1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Малавядомыя старонкі “галоднай” гісторыі

Генадзь Канстанцінаў

У Мінску прайшла Міжнародная канферэнцыя “1929-1934: Сталінская “рэвалюцыя зверху”, ці вынішчэнне сялянства і галадамор на Беларусі”, ладжаная секцыяй “Мемарыял”.

https://p.dw.com/p/DyAf
Фото: AP

Калі тэма сталінскіх рэпрэсіяў ад 1937 году ў грамадстве дыскутуецца даволі актыўна, то падзеі пачатку трыццатых гадоў мінулага стагоддзя пакуль што практычна не знаходзяць свайго адлюстравання, тым больш на афіцыйным узроўні. Як адзначае Вячаслаў Сіўчык, старшыня секцыі “Мемарыял” Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, “да сённяшняга моманту гэта абсалютна непрымальная тэма для афіцыйных уладаў Беларусі, але ж без асэнсавання таго, што адбывалася ў тыя страшныя гады, не можа быць ні гісторыі Беларусі, ні будучыні нашае нацыі”.

Пры канцы 20-х - на пачатку 30-х гадоў сялянства, адрозна ад гарадскога насельніцтва, якое хутка павялічвалася па колькасці, было больш кансерватыўным, яно добра ведала цяжар і кошт сваёй працы і не спяшалася дабраахвотна аддаваць новай уладзе вырабленае на сваіх надзелах.

Паводле словаў старэйшага навуковага супрацоўніка катэдры міжнародных зносінаў Белдзяржуніверсітэта Якава Басіна, "улады сілавым метадам імкнуліся вырашыць свае праблемы. Справіцца з дробнатаварным сялянствам у індывідуальным плане было скрайне цяжка, і выцягнуць з яго збожжа, каб расплочвацца з Захадам за пастаўленыя машыны, турбіны і гэтак далей, было практычна немагчыма”.

Татальныя адборы

Пачаліся гвалтоўныя выманні прыпасаў у сялянскіх гаспадарках; тыя калгасы, якія не выконвалі нормы па пастаўках збожжа, заносіліся на так званую “чорную дошку” – у іх сілаю вымаліся не толькі прыпасы, але і пасяўное зерне і ўвогуле ўсе харчовыя пазіцыі. Як адзначае Якаў Басін, “у такіх умовах выжыць сяляне ніяк не маглі, і ўзнік так званы фронт пасіўнага супраціву, калі сяляне спрабавалі максімальна ўхіліцца ад паставак дзяржаве. Проста не аддавалі сваёй вытворчасці. У пакаранне ў іх адбіралі апошняе. Закон ад 7 жніўня 1932 году, які атрымаў назоў “Закон аб трох каласках”, прыводзіў да пэўных рэпрэсіяў, і з жніўня 1932 да снежня 1933 году краіна ўжо налічвала 125 тысячаў асуджаных, з якіх 5 400 былі проста расстраляныя”.

У “Краіне Саветаў” ад голаду выміралі цэлыя паселішчы. Па словах Якава Басіна, улады не клапаціліся пра тысячы дзяцей, бацькі якіх памерлі пакутніцкай галоднай смерцю: “Гэтыя дзеці звозіліся ў сельскія мясцовасці, і іх кідалі ў пэўных месцах паміраць”.

Масавы канібалізм

Навуковец прывёў і больш жахлівыя прыклады наступстваў сталінскай палітыкі прымусова-пакаральнага голаду: “Жудасныя факты канібалізму. Калі камунальная служба пачынала прыбіраць з вуліцаў трупы, то высвятлялася, што вялікая колькасць трупаў не мае пячонкі. Знаходзіліся людзі, якія з гэтай пячонкі выраблялі піражкі і прадавалі насельніцтву”.

Гісторык Ігар Кузняцоў нагадаў, што ў дзяржавы былі прыпасы збожжа ды іншых прадуктаў харчавання. Але “не было такой мэты ратаваць ад голаду гэтых людзей. Была мэта знішчыць цэлыя рэгіёны і за кошт змяншэння насельніцтва зменшыць і харчовую праблему”.

Не толькі ціхім быў супраціў палітыцы савецкае ўлады і не толькі з боку сялянаў. Паводле вядучага супрацоўніка Дзяржаўнага архіву Мінскай вобласці Васіля Матаха, ужо ў той час і ў беларускіх гарадах былі ўведзеныя харчовыя карткі, а нормы хлеба на аднаго працоўнага былі параўнальныя з нормамі блакаднага Ленінграду. А на пачатку красавіка 32-га году ў партыйнае кіраўніцтва беларускага гораду Барысава прыйшла разнарадка ад Наркамату забеспячэння аб скарачэнні і гэтых нормаў, што абярнулася падзеяй, якую нараклі “Барысаўскім галодным бунтам”.

“5 красавіка ў Барысаве ўспыхнуў стыхійны мітынг, перад натоўпам выступіў рабочы Чухман, які заявіў: “Коммунисты-большевики заставляют трудящихся голодать, обрекая из на голодную смерть. Всё это видят наши заграничные братья и сёстры, которые восстанут с оружием в руках и освободят нас от ига коммунистов". АДПУ атэставала Чухмана як псіхічна не нармальнага, але адзначыла, што ягоны выступ быў падтрыманы ўсімі, хто прысутнічаў на мітынгу”.

Галодны бунт

Двумя днямі пазней у горадзе пачаліся стыхійныя акцыі з удзелам жынчынаў, якія захоплівалі харчовыя падводы і грамілі лаўкі. Выступленні пад антысавецкімі лозунгамі доўжыліся тры дні, прычым барысаўская міліцыя не прадпрымала аніякіх актыўных захадаў і нават заклікала людзей дзейнічаць больш арганізавана. Рабочыя прадпрыемстваў не выйшлі на працу і далучыліся да выступленняў. У гэты ж час у савецкіх і партыйных установах немагчыма было знайсці ніводнага супрацоўніка, таму Барысаў фактычна тры дні заставаўся без улады. Толькі праз гэтыя тры дні, паабяцаўшы, што дзеці працоўных будуць атрымліваць па 200 грамаў хлеба, уладам удалося суцішыць народ, пасля чаго адбыліся арышты найбольш актыўных удзельнікаў выступленняў.

І яшчэ адной вялікай праблемай для сялянства, у тым ліку і беларускага, былі масавыя высылкі людзей у паўночныя і далёкія ўсходнія рэгіёны СССР. Як адзначыў гісторык Ігар Кузняцоў, “адмыслова была створаная камісія палітбюро, якую ачольвалі Андрэеў і Молатаў, якая даводзіла да АДПУ, а пасля да НКУС (НКВД) канкрэтныя лічбы, колькі бясплатнай працоўнай сілы трэба паставіць на будоўлі народнай гаспадаркі – сто тысяч туды, дзвесці – туды, паўмільёны – у іншае месца. І ўжо пад гэтую заяўку праводзіліся арышты і ажыццяўляліся ўсе гэтыя рэпрэсіўныя акцыі”.

Паводле навукоўца, у Беларусі не было галадамору ў тым разуменні, як на Украіне, на Паволжы ці ў Казахстане, але і ў Беларусі палітыка насаджанага голаду ажыццяўлялася таксама вельмі актыўна: “Гэта быў абсалютна рэгулюемы працэс у маштабе краіны і злачынствы бальшавізму супраць свайго народа. У адных месцах гэта выявілася галоднай смерцю, а ў іншых – пачуццём голаду і недаядання”.

На другі дзень удзельнікі канферэнцыі наведалі Барысаў, дзе азнаёміліся з мясцінамі, звязанымі з “Барысаўскім галодным бунтам”.