1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Лямус - найстарэйшая драўляная пабудова Беларусі

Марына Мазуркевiч20 июля 2008 г.

У адным з закуткоў Гародні захавалася самая старая драўляная пабудова Беларусі – лямус кляштара брыгітак. Пакуль гісторыкі спрачаюцца наконт ягонага ўзросту, турыстаў бы магнітам прываблівае гэты рукатворны цуд.

https://p.dw.com/p/Effb
Лямус кляштара брыгітак у ГароднiФото: DW

У дзвюх хвілінах хады адсюль — цэнтр Гародні. А каля драўлянага лямуса, за глухімі сценамі кляштара брыгітак - цішыня. Эфект нечаканы. Хочацца пастаяць хаця б хвілінку пасярод вечнасці...

“Гэты будынак існуе aд XVII стагоддзя. Вельмі цікавая канструкцыя. Можна ўявіць, як дасканала дапасавана ўсё гэта, ўрэзана сякерай, можа быць, гэблікам трохі. Мінімум выкарыстання металу, таму што жалеза нямала каштавала. Выглядае добра”, - пералічвае архітэктурныя цікавосці лямуса гісторык Алесь Краўцэвіч.

Навошта ў хляве карункі

Лямус — гучыць загадкава. Але мела гэтая вытанчаная звонку пабудова прызначэнне надзвычай утылітарнае. Па словах гіда Ўладзя Дзергачова, “тут захоўваліся харчовыя прадукты, адзенне, збожжа, прылады працы. І ўсё ж гэтая гаспадарчая пабудова куды больш “высакародная”, чымсьці хлеў ці адрына”.

Між тым, арачныя галерэі надаюць двухпавярховаму будынку таямнічасці. Ды й навошта гаспадарчай пабудове выразаныя з драўніны “карнукавыя” упрыгожванні? Такое пытанне, на думку Краўцэвіча, прыходзіць у галаву толькі тым, хто вырас у эпоху стандартаў і штампоўкі: “А тады былі штучныя рэчы, тады відэлец абы як не выглядаў, лыжка абы як не выглядала. Гэта ўсё рабілі людзі”.

Да таго ж, сам кляштар быў вельмі багаты. У 1960-я гады ў сутарэннях знайшлі шыкоўную калекцыю каштоўнага фаянсу і партрэтаў, якія цяпер знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі.

Апошнім часам у лямусе мясціліся падсобныя памяшканні псіха-неўралагічнага шпіталя. Цяпер будынак стаіць закінуты. Ці не знясуць яго ў часе так званай рэканструкцыі Гародні? "Не, дзякуй Богу, пакуль не збіраюцца. Гэты помнік унесены ва ўсе спісы. Помнік ахоўваецца”, - супакойвае гісторык.

Колькі лямусу стагоддзяў

Некалькі гадоў таму гарадзенскія ўлады нават мелі намер выступіць з ініцыятывай унесці лямус у Кнігу рэкордаў Гінэса як самую старую драўляную пабудову на тэрыторыі Беларусі. Падобна на тое, што ўзведзеная ў 1630 годзе на сродкі маршалка Вялікага княства Літоўскага гарадзенскага старасты Кшыштафа Весялкоўскага, яна без пераробак захавалася ў добрым стане без нечага чатыры стагоддзі!

“Там, дзе ёсць людзі, будзе жыць будынак, а ён пастаянна некага меў”, - тлумачыць доўгажыхарства лямуса Алесь Краўцэвіч. Але, па меркаванні польскіх гісторыкаў, адмысловы аналіз драўніны, наўрад ці пацвердзіць ўзрост лямуса, зафіксаваны ў інвентарах. Яны лічаць пабудову маладзейшай не менш як на стагоддзе. “Бо з архіўных крыніц вядома, што ў 1753 годзе палову забудовы Гародні знішчыў пажар. Драўляны лямус мог захавацца толькі цудам”, - лічыць Уладзь Дзергачоў.

У 1885 годзе яшчэ адзін пажар здарыўся ў самім кляштары. Згарэла званіца, расплавіліся званы, агонь знішчыў памяшканні, дзе жылі капелан і найміты. Пра лямус звестак няма. “Меркаванні спецыялістаў могуць не супадаць. Але праектны малюнак аналагічнай пабудовы, што зроблены Багуславам Радзівілам у сярэдзіне XVII ст., вельмі падобны на тое, як і цяпер выглядае гэты аб’ект навуковай спрэчкі”, - падкрэслівае Уладзь Дзергачоў.

Чаму Гародня скрыўленая

Скрыўленыя вулачкі Гародні, на адной з якіх месціцца і лямус – таксама дастапомнасць. Бо выбудаваныя ў стылі барока. Гэтая планіроўка гістарычна скалалася ва ўсіх гарадах Беларусі ў XVII-XVIII стагоддзях. У Гародні яна захавалася ў самай вялікай ступені. “І тое можна казаць пра захаванне менш за 50 працэнтаў. Калі ў Еўропе гэта лічыцца ўжо разбураным горадам, у нас - найлепш захаваным”, - удакладняе Алесь Краўцэвіч.

Такая ж самая планіроўка была і на ўсходзе Беларусі, але ў часе Расійскай імперыі там была распачатая генеральная перепланіроўка пад класіцызм – шахматнымі клеткамі.

Спраміць Гародню перашкодзіла Першая сусветная вайна. Таму ў турыстаў і захавалася магчымасць каля старога лямуса пастаяць хівілінку сярод вечнасці.