1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Магілеўскія апазіцыянеры працуюць з выбарцамі

Аляксандар Буракоў9 декабря 2008 г.

Магілеўскія апазіцыйныя палітыкі шукаюць новыя шляхі для працы з выбарцамі. Нягледзячы на тое, што выбары прайшлі больш за два месяцы таму, некаторыя з іх працягваюць працаваць на сваіх участках.

https://p.dw.com/p/GCL8
Фото: Tolochko Viktor / ITAR-TASS

Магілеўскія апазіцыянеры спрабуюць дапамагчы гараджанам вырашыць простыя, жыхарскія клопаты, напрыклад праблемы "дамоў першай масавай серыі", ці іначай "хрушчовак".

Працаваць як дэпутаты

На апошніх парламенцкіх выбарах каардынатар мясцовай кааліцыі грамадска-палітычных сіл Аляксандар Сілкоў балатаваўся па магілеўскай Цэнтральнай выбарчай акрузе №85. З пяці прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат трое былі прадстаўнікамі дэмакратычных арганізацый. Але ў выніку, згодна з дадзенымі выбарчай камісіі перамог праўладны кандыдат. Тым не менш, палітык вырашыў працягваць барацьбу:

"Мы вырашылі з камандай зрабіць наступным чынам: у нас было восем канкрэтовых перадвыбарных абяцанняў, і па кожным мы будзем працаваць амаль як дэпутаты, з усіх высілкаў".

Галоўная праблема, падкрэслівае Аляксандар Сілкоў, была жыллева-камунальная – "хрушчоўкі". "І мы зараз людзям тлумачым, што мы працуем далей".

Прымусіць уладу выконваць абавязкі

Дапамагае экс-кандыдату ў дэпутаты адзін з актывістаў Партыі БНФ Віталь Макаранка. Ен сам жыве ў "хрушчоўцы", таму ўсе праблемы жытла "першай масавай серыі" адчуў на сабе. Ад свайго імя палітык нават падаў заяўку ў гарвыканкам на правядзенне мітынгу 13 снежня. Аднак, дазволу пакуль няма.

Гэта не сапсавала настрой пачынальнікаў акцыі. Галоўнае, паводле Аляксандра Сілкова - прыцягнуць увагу ўладаў да праблемы. А гэтае за апошнія некалькі месяцаў зрабіць атрымалася.

Перспектыва мітынгаў прымусіла прыслухацца да меркаванняў апазіцыянераў: "Не маючы дэпутацкага мандату мы зрабілі так, што ў Магілеўскім гарвыканкаме ўжо асобным радком у бюджэце пазначаныя выдаткі на рамонт "хрушчовак". Не трэба самому вырашаць праблемы гэтых дамоў. Трэба прымусіць саму ўладу выконваць гэтыя абавязкі".

Дамы патрабуюць рамонту

Першую магілеўскую "хрушчоўку" пабудавалі ў 1962 годзе. Тэрмін эксплуатацыі такіх дамоў 50 гадоў, таму ўсе 344 будынкі цяпер патрабуюць капітальнага рамонту.

У якасці эксперыменту ў 12 дамах была праведзеная цепларэнавацыя, аднак яе кошт для адной стандартнай шасціпад’езднай пяціпавярхоўкі склаў каля 370 тысячаў еўра. Натуральна, на ўсе грошай не хопіць, а комплекснай праграмы па "хрушчоўках" у Беларусі няма.

Таму, паводле Віталя Макаранкі, апазіцыйныя палітыкі рыхтуюцца да працяглай барацьбы: "Нашыя наступныя крокі – гэта, па-першае, інфармаванне насельніцтва аб сітуацыі, аб магчымых шляхах вырашэння гэтых праблем. Па-другое, гэта непасрэдная дапамога жыхарам "хрушчовак" у абароне іх правоў".

Віталь Макаранка кажа, што праблемаў шмат, а людзі не ведаюць, як і куды звяртацца, атрымліваюць адпіскі звычайныя. "Мы робім крокі па згуртаванні насельніцтва, каб паўставалі дамовыя камітэты, якія маглі б самастойна бараніць свае правы".

Калі ўсе атрымаецца, то жыхары "хрушчовак" могуць аб’яднацца ў сапраўдны сацыяльны рух, і гэтае можа зрабіць цалкам іншым расклад праз чатыры гады – на наступных парламенцкіх выбарах.