1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Завяршаецца збор подпісаў у падтрымку кандыдатаў у прэзідэнты

Павел Быкоўскі

Чакаецца, што падпісныя лісты здадуць ініцыятыўныя групы пяці прэтэндэнтаў – А. Лукашэнкі, А. Мілінкевіча, А. Казуліна, В. Фралова і С. Гайдукевіча

https://p.dw.com/p/7rkl
Фото: AP

Надоечы зрабілася вядома, што Цэнтрвыбаркам не стаў працягваць тэрміны працы тэрытарыяльных камісій, што звычайна рабілася пры здачы подпісаў і пры падачы заяваў на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў. Гэта значыць, што падача падпісных лістоў завершыцца а 19 гадзіне па мінскім часе.

Вечарам у чацвер лідэр Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Зянон Пазняк нечакана заявіў у час онлайн-канферэнцыі на радыё "Свабода", што ягоная ініцыятыўная група не будзе здаваць сабраныя подпісы ў выбарчыя камісіі. З. Пазняк сказаў, што яна мае ўжо 130 тыс. Подпісаў, але "18 студзеня ЦВК у сваім “ультыматуме” дало мне выразна зразумець, што подпісы, сабраныя маёй групай, ня будуць прызнаныя". Нагадаем, што ў гэты дзень ініцыятыўныя групы З. Пазняка і А.Мілінкевіча атрымалі папярэджанне за раздачу друкаваных матэрыялаў. Зянон Пазняк заявіў:

"У гэтай сітуацыі, калі маёй групе наладзілі міліцэйскі пераслед і мяне ня будуць рэгістраваць па палітычных прычынах, мы ня можам аддаваць адрасы і пашпартныя дадзеныя маіх прыхільнікаў у лапы гэтых марыянетак, каб людзей потым пераследвалі ці выганялі з працы "

У той жа дзень пацвердзілася інфармацыя пра тое, што С. Скрабец адмовіўся ад удзелу ў прэзідэнцкай кампаніі на карысць былога рэктара БДУ А.Казуліна. Паводле словаў кіраўніка ініцыятыўнай групы Скрабца Сяргея Галаганюка, за змешчанага ў следчы ізалятар прэтэндэнта ў прэзідэнты было сабрана 101.618 подпісаў. Аднак, па яго словах, С. Скрабец лічыць, што А. Казулін -- "найбольш вартая кандыдатура на пасаду прэзідэнта Беларусі"".

Кіраўнік ініцыятыўнай групы дзейснага прэзідэнта Віктар Шэйман паведаміў у інтэрвію агенцтву БЕЛТА, што група ўжо здала ў тэрытарыяльныя камісіі амаль 92% подпісаў. Зданы 1 млн. 687 тыс. 576 подпісаў -- гэта больш за чвэрць усіх выбаршчыкаў у краіне.

Актыўна здае подпісы група С. Гайдукевіча, паводле якой 150 тыс. подпісаў ужо фактычна здадзеныя. У іншых кандыдатаў на момант падрыхтоўкі перадачы да эфіру працэс быў яшчэ ў самім разгары. Ініцыятыўныя групы і адзінага кандыдата дэмсілаў А. Мілінкевіча і ягонага канкурэнта А. Казуліна запланавалі здаць 120 тыс. подпісаў.

Пасля здачы подпісаў тэрытарыяльныя камісіі 10 дзён будуць іх спраўджваць. Праверцы належыць не менш за 20% подпісаў ад кожнай групы. Калі больш за 15% з правераных подпісаўся будуць прызнаныя несапраўднымі, тады праводзіцца паўторная праверка яшчэ 15%. Калі сумарная колькасць несапраўдных подпісаў перавышае 15%, то праверка спыняецца, а падпісныя лісты ў падтрымку гэтага прэтэндэнта у дадзеным раёне прызнаюцца не сапраўднымі.