Кніжная “Крамбамбуля” альбо жартам пра сур’ёзнае
Аўтар зборніка – журналіст Севярын Квяткоўскі – сабраў пад адной вокладкай кароткія смешныя гісторыі пра знаных беларускіх палітыкаў, музыкаў, літаратараў, мастакоў і звычайных людзей – міліцыянтаў, таксістаў, бізнесоўцаў, эмігрантаў.
VIP-беларусы ў адным флаконе, кніжная “Крамбамбуля”, альтэрнатыўная гісторыя найноўшай Беларусі – усё гэта пра новую кнігу журналіста Севярына Квяткоўскага. Выданне мае адмысловую назву – “Фрашкі да пляшкі”. Слова “фрашка” прыйшло са старапольскай мовы і азначае анекдот з жыцця. Як і большасць анекдотаў, фрашкі нарадзіліся ў вясёлай кампаніі, пры распіцці пляшкі, то бок бутэлькі.
Як тлумачыць сам аўтар Севярын Квяткоўскі:
"Жанр “фрашак” узнік яшчэ ў XVI стагоддзі ў Рэчы Паспалітай, а я яго актуалізаваў у сучаснай Беларусі. У маім разуменні, фрашка - гэта кароткая жартаўлівая гісторыя, але на сур’ёзную тэму, жартам пра сур’ёзнае".
Са старонак кнігі можна даведацца, якія памылкі ў жыцьці рабіў пісьменнік Уладзімір Арлоў, хто прымусіў Станіслава Шушкевіча адказваць на непрыемныя пытанні і чаму міліцыянты паважаюць спявачку Касю Камоцкую. Аўтар аднак папярэджвае, што да ягонай кнігі трэба ставіцца як да літаратурнага твора. Адпаведна чытач ня мусіць успрымаць фрашкі як цалкам рэальныя гісторыі з жыцця.
Гаворыць Севярын Квяткоўскі:
"Я заўжды адчуваў сябе літаратарам, пісьменнікам. Я з павагай стаўлюся да сваёй прафесіі, якой зарабляю грошы, - журналістыкі. Мая кніга - гэта, канешне, літаратура, і дзесьці могуць быць факталагічныя недакладнасці. Гэта маё персанальнае бачанне падзеяў і асобаў".
Як сцвярджае Квяткоўскі, вядомыя асобы збольшага паставіліся добразычліва да таго, што іх імёны з’явіліся ў гумарыстычнай кніжцы. Так, герой адной з фрашак, малады палітык Павел Севярынец нават рады такому піяру:
"Для палітыка кепская інфармацыя – гэта некралёг, а ўдзел у гумарыстычным зборніку – гэта добра. Абсалютна нармалёва – чым больш, тым лепш. Гумар – гэта вялікая сіла і зброя".
А вось і тая гісторыя, якая ўсцешыла Паўла Севярынца. Распавядае аўтар кнігі “Фрашкі да пляшкі” Севярын Квяткоўскі:
"Фрашка мае назву “Севярынец і звычайны заказ”. Гэтую гісторыю прыпісваюць моладзеваму актывісту, палітыку Паўлу Севярынцу, які аднойчы заказваў аркестр, каб сустрэць чарговага важнага сядзельца з Акрэсціна (ізалятара часовага ўтрымання ў Менску). Дзе ўзяць аркестр ? Самы просты шлях – затэлефанаваць у пахавальнае бюро. Павал затэлефанаваў у некалькі – і паўсюль навёў жах на супрацоўнікаў.
- Добры дзень! Я б хацеў заказаць аркестр.
- Калі ласка. На калі?
- Праз 10 дзён, у 15.30.
- Як? Вы ўжо ведаеце час?!