрв'ю "Нямецкай хвалі".

Паводле словаў дзяржсакратара канцылярыі прэм'ер-міністра Польшчы Адама Ліпіньскага, польскі ўрад будзе прадпрымаць усе магчымыя захады дзеля вызвалення палітычных зняволеных. Дзяржсакратар падкрэсліў таксама, што Варшава падтрымлівала і надалей будзе падтрымліваць прадэмакратычны рух Беларусі, усіх тых, хто змагаецца за перамены ў краіне.

Суразмоўцы зазначылі, што будуць узнімаць пытанне Беларусі, а канкрэтна -- сітуацыю з палітвязнямі ў Еўрапарламенце. Акрамя іншага, палітыкі выказаліся за мэтазгоднасць пашырэння "чорнага спісу" з прозвішчамі беларускіх чыноўнікаў, якім будзе забаронены ўезд на тэрыторыю Польшчы.

"Бо супрацьзаконныя дзеянні пасобнікаў рэжыму не могуць заставацца па-за ўвагай, беспакаранымі. Усе асобы, датычныя да рэспрэсіяў супраць дэмакратычных актывістаў, павінны адказаць за свае ўчынкі",

-- тлумачаць польскія палітыкі.