Пабачыла свет унікальная анталогія паэзіі свету ў беларускіх перакладах
25 сентября 2008 г.Укладальнікам гэтага выбітнога культурніцкага праекту у гісторыі беларускага кнігавыдання, працаваць над якім павінны былі б адразу некалькі інстытутаў, стаўся адзін чалавек – паэт Міхась Скобла. Але сам ён на пачатку імпрэзы заявіў, што побач на сцэне павінны былі б стаяць яшчэ 658 паэтаў свету, творы якіх увайшлі ў анталогію, а таксама 198 перакладчыкаў. Колькі твораў у анаталогіі, якая займае амаль 900 старонак, заблытаўся нават сам укладальнік:
“Ледзьве падлічыў усіх аўтараў. Колькі твораў я нават і не ведаю, я думаю, што дзесьці каля тысячаў дзвюх”.
Гамер “за” незалежнасць беларусаў
Міхась Скобла адзначае: мінулае ХХ стагоддзе было не толькі ваяўнічым, касмічным, чарнобыльскім, але і літаратурным. Гэта і засведчыла анталогія. Але была ў беларускага паэта яшчэ адна патаемная мэта:
“У мяне існуе адмысловая тэорыя, што усе літаратуры знаходзяцца ў адзінай энергасістэме. І калі па нейкіх палітычных прычынах у адной з лакальных сетак падае напружанне, то неабходныя “вольты”падаюцца звонку. Гэтая анталогія як бы акумулюе тыя пададзеныя з-за мяжы вольты, якія сёння так неабходныя нашай аслабелай беларускай літаратуры”, - распавядае ўкладальнік.
Гамер, Шэкспір, Байран і Тагор, якія загучалі па-беларуску, па версіі Міхася Скоблы, дапамагаюць беларусам адстаяць культурную незалежнасць, без якой пра ўсю астатнюю незалежнасць і гаварыць не выпадае.
Цар Саламон застаўся б задаволены
Перакладалі для “Галасоў з-за небакраю” знаныя майстры: Рыгор Барадулін, Язэп Семяжон, Васіль Сёмуха, Лявон Баршчэўскі, Леанід Дранько-Майсюк. Адзін з іх – Сяргей Панізнік прызнаецца:
“Калі я ў Чэхіі, служыў у войску, я павініўся перад чэхамі за тое, што знаходжуся ў акупацыйных войсках, і ў апраўданне, кажу, я буду перакладаць чэшскіх паэтаў”.
Шэдэўры сваіх нацыянальных класікаў у арыгінале чыталі на імпрэзе амбасадары Латвіі, Ізраілю, Вялікабрытаніі, Швецыі ды Украіны. А перакладчыкі паказвалі, як гэта гучыць па-беларуску. Амбасадар Ізраілю адзначыў, што ніколі не трымаў у руках такую важкую кнігу паэзіі. Ён прызнаўся, што наўрад ці здолее прачытаць яе цалкам. Аднак з ізраільскай часткай ужо азнаёміўся:
“І думаю, што калі б аўтар, а ў нашым выпадку – гэта цар Саламон, ведаў бы, што гучыць па-беларуску так, як ён гучыць у гэтым перакладзе, яму б сорамна не было”.
Чытача чакаюць і іншыя неспадзяванкі. Майстар прозы Янка Брыль цудоўна пераклаў Міцкевіча і Буніна. Паліглот з Навасібірску Аляксей Мусорын, які ведае 16 замежных моваў, а беларускую асіліў па Інтэрнэце, пераклаў вершы тыбецкага далай-ламы, які дагэтуль ніколі па-беларуску не гучаў.
Ёсць вар’яты і сярод выдаўцаў
Выдаць у сённяшніх умовах у Беларусі анталогію перакладаў паэзіі па-беларуску і не “прагарэць” – для бізнесоўца справа складаная. У Беларускім дзяржаўным доме друку на 90% друкуецца расійская кніжная прадукцыя. Дырэктар выдавецтва “Лімарыус”, у якім выйшлі “Галасы з-за небакраю”, Марына Шыбко не ўтойвае - назваць анталогію камерцыйным праектам не выпадае:
“Трэба ўсе тыя сродкі, што дае фундатар выкарыстаць на выданне кнігі, амаль што не пакідаючы сабе. Вось гэта і ёсць вар’яцтва”.
Шэдэўры паэтаў свету, апынуўшыся пад адной вокладкай і пераствораныя па-беларуску, гэта ўжо асобны твор, мяркуе выкладчыца Ева Лявонава. Дда таго ж, цяпер беларускія студэнты смогуць чытаць паэтаў ХХ стагоддзя на роднай мове.