1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

"Пераследаванні - гэта тая цана, якую мы плацім за вернасць нашым ідэалам, за вернасць праўдзе".

Вольга Класкоўская23 апреля 2007 г.

Так лічыць польскі сацыёлаг, былы кіраўнік Незалежнага задзіночання студэнтаў - моладзевай плыні „Салідарнасці” - Яраслаў Гузы. Ён распавядае пра ролю моладзі ў барацьбе з дыктатурай на прыкладзе Польшчы.

https://p.dw.com/p/AHpA

Моладзь заўсёды была рухавіком пераменаў. І таму зусім не дзіўна, што асноўныя рэпрэсіі ўладаў скіраваныя ў першую чаргу на гэтую -- самую прагрэсіўную частку грамадства – найбольш адукваных, энергічных, адважных, прынцыповых і адкрытых.

Суседняя Польшча таксама калісьці прайшла праз гэта. «Але мы былі перакананыя, што нашая адвага рана ці позна прынясе плён і верылі ў перамогу», -- гаворыць польскі сацыёлаг, а ў васьмідзесятыя гады – кіраўнік Незалежнага задзіночання студэнтаў, моладзевай плыні «Салідарнасці» Яраслаў Гузы.

«Вядома, не ўвесь польскі досвед можна спраецыраваць на Беларусь, бо сітуацыя ў краіне ўсё ж трохі розніцца ад той, што была ў Польшчы на пачатку васьмідзесятых. Яна мне нагадвае пераходную сітуацыю ў Польшчы прыканцы 70-ых гадоў, калі апазіцыя знаходзілася ў нелегальным становішчы і не мела шырокай падтрымкі ў грамадстве, і 1981 год, калі «Салідарнасць» сыйшла ў падполле, але ўжо карысталася большай падтрымкай палякаў»,

-- разважае Яраслаў Гузы.

Суразмоўца ўзгадвае, што асноўная дзейнасць маладых польскіх апазіцыянераў палягала тады на выдаўніцтве і асвеце. «Усімі магчымымі высілкамі імкнуліся данесці да грамадства вольнае слова», -- гаворыць Яраслаў Гузы. Бо, вядома, інфармацыйная блакада была такая ж, як і ў Беларусі. Друкаваную прадукцыю даводзілася вырабляць і распаўсюджваць нелегальна. Шмат увагі надзялялася і так званым прававым брашуркам – з практычнымі парадамі, як сябе паводзіць у той ці іншый сітуацыі: пры затрыманні, на допыце, пры складанні пратаколу.

«Зараз жа тэхнічных мажлівасцяў для інфармавання нашмат болей, чым у нашыя часы. Існуе вольная прастора інтэрнэт. Ды й увогуле, на мой погляд, у беларускай моладзі зараз болей магчымасцяў ва ўсіх сэнсах. Яна не такая закрытая і адарваная ад свету, эўрапейскай супольнасці, як былі мы калісьці. Гэта вялікі плюс, які трэба скарыстоўваць»,

-- дадае суразмоўца.

«Акрамя іншага, вельмі важным для нас было тое пачуццё ўнутранай салідарнасці, бяспекі, абароны. Натуральна, ніхто не мог гарантаваць табе недатыкальнасць, тое, што ты не трапіш за краты. Але мы ведалі, што калі так станецца, то нашыя сябры і паплечнікі пра нас не забудуць, будуць падтрымліваць нас і нашыя сем'і, нададуць рэзананс тваёй справе. У апазіцыйным асяродку існавалі нават адмысловыя структуры, што займаліся падтрымкай рэпрэсаваных. І ўлады ведалі, што калі яны пасадзяць аднаго, то на яго месца прыйдуць іншыя, бо вакол тых арыштаваных фармаваўся новы рух, рух падтрымкі і салідарнасці»,

-- узгадвае Яраслаў Гузы.

Што значыцца быць рэпрэсаваным, Яраслаў Гузы ведае на ўласным вопыце. У часы супрацьстаяння камуністычнай сістэме Яраслаў быў арыштаваны і год правёў за кратамі:

«Але нашая дзейнасць – і час гэта засведчыў -- рабілася прыкладам для іншых. Мы дзейнічалі адкрыта, нас пераследвалі, але мы вельмі добра ўсведамлялі, што гэта тая цана, якую мы плацім за вернасць нашым ідэалам, за вернасць праўдзе.

Беларускай моладзі я хацеў бы пажадаць не баяцца, зламаць у сябе пачуццё страху. Ніводная дыктатура не можа існаваць вечна. Яе адыход у небыццё -- пытанне часу. І менавіта маладое пакаленне, тыя, самыя лепшыя яго прадстаўнікі, у перспектыве будуць кіраваць краінай. А пра тое, якой Беларусь будзе заўтра, трэба думаць ужо сёння. Жадаю беларускай моладзі веры ў сябе і мужнасці».