Літва спрабуе зблізіць супрацьлегласці на палітычнай арэне Беларусі
Сам па сабе афіцыйны візіт чатырох дэпутатаў літоўскага парламенту ў Беларусь – з’ява рэдкая. Але кантакт з прадстаўнікамі афіцыйнай улады хутчэй за ўсё абмяжуецца супольным абедам з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу. Яны таксама запрошаныя на адкрыццё выставы “Цэрквы Літвы”, што пройдзе ў сценах літоўскай амбасады, але сесці за стол перамоваў з апазіцыяй наадрэз адмовіліся.
Толькі шляхам дыялогу
Аднак ініцыятар візіту – старшыня парламенцкай групы па сувязях з Беларуссю Вацлаў Станкевіч – і надалей абяцае прыкладаць намаганні, каб прымусіць апазіцыю і ўладу завесці дыялог:
"У Еўразвязе вырашэнне таго ці іншага пытання вядзецца толькі шляхам дыялогу. Беларусь павінна ісці ў гэтым жа кірунку".
Вацлаў Станкевіч прапанаваў сустрэцца і дэпутатам Нацыянальнага Сходу і лідарам апазіцыйных партый – і ўсім разам паразмаўляць па супольных пытаннях. Калі гэта не атрымаецца ў Менску, дэпутат будзе прапанаваць такі фармат у Вільні.
"Я ў сваёй дзейнасці не хачу арыентавацца толькі на апазіцыю. Мне ўсё вельмі важна, што звязана з Беларуссю – і маладзёвыя арганізацыі, і прадстаўнікі грамадства, і апазіцыя, і ўрад беларускі – гэта таксама беларусы", адзначыў Вацлаў Станкевіч
Іншая актыўная дзяячка літоўскага Сойму на беларускім “фронце” – кансерватарка Раса Юкнявічэне – дастаткова скептычна ставіцца да перспектывы сустракацца з беларускімі дэпутатамі, якіх яна інакш як “так званыя” не называе. На яе погляд, не дэпутаты будуць прымаць рашэнні аб змене палітычнага курсу Беларусі, таму ўскладаць якія-кольвек надзеі на іх не выпадае. Пры гэтым сама Юкнявічэне выказвае яшчэ больш рэвалюцыйную думку – ці ня варта было б прыняць Беларусь у Раду Еўропы?
"А чаму мы падтрымліваем кантакты з расейскай Думай, якая абіраецца і зараз будзе абірацца цалкам не паводле дэмакратычных прынцыпаў?"
Дэпутатка ня бачыць якіх-небудзь надта значных адрозненняў паміж дыктатарскімі тэндэнцыямі ў Расеі і Беларусі. Па яе словах, справы могуць зрушаць з мёртвай кропкі толькі тады, калі стандарты будуць аднолькавыя для ўсіх.
"Любыя дыялогі павінны быць трохбаковыя"
Беларуская апазіцыя, хоць і фармальна выказваецца за дыялог з уладай, да такой ідэі насамрэч таксама ставіцца насцярожана. У гэтым яны ўгледжваюць небяспеку, што з Еўропай рэжым рана ці позна паразумеецца, а вось апазіцыя як суб’ект з такога дыялогу выпадзе – гаворыць аналітык партыі БНФ Вацлаў Арэшка:
"Любыя дыялогі павінны быць трохбаковыя – Захад, рэжым і апазіцыя. Ня можа быць праз галаву апазіцыі заключэнне нейкіх дамоваў з рэжымам. Мы на гэта нязгодныя".
Пасля візіту літоўскіх парламентароў у Менск у гэтую сераду будзе зразумела, ці апраўданыя боязі беларускай апазіцыі і ці атрымаецца падчас сустрэчы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў завязаць хоць які-небудзь дыялог “праз галаву апазіцыі”. Дагэтуль афіцыйных міжпарламенцкіх адносінаў Сойм Літвы і Нацыянальны Сход Беларусі не падтрымліваюць.