Няпросты ваяж беларускага прэзідэнта
18 декабря 2008 г.22 снежня ў Маскве мае адбыцца сустрэча прэзідэнтаў Расіі і Беларусі Дзмітрыя Мядзведзева і Аляксандра Лукашэнкі, пра што паведаміляюць інфармацыйныя агенцтва са спасылкаю на прэс-службу Крамля.
На думку беларускага палітолага Аляксандра Класкоўскага, якую ён выказаў у інтэрв’ю Deutsche Welle, гэты візіт афіцыйнага беларускага лідэра ў расійскую сталіцу будзе вельмі няпростым, таму што Аляксандр Лукашэнка 1 снежня не паляцеў у Маскву на запланаванае пасяджэнне Найвышэйшай дзяржаўнай рады саюзнай дзяржавы. "У разуменні Масквы, ён ляпнуў дзвярыма, ці кінуў пальчатку, што вельмі не спадабалася ў Крамлі", - мяркуе Аляксандр Класкоўскі.
Яшчэ не капітуляцыя
Але зараз, па словах палітолага, падціскаюць знешнія чыннікі. "Груба кажучы, грошай у казне ўжо амаль няма, і таму, магчыма, даводзіцца ў нейкіх пытаннях, сцяўшы зубы, ісці на саступкі Маскве", - адзначае аналітык.
Аляксандр Класкоўскі лічыць, што гэта могуць быць пытанні адзінай сістэмы супрацьпаветранай абароны, прызнанне грузінскіх мяцежных правінцыяў, а таксама пытанні, звязаныя з эканомікай, прасоўваннем расійскага рубля. "Але паколькі гэта закранае інтарэсы беларускай уладнай вярхоўкі, то я думаю, што будзе вельмі цяжкі торг, і тое, што Лукашэнка сам патэлефанаваў і папрасіў аб сустрэчы, не азначае, што гэта капітуляцыя", - падкрэсліў беларускі палітолаг.
Аляксандр Класкоўскі не выключае, што і гэтая сустрэча можа скончыцца амаль безвынікова. "Ва ўсякім разе, мы мала што даведаемся, і толькі наступныя падзеі пакажуць, што адбылося за кулісамі", - упэўнены эксперт. (гк)