Журналіст Аляксандр Здвіжкоў выйшаў на волю
22 февраля 2008 г.Разгляд скаргі журналіста Аляксандра Здвіжкова ў Вярхоўнам судзе 22 лютага цягнуўся каля сарака хвілінаў і адбываўся ў закрытым рэжыме.
Самога Аляксандра Здвіжкова на працэсе не было: за некалькі дзён да гэтага яго перавялі з турэмнага шпіталю ў следчы ізалятар на вуліцы Валадарскага ў Мінску.
Як паведаміла адвакат Мая Аляксандрава, суддзі палічылі віну Здвіжкова даказанай, але, улічыўшы стан здароўя асуджанага і тое, што на яго ўтрыманні знаходзіцца 81-гадовая маці, змянілі прысуд на больш мяккі – тры месяцы арышту, якія журналіст ужо адбыў, знаходзячыся ў СІЗА.
На думку галоўнага рэдактара газеты “Згода” Аляксея Караля, вызваленне Аляксандра Здвіжкова – гэта працяг вызвалення палітычных вязняў, які распачаўся, і ўжо тры чалавекі выйшлі на волю, гэта чацверты. “Думаю, што ў хуткім часе павінны быць вызваленыя і Аляксандр Казулін, і Андрэй Кім. Я ацэньваю гэта як перш за ўсё вынік намаганняў міжнароднае супольнасці па выкананні ўмоваў Еўразвязу”.