1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Маленькі крок да перамогі

Ларыса Новікава

Ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч спыніў 74-дзённую галадоўку пасля таго, як дабіўся свайго – яму была зменена мера стрымання, і зараз ён знаходзіцца пад хатнім арыштам.

https://p.dw.com/p/7m6V
Фото: AP

Арышту ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча папярэднічала двухгадовае судовае разбіральніцтва самаго Аўтуховіча, а таксама фірмы ягонай жонкі “Ніка-Транс” з падатковай інспекцыяй горада. Аўтуховіч дабіваўся скасавання накладзенных на яго санкцый, якія за гэты час павялічыліся да мільёна даляраў. Пасля арышту Мікалай Аўтуховіч прасіў вызваліць яго з пад варты да суда пад падпіску аб нявыездзе. На ягоную думку, у следства не было ніякіх падставаў трымаць яго за кратамі, таму што ён не збіраўся хавацца. Таму Аўтуховіч абвесціў галадоўку ў якасці формы пратэсту супраць адмовы следства змяніць для яго меру стрымання.

Былога “афганца” Аўтуховіча падтрымала група вайскоўцаў, якія таксама як і ён праходзілі службу ў Афганістане. Яны распаўсюдзілі ў СМІ паведамленне аб тым, что прадпрымальнік, які абвесціў галадоўку ў следчым ізалятаре, можа памерці ў любы момант. Мікалай спыніў галадоўку толькі пасля таго, як дабіўся свайго – яму была зменена мера стрымання, і зараз ён знаходзіцца пад хатнім арыштам. Стан ягонага здароўя, як сцвярджаюць урачы, цяжкі, за час галадоўкі ён схуднеў на 38 кілаграм. Аўтуховічу забаронены як сустрэчы з чужымі, так і размовы па тэлефоне. Таму на пытанне, ці задаволены прадпрымальнік вынікамі сваёй акцыі пратэсту, адказваў ягоны сябра Уладзімір Асіпенка.

Галоўнае, на думку Асіпенкі, гэта вызваленне з пад варты. Асіпенка паведаміў, што пад флагам фірмы “Радыё-таксі” у Ваўкавыску працягваюць працу 20 машын. Іх узялі ў арэнду мясцовыя прадпрымальнікі. Дзейнічае таксама фірма жонкі Аўтуховіча “Ніка-Транс”. Днямі абласны гаспадарчы суд Гродна скасаваў рашэнне Міністэрства па падатках і зборах аб забароне на адчужэнне аўтамабіляў “Нікі-Транс”, і зараз арышт з вялікагрузных машын зняты. “Але гэта часовае прыпыненне справы Аўтуховіча, - адзначае Уладзімір Асіпенка. – Эканамічныя санкцыі ніхто не адмяніў”.

Надзею на справядлівае рашэнне будучага суда Аўтуховічу даюць дакументы, якія ён атрымаў у свой час з Нацбанка і абласнога гаспадарчага суда. У іх адзначаецца, что ўзаемаразлікі прадпрымальніка з фірмай ягонай жонкі вяліся правільна. Па словах Асіпенкі, справа ваўкавыскага прадпрымальніка атрымала шырокую агалоску, а таму можна лічыць, што маленькі крок да перамогі ўжо зроблены.