Лукашэнка пакуль наперадзе
“У мяне самы высокі рэйтынг і каласальная папулярнасць, як лідэра Ліберальна-дэмакратычнае партыі”, - заявіў “Нямецкай хвалі” Сяргей Гайдукевіч, каментуючы апытанні сацыёлагаў. Гайдукевіч падкрэсліў, што гэта – не лічачы прэзідэнта Лукашэнку, якога яму, цытуем, “не пераскочыць”.
А вось іншы прэтэндэнт на прэзідэнта генерал Валеры Фралоў свята верыць даследванням групы Манаева і цвёрда не верыць дзяржаўным сацыялагічным службам. “Нягледзячы на тое, што паводле дадзеных групы Манаева за Фралова ў снежні пажадалі галасаваць толькі кааля аднаго адсотка апытаных, генерал адказаў, што “поўнасцю ўпэўнены ў дадзеных групы Манаева, бо ён прафесіянал”. Цікава, што паводле дадзеных ЭКООМ каля дзвюх трацінаў грамадзянаў краіны задаволеныя сваім жыццём. Незалежныя сацыёлагі задалі гэтае ж пытанне крыху іначай – у якой ступені цяперашнія прыбыткі дазваляюць нашым грамадзянам утрымліваць свае сем’і? Больш за 50 адсоткаў апытаных адзначылі, што гэтыя прыбыткі альбо не дазваляюць альбо амаль дазваляюць прыстойна харчавацца, больш за 70 адсоткаў указалі, што іх прыбыткаў не хапае альбо амаль хапае для таго, каб набыць вопратку і абутак. “Гэта азначае, што дзве траціны грамадзянай “моцнай” і “квітнеючай” Беларусі змушаныя весці напалову жабрацкі лад жыцця і адмаўляць сабе ў самым неабходным”, - робяць выснову сацыёлагі з групы прафесара Манаева.