1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Падатковая інспекцыя супраць бардаўскай песні

Кася Фрюлинг24 июля 2007 г.

Беларускамоўная музыка па-ранейшаму адчувае ціск уладаў. Больш за 20 чалавек былі затрыманыя на мяжы калі вярталіся з Польшчы, з фестывалю “Басовішча”. А ў Гомелі арганізатарам бардаўскага канцэрту пагражае штраф.

https://p.dw.com/p/BLfe
Фото: picture-alliance/dpa

Месяц таму ў Гомелі адбыўся канцэрт вядомых беларускіх бардаў. “Нямецкая хваля” тады распавядала, што ўлады забаранілі мерапрыемства ў Доме культуры. Канцэрт давялося ладзіць у прыватным катэджы. Нягледзячы на паўпадпольныя ўмовы, каля сотні слухачоў прыйшлі паслухаць выканаўцаў аўтарскай песні.

Відаць, уладам не спадабалася тое, што імпрэза ўсё ж такі адбылася ды яшчэ з аншлагам. Літаральна праз некалькі дзён пасля канцэрта арганізатары Ларыса Шчыракова і Зміцер Жалезнічэнка былі выкліканыя ў абласную падатковую інспекцыю. Маладых гамельчукоў абвінавацілі ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці.

Распавядае Ларыса Шчыракова:

“Там ёсць тры “даносы”, тры пісьмовыя сведчанні “свядомых” грамадзянаў (як выказаліся ў падатковай інспекцыі), якія напісалі, што ў іх нехта папрасіў пакласці ў скрыню 5 тысяч беларускіх рублёў. Узамен ім не далі квітка, таму сваім грамадзянскім абавязкам яны лічаць распавесці пра гэты факт у падатковую інспекцыю”.

Усе тры заявы аднолькавыя, напісаныя нібыта “пад капірку”. Ларыса Шчыракова мяркуе, што заяўнікі – гэта супрацоўнікі Камітэту дзяржбяспекі. Тым больш, што ў падатковай інспекцыі адмовіліся назваць прозвішчы аўтараў заяваў.

Cамі арганізатары канцэрту ўпэўненыя, што закон яны не парушалі. Уваход на бардаўскую вечарыну быў вольны, адпаведна ніякія квіткі не прадаваліся. Юрыст Леанід Судаленка таксама перакананы, што абвінавачванне актывістаў у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці – гэта

“Канешне, абвінавачванне надуманае. Я лічу, што ў дзеяннях Шчыраковай і Жалезнічэнкі адсутнічае склад адміністрацыйнага правапарушэння. Яны абодва невінаватыя.”

Калі ў судзе ўсё ж такі будзе даказана віна арганізатараў канцэрту, ім пагражае штраф у памеры больш за 500 еўра. Для маладой маці Ларысы Шчыраковай і студэнта Змітра Жалезнічэнкі – гэта вялікія грошы. Яны ўпэўненыя, што ўлада іх хоча пакараць не за эканамічнае правапарушэнне, а за грамадскую актыўнасць. Ларыса Шчыракова наракае:

“На кожным кроку на БТ ды іншых беларускіх афіцыйных СМІ кажуць – мы за беларускую мову, ідзе кампанія – адраджэнне, незалежнасць і г.д., а рэальна правесці канцэрт беларускамоўных бардаў у Гомелі проста немагчыма. І не толькі ў Гомелі, але і ва ўсёй Беларусі. І за гэта нават караюць, і вось так жорстка”.

Віталь Супрановіч, вядомы прадусар беларускамоўных музычных праектаў, спачувае сваім гомельскім калегам і сцвярждае, што з такімі сітуацыямі ў сваёй шматгадовай практыцы не сутыкаўся. У той жа час Віталь Супрановіч адзначае, што ніводная незалежная ініцыятыва ў Беларусі не застрахаваная ад пераследу з боку ўладаў:

“У нашай жа краіне як ні зрабі, усё роўна будзе няправільна.”