1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

«Лімоны» супраць дыктатуры

Юнэля Крупенька

Калі вы ідзеце па вуліцы і вам задарма прапаноўваюць лімонную цукерку і пры гэтым сцвярждаюць, што яна дапамагае не думаць пра нізкі заробак і высокія камунальныя плацяжы, – вы трапілі на чарговую акцыю руху «Лімон»

https://p.dw.com/p/7paH
Фото: ZB - Fotoreport

Пад дэвізам «Салодка не будзе!» маладыя людзі ў жоўтай вопратцы забаўляюць жыхароў гораду Гомеля вось ужо прыблізна два гады. Усе свае мерапрыемствы «лімоны», як называюць іх у народзе, прысвячаюць адзінаму чалавеку – Аляксандру Лукашэнку. Менавіта яго партрэты яны набываюць у крамах, а потым раздаюць мінакам са словамі:

«Гэта лекавыя здымкі, яны заражаныя ад словаў самога прэзідэнта і дапамагаць стаць такімі ж разумнымі і прыгожымі, як ён сам».

Каб павялічыць рэйтынг кіраўніка дзяржавы, летась 1 красавіка, у Дзень смеху, актывісты руху спрабавалі правесці мітынг у цэнтры гораду. На мерапрыемстве планавалася сабраць подпісы за перайменаванне плошчы Леніна ў плошчу Лукашэнкі, а таксама вывесіць транспаранты «Чарнобыльская зона – лепшы адпачынак», «Прымусовае размеркаванне – мара студэнта». Улады забаранілі правядзенне мітінгу, за што «лімоны» абвінавацілі гомельскіх чыноўнікаў у падтрымцы апазіцыі.

Ідэолаг і натхняльнік моладзевага руху «Лімон» Алесь Карніенка перакананы: смех пераможа страх. Гэтым вядомы ў Беларусі палітык-дэмакрат і тлумачыць, чаму яго ініцыятыва быццам бы падтрымлівае прэзідэнта, а насамрэч у гратэскнай форме высмейвае яго самаўладныя манеры.

«Лімоны» – гэта тая група людзей, якая выконвае ролю маленькага хлопчыка з казкі Андэрсэна, які публічна абвяшчае: «А кароль-та голы».

“Калі грамадства робіць выгляд, што ўсё добра, хтосьці пры ўсёй сур’ёзнасці палітычнай сітуацыі мусіць смяяцца з таго, што адбываецца”

- лічыць Алесь Карніенка. Ён прызнаўся, што ідэя руху “Лімон” запазычаная ім у «памаранчавай альтэрнатывы», якая дзейнічала напрыканцы 80-х гадоў у Польшчы. Тады група людзей з правінцыйнага гораду Уроцлава сваімі вясёлымі акцыямі быццам бы падтрымлівала і развівала ідэі камуністычнага рэжыму, але пры гэтым бянтэжыла ўлады і смяшыла звычайных людзей.

На сённяшняй палітычнай сцэне незарэгістраваны рух «Лімон» з’яўляецца дастаткова заўважнай з’явай. Яго яскравыя і запамінальныя акцыі абмяркоўваюць не толькі грамадскія актывісты. Інтэрнет-сайт руху знаходзіцца ў ліку самых рэйтынгавых сярод беларускіх віртуальных рэсурсаў. Дзейнасць «Лімона» ганьбіць на сваіх старонках афіцыйная газета абласной выканаўчай улады «Гомельская праўда».

«Лімон» не лічыць сябе арганізацыяй, якая спрабуе скласці канкурэнцыю ўжо існуючым аб’яднанням”, - тлумачыць Алесь Карніенка. Па ягоных словах, «Лімон» – гэта канцэпцыя, набор ідэяў і метадаў, якія могуць выкарыстоўваць любыя моладзевыя суполкі на шляху да свабоды, дэмакратыі, незалежнасці сваёй краіны. Алесь Карніенка перакананы: “Калі “Лімонам” папрыскаць на дыктатуру, - яна скурчыцца”.