1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Польскіх журналістаў зноў не пусцілі ў Беларусь

26 апреля 2006 г.
https://p.dw.com/p/8Ja0

У Беларусь не ўпусцілі журналістаў польскага тэлебачання. Яцэка Гасіньскага з аператарам Рышардам Шміткоўскім выслалі з мінскага аэрапорту, а Яраслава Каміньскага не прапусцілі праз пункт Кузніца Беластоцкая - Брузгі. Журналісты скіроўваліся ў Мінск, каб асвятляць акцыю апазіцыі, прымеркаваную да 20-х угодкаў Чарнобыльскай катастрофы. Гасіньскі, журналіст Тэлевізійнага інфармацыйнага агенцтва, мае акрэдытацыю беларускага МЗС і візу, сапраўдную да лістапада 2006 году. У аэрапорце яму ўручылі пастанову аб дэпартацыі, але візу не анулявалі. Нагода невядомая: у пастанове аб дэпартацыі пазначаны толькі пункт "іншыя прычыны". Яраслаў Каміньскі, публіцыст 1-й праграмы TVP, таксама меў сталую акрэдытацыю беларускага МЗС і візу да лістапада. На пункце пропуску Кузніца Беластоцкая - Брузгі памежнікі яму заявілі, што Каміньскі з'яўляецца "непажаданай асобай" у Беларусі, і анулявалі яму візу без тлумачэння прычынаў. TVP нагадвае, што ў сярэдзіне снежня мінулага году беларускія ўлады дэпартавалі з Мінску журналістку TVP Агнешку Рамашэўску, якая планавала заняць пасаду сталага карэспандэнта Telewizji Polskiej у Беларусі. Як і Гасіньскаму, ёй у аэрапорце ўручылі пастанову аб дэпартацыі, у якой таксама быў пазначаны пункт "іншыя прычыны".