1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Мікалай Халезін: "Вельмі шмат пытанняў накапілася"

Віталь Марушэўскі, Прага6 августа 2007 г.

Днямі прадстаўнікі беларускага ”Свабоднага тэатру” пабывалі ў гасцях у чэскага драматурга і былога прэзідэнта Вацлава Гавэла на ягоным славутым яшчэ з часоў дысідэнцтва лецішчы Градэчэк.

https://p.dw.com/p/BRYr
Фото: AP
Cустрэча адбылася на славутым яшчэ з часоў дысідэнцтва Гавэла лецішчы Градэчэк. Там традыцыйна ладзяцца так званыя ”Святы ў садзе”, паводле назвы аднайменнай Гавэлавай п’есы - сустрэчы з сябрамі і дзеячамі тэатру з Чэхіі і свету.

Адзін з арганізатараў прыезду беларусаў - чэскі драматург і рэжысэр Рэнэ Левінскі з тэатру ”Самыя паслухмяныя медзведзяняткі”. Пазнаеміўся ён са”Свабодным тэатрам” на Вісбадэнскім фэстывалі. Там яны дамовіліся паказаць іхні спэктакль у Беларусі:

”Па турыстычнай візе мы прыехалі з Вільні ў Менск, дзе разам са ”Свабодным тэатрам” зрабілі нешта накшталт першага восеньскага тэатральнага фэстывалю. Потым мы запрасілі іх у Чэхію і падумалі, што ім было б цікава трапіць сюды, на Градэчэк”.

Тут прадстаўнікі ”Свабоднага тэатру” упершыню сустрэліся з Вацлавам Гавэлам. Кіраўнік тэатру Мікалай Халезін передаў яму асабіста сваю п’есу ”Пакаленне Джынс”. Паколькі гэта была іх першая сустрэча, размаўлялі яны аб многім:

”... і аб становішчы тэатра, і аб ”Прэміі Эўропы”, намінацыю на якую мы атрымалі ў красавіку ў Салоніках, і аб магчымасці спадара Гавэла прыехаць у Салонікі, каб прэзэнтаваць нас разам з Томам Стопардам. Таксама - аб сучасным становішчы ў Беларусі, аб палітвязнях, зніклых, аб жыцці. Вельмі шмат пытанняў у нас накапілася".

З ініцыятывы ”Свабоднага тэатру” Вацлаў Гавэл запісаў таксама відэазварот да беларусаў. У ім ен казаў:

"...пра той выбар, які павінен зрабіць кожны грамадзянін, і пра тую эўрапейскую будучыню Беларусі, якая мае быць. І скончыў ён свой зварот па-беларуску, словамі ”Жыве Беларусь!”

- распавядае Мікалай Халезін. Дагэтуль ен сустракаўся ў Варшаве з Мікам Джагерам, які таксама запісаў такі зварот да беларусаў:

”Калі Вацлаў Гавэл ці Мік Джагер кажуць ”Жыве Беларусь!”—гэта тыя словы, якія мы марым чуць ад людзей такога ўзроўню. З’явілася такое пачуццё, што зараз мы ўжо сябры, а ня толькі кампаньёны. Збываюцца ж мары—у нас была такая мара, і яна здзейнілася. Я лічу, што тыя звароты, якія запісалі Мік Джагер і Вацлаў Гавэл – гэта тое, што дае сэнс для барацьбы з дыктатурай і маладым людзям, і сталым, тым беларусам, якія казалі – нас усе пакінулі, мы нікому не патрэбныя... Патрэбныя: Беларусь гэта Эўропа, і Эўропа без Беларусі няпоўная”.

У наступным годзе ”Свабодны тэатар” выступіць у Салоніках на ўручэнні ”Прэміі Эўропы” і на фэстывалі ў Градцы Кралавэ (Чэхія). У бліжэйшых планах—праца з вядомым францускім рэжысэрам Крысціянам Бэнэдэці, які прадаставіў сваю пляцоўку для леташніх выступаў ”Свабоднага тэатру” ў Парыжы. Сёлета напрыканцы жніўня адбудзецца прэм’ера новага спэктаклю ”Легенды дзяцінства” ў пастаноўцы Ўладзіміра Шчэрбаня:

”Уся восень распісана амаль па днях. Мы збіраемся выступіць у 6-7 краінах свету, таксама і ў Беларусі. Таксама адбудзецца прэзэнтацыя зборніку беларускай драматургіі, які мы выдалі”.

- гаворыць Мікалай Халезін. На пытанне, ці звязаныя гэтыя планы як-небудзь з палітыкай, ен адказаў так:

”Яны заўсёды звязаны з палітыкай, таму што палітыка займаецца намі, а мы займаемся палітыкай. Таму ”Свабодны тэатар” як быў вольны ў сваіх выказваннях, так і застаецца вольным”.