Мілінкевіч прадставіць Беларусь на прэзідэнцкім балі ў Варшаве
4 ноября 2008 г.На баль у Варшаве запрошаныя прэзідэнты і кіраўнікі ўрадаў 55 краінаў, агульная колькасць гасцей будзе сягаць 1800 чалавек. Сярод запрошаных - канцлер ФРГ Ангела Меркель, прэзідэнты ЗША, Расіі, краінаў Балтыі, Венгрыі, Харватыі, Грузіі і іншых дзяржаваў.
Па словах Аляксандра Мілінкевіча, запрашэнне ўзяць удзел ва ўрачыстасцях у польскай сталіцы гэта вялікі гонар і ўвага да Беларусі. "Я шчыра хацеў бы, каб Беларусь там прадстаўляў легітымны прэзідэнт. На жаль, мы не маем легітымнага прэзідэнта, ці легітымнага парламента, таму я і прадстаўляю Беларусь. Яны ўспрымаюць мяне як чалавека, у свой час абранага дэмакратычным шляхам на Кангрэсе дэмакратычнае часткі беларускага грамадства", - кажа Аляксандр Мілінкевіч у інтэрвью Deutsche Welle.
Урачыстасці пачнуцца ля магілы Невядомаму жаўнеру ў Варшаве, позней госці накіруюцца на ланч у Каралеўскі замак. Увечары ў Вялікім тэатры адбудзецца святочны канцэрт. (гк)