Новыя тарыфы для беларускіх мастакоў непад’ёмныя
16 мая 2008 г.У адпаведнасці з тарыфамі, прадугледжанымі Указам прэзідэнта № 533, арэндная плата за майстэрні можа падскочыць у пяць-дзесяць разоў. Раней, як паведаміў старшыня Беларускага саюзу мастакоў Уладзімір Савіч, творцы ўжо плацілі даволі вялікія сумы – ад 200 да 400 тысячаў рублёў за месяц, цяпер жа давядзецца выдаткоўваць па два мільёна, а то і болей.
“Гэта нерэальна, гэта значыць, што гэтыя майстэрні зараз трэба будзе аслабаніць. Адзіная прафесія, якая яшчэ і плоціць за сваё працоўнае месца, - гэта мастак. Гэта ўжо забарона на прафесію. У нас такіх майстэрняў 179, 179 мастакоў адразу страцяць працоўнае месца”.
З Уладзімірам Савічам згодны і старшыня мастацкае суполкі “Пагоня” БСМ Аляксей Марачкін: “Калі сапраўды ў пяць-дзесяць разоў павысяцца цэны на майстэрні, якія арэндуюцца ў горадзе, гэта будзе страшэнны ўдар па творчасці, па мастаках, фактычна, па нашым выяўленчым мастацтве. Бо дзе ж ты будзеш тварыць?”
“Каб стварыць твор, трэба ж працоўнае месца”
Паводле мастака Міколы Купавы, зарабляць мастакам у Беларусі і так вельмі цяжка: “Дзяржава не займаецца не проста падтрымкай, але і размяшчэннем нармальных заказаў па нармальных коштах, на нашы творы смешныя дзіцячыя расцэнкі”.
Уладзімір Савіч адзначае, што мастакі заслужылі палёгкі па аплаце арэнды, бо шмат дапамагаюць дзяржаўным структурам сваёй творчасцю: “Каля 2700 твораў з маёмасці БСМ мы аддалі ў карыстанне да адміністрацыі прэзідэнта, да ўпраўлення справамі прэзідэнта, у вайсковыя часткі, школы, дзіцячыя садкі, больніцы. А каб стварыць твор, трэба ж працоўнае месца. І, безумоўна, гэты твор каштуе, бо зараз і алей, і палатно, і падрамнікі каштуюць вельмі шмат грошай. Але Саюз мастакоў аддае гэтыя творы на часовае захаванне, нават некаторым падаравалі, каб людзі выхоўваліся на мастацтве. І Саюз мастакоў ні капеечкі не бярэ”.
Уладзімір Савіч дадае: “Зараз аддалі 60 твораў і поўнасцю аздобілі новы будынак Міністэрства замежных справаў. Калі нам паставяць тыя кошты, то і мы будзем змушаныя таксама выстаўляць, як кажуць, за амартызацыю, хоць гэта не вельмі эстэтычна гучыць у дачыненні да твораў мастацтва: будзьце ласкавыя, калі хочаце, каб нашы творы знаходзіліся ў вас, давайце нешта нам выплочвайце”.
Барацьба працягваецца
Кіраўнік Саюзу мастакоў не абвяргае права на існаванне ўказу кіраўніка дзяржавы, але адзначае, што непатрэбшчынай і свавольствам пры выстаўленні каэфіцыентаў займаюцца некаторыя мясцовыя чыноўнікі і ЖРЭА, якія адвольна трактуюць і скарыстоўваюць прэзідэнцкі ўказ. А праблема з аплатай арэнды майстэрняў узнікае наноў: “Кожны год яны выстаўляюць, і кожны год мы адбіваемся, губляем шмат часу і нерваў. Адбіліся, а на наступны год ізноў барацьба, бо на кожны год заключаецца новае пагадненне”.
Паводле словаў Уладзіміра Савіча, цяпер пытанне захавання ранейшых трыфаў знаходзіцца на разглядзе ў адмысловай камісіі пры адміністрацыі кіраўніка дзяржавы. Калі ж станоўчага адказу для мастакоў не паследуе, “тады будзе зварот усіх мастакоў да прэзідэнта і нейкія яшчэ акцыі, бо ў нас другога выйсця няма”.