Магілёўцы спрачаюцца з ЦВК
4 сентября 2008 г.Па іроніі лёсу, з незарэгістраваных прэтэндэнтаў на статус кандыдата ў дэпутаты, самы малады і самы старэйшы ішлі па адной Магілёўскай-Прамысловай акрузе №87. Самай маладой прэтэндэнткай на дэпутацтва была 22-гадовая актывістка БХД Таццяна Шамбалава. Дзяўчына ўпершыню ўдзельнічала ў выбарчай кампаніі, і была ўражаная працай акруговай камісіі:
"Мне адмовілі ў рэгістрацыі ў якасці кандыдата па прычыне несапраўднасці 18,6 адсоткаў правераных подпісаў. Само паседжанне акруговай камісіі доўжылася хвілін 30-40, не болей. Там нам проста агучылі выяўленыя парушэнні, далі рашэнне, акт праверкі ў выглядзе раздрукоўкі без подпісаў і без пячаткі. І ўсё".
Заявы пісаліся пад дыктоўку
Зусім іншая гісторыя адбылася з кіраўніком магілёўскага дэмакратычнага штабу Юрыем Новікавым. Дзякуючы прысутнасці назіральнікаў ад АБСЕ яму ўдалося зазірнуць у выбарчыя дакументы. Спачатку ён хацеў зрабіць іх копію, ці хаця б сфатаграфаваць, але сакратар камісіі І. Верыга катэгарычна забараніла гэтае рабіць, нягледзячы на прысутнасць замежнікаў.
Тады Юрый Новікаў проста перапісаў тое, што пасьпеў убачыць: "Я прыйшоў у камісію, там быў ужо назіральнік ад АБСЕ, і я выпісаў некалькі заяваў ад грамадзян, на падставе якіх подпісы былі прызнаныя несапраўднымі. Сябры маёй ініцыятыўнай групы пайшлі па кватэрах да тых людзей, ад якіх былі напісаныя гэтыя заявы – у асноўным гэта былі людзі сталага веку, якім ужо за 70 гадоў. Адна жанчына распавяла, што прыходзілі два разы, і другім разам папрасілі напісаць заяву, што падпісваліся за Новікава. Але што пісаць дыктавалі невядомыя людзі".
Подпісы прызнала сапраўднымі сама Лідзія Ярмошына
У выніку такіх дыктовак былі зафіксаваныя нават камічныя выпадкі. Напрыклад, у заяве Марыі Акуліч жанчына прызнаецца, што ставіла подпіс і за сябе, і за мужа, але насамрэч у падпісным лісце пазначаны толькі адзін выбаршчык – Аркадзь Акуліч. На дзесяць такіх выпадкаў Юрый Новікаў склаў скаргі дый накіраваў іх у ЦВК. А ў Мінску высветлілася, што да подпісаў ніякіх прэтэнзіяў няма. Але кіраўніка штабу магілёўскіх дэмакратаў усё-роўна не зарэгістравалі:
"Адзін ліст, на якім 16 подпісаў былі прызнаныя несапраўднымі, сама Лідзія Ярмошына разглядала, і прышла да высновы, што ўсе подпісы можна прызнаць сапраўднымі. На гэтай выснове працэнт несапраўдных подпісаў падаў, і гэтае пытанне здымалася. Адмоўлена мне было ў сувязі з тым, што недакладна была запоўненая дэкларацыя аб маёмасці і сродках".
Калі ўлады не хочуць цябе зарэгіставаць, то яны цябе не зарэгіструюць – гэты прынцып Юрый Новікаў лічыць аксіёмай. Але на гэтым выбары для яго не скончаныя. Наперадзе агітацыя за больш паспяховых калегаў, якім незарэгістраваныя актывісты ўжо пачалі дапамагаць.