1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

На Беларусі ўпершыню вынесены прысуд за падрыхтоўку да тэрактаў

Ларыса Новiкава

Суд Шчучынскага раёну прысудзіў да 5 месяцаў арышту актывіста выбарчай кампаніі апазіцыі, сябра Партыі БНФ Сяргея Ляшкевіча за навучанне і іншую падрыхтоўку да тэрарыстычных актаў.

https://p.dw.com/p/8XVC

Суд прыняў да ўвагі сведачанні галоўнага сведкі абвінавачання – Аляксандра Бурдзея. У сакавіку бягучага году ён звярнуўся з пакаяннем да міліцыі і паведаміў, што Сяргей Ляшкевіч нібыта рыхтаваў яго да правядзення тэрарыстычных актаў падчас масавых беспарадкаў, якія, паводле сведкі, павінныя былі арганізаваць апазіцыйныя сілы ў Минску 2 і 19 сакавіка.

У якасці рэчавага доказу вінаватасці Ляшкевіча суд прызнаў фанаграмы размовы з абвінавачаным, якія патаемна зрабіў Аляксандр Бурдзей. Дарэчы, яшчэ на першым паседжанні суду ў мінулы чацвер суддзя адзначыў, што якасць запісу дрэнная, а таму на судзе была зачытаная раздрукоўка размовы. З яе выходзіла, што Бурдзей прасіў у актывіста Ляшкевіча грошы на паездку ў Мiнск. Адказы абвінавачанага былі невыразныя. Тым не менш, гэты запіс дазволіў суду абвінаваціць шчучынскага актывіста выбарчай кампаніі Мілінкевіча ў навучанні тэрарызму, а дакладна, пагромам, падпалам і ўзброенаму супраціву міліцыянтам.

Рэчавымі доказамі віны Ляшкевіча для суда таксама з”явіліся мультфільмы з выявай Лукашэнкі і выдэакліпы, на якіх былі змантаваныя кадры разгону дэманстрацыяў апазіцыі ў Мiнску. Менавіта ў іх суддзя Віталь Сініла ўбачыў, цытую, “выпрацоўку звычкаў па ўдасканаленні тэрарыстычных дзеянняў у часе масавых хваляванняў, а таксама фармаванне прыхільнасці да гвалту”.

Размовы Ляшкевіча са сведкам аб магчымых акцыях пратэсту, суд прызнаў даваннем сведчанняў пра месца, час і планы правядзення тэрарыстычных актаў. Пры гэтым сведка Бурдзей не назваў імёны тых, з кім ён нібыта павінен быў сустрэцца ў Мiнску, а таксама не паведаміў суду пра дакладнае заданне, якое ён быў павінен выконваць у часе гэтых акцыяў.

У выраку суду гаворыцца таксама, што адсутнасць масавых беспарадкаў у вызначаны час у вызначаным месцы не здымае віны з абвінавачанага.

“Усё абвінавачанне грунтуецца на абгаворы Ляшкевіча і пабудаванае на меркаваннях таго, што, маўляў, магло б адбыцца”, – пракаментаваў вырак суду кіраўнік Гарадзенскай абласной арганізацыі Партыi БНФ Сяргей Мальчык. Больш за ўсё ён абураны тым, што Ляшкевіча абвінавацілі ва ўдзеле ў апазіцыйным руху і прыналежнасці да зарэгістраванай Партыі БНФ.

Нягледзячы на тое, што пракурор заклiкаў удзельнікаў працэсу не эксплуатаваць палітычныя матывы, маці Ляшкевіча Ірына лічыць, што міліцыя, суд і пракуратура выканалі палітычную замову.

Прысуд аб арышце Сяргея Ляшкевіча на 5 месяцаў атрымае сiлу праз 10 дзён. За гэты час можна падаць скаргу на рашэнне судe. Але Ірына Ляшкевіч упэўненая ў тым, што, цытую, “лёс людзей у Беларусі вяршыць адзіны чалавек, а таму скардзіцца не мае сэнсу». Да таго ж, прысуд вынесены па злачынстве, якое аднесенае да катэгорыі меньш цяжкіх, гэта значыць, што яе сын можа быць вызвалены пасля паловы тэрміну, а ён ужо сыходзіць, бо Сяргей Ляшкевіч быў арыштаваны 14 сакавіка.

Аляксандр Мілінкевіч,які прысутнічаў на першым паседжанні суду над Сяргеям Ляшкевічам, назваў гэты працэс паказальным і папярэджаннем для ўсёй апазіцыі.