1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Дударскі фэст-2007

Марына Мазуркевіч

У музычнай імпрэзе, што адбылася у канцэртнай зале “Мінск” і клубе “Стэп”, бралі ўдзел каля двух дзесяткаў гуртоў з Беларусі, Літвы і Польшчы.

https://p.dw.com/p/AHdv

А хто любіць кампот, а я люблю віно. А хто любіць гаспадара, а я гаспадыню. А хто любіць пан боршч, а я люблю капусту. А хто любіць ды худую, а я люблю тлусту. Хо-хо.

У беларускіх дудароў вельмі арыгінальны рэпертуар. Як у Сярэдневеччы, так і на пачатку ХХ стагоддзя Беларусь была дударскім краем. А сёння, вяртаючы сабе гэтае імя, першай ва Усходняй Еўропе праводзіць міжнародныя фестывалі. Распавядае адзін з арганізатараў Зміцер Сасноўскі:

" Насамрэч, гэта ўжо чацвёрты дударскі фэст. У 1992 і 1993 гадах адбыліся першы і другі. Тыя дударскія фэсты былі ініцыяваныя і заснаваныя людзьмі, якія працягнулі гэтую традыцыю за такімі старымі майстрамі, як Жукоўскі, Пузыня. І гэта былі майстры Алесь Жура, Тодар Кашкурэвіч, Алесь Лось. Але потым трынаццаць год быў перапынак".

За гэты час з’явілася цэлая генерацыя маладых музыкаў і майстроў. Як раней ад бацькі да сына пераходзіў рагавень – вельмі закручаны драўляны чубук, які адрознівае канструкцыю беларускай дуды ад усіх іншых, так перанялі яны ў старэйшых і дударскую традыцыю.

" У мінулым годзе ўжо стала проста неабходным правесці такі фэст. Справа ў тым, што ў розных кутках Менску стыхійна ўтвараюцца цэлыя спаборніцтвы беларускіх дудароў. Яны іграюць і ў купалаўскім парку і за Нацыянальнай бібліятэкай. Там збіраецца моладзь, яна танчыць. І гэты інструмент стыхійна развіваецца".

Спецыфіка беларускай дуды ў тым, што яна была знакавым інструментам падчас абрадаў – Каляды, валачобнікі, радзіны, вяселле. Існавала і адмысловая манера ігры. Лічаныя людзі могуць аднавіць яе. Гэта Юрась Панкевіч і Дзяніс Сухі, якія граюць сёння па ўзору старога беларускага дудара Слаўчыка

Увогуле ж, на фэст сабралася 45 слынных дудароў з розных куткоў Беларусі. Яны гралі не толькі на айчынных, але і на латгальскіх, шведскіх, шатландскіх, нямецкіх і латышскіх дудах. Гаворыць Зміцер Сасноўскі:

" У гэтым фестывалі ўдзельнічаюць “Келіх Кола”, “Ліцьвінскі хмель”, “Testamentum terrae”, якія выкарыстоўваюць беларускія дуды. Польшча шырока прадстаўлена. Ёсць гарадскі гурт “Дудзяжы Велькапольскі”, аўтэнтычныя дудары з вёсак, якія спецыялізуюцца на гранні на вяселлях. “Пэрлінка” нашага фэсту - вядомы дудар з Балгарыі, японец па паходжаньні Ютака Кабанэ, які пайграе сёння на фэсце на некалькіх відах балгарскіх дудаў".


Ютака даведаўся пра фэст ад сяброў па Інтэрнеце і палічыў, што гэта неблагая нагода наведаць невядомую Беларусь. У перапынку балгарскі дудар японскага паходжання не хавае сваіх эмоцый:

" Супер. Я ўражаны. Я спадзяюся, што гэты фестываль адбудзецца і ў наступным годзе, стане традыцыяй".

Дударка Аксана Касцян уразіла ўсіх сваёй дзёрзкасцю. Яна парушыла правілы, што існавалі стагоддзямі:

"Беларуская традыцыя так вызначылася, што жанчыны не ігралі на такіх інструментах. Гэта мужчынскі інструмент, таму што калі дуды выкарыстоўвалі – з імі хадзілі ў паходы, на вайну, на конях ехалі, гралі. На самой справе, не так ужо і цяжка. Проста быў пастаўлены эксперымент. Дзяўчыне далі дуду, атрымалася даволі добра. Я граю на латышскай дудзе. А на латышскіх дудах гралі дзяўчыны. Адзінае, што было цяжка, - гэта дзьмуць у мех".

“Ліцвінскі хмель”, “Тэстамэнт” і «Litvintroll” публіка сустракала воклічамі. Падчас сярэдневечных еўрапейскіх танцаў гурта “Стары Ольса” ледзь не пайшла ў скокі. Крыху суцішылася, пачуўшы спалучэнне беларускіх дудаў з нямецкім акардэонам у выкананні “Келіх кола”.

" Гучна, весела. Дзякуй, што можна так бавіць час. Вельмі спадабалася. Жыве Беларусь!"

Не абыйшлося і без поўнай авантуры, калі ўсе дудары з беларускімі дудамі і ўсе барабаншчыкі паспрабавалі выканаць без рэпетыцыі будучы гімн фестываля "Зайграй мне, дударочку!". Ппасля гэтага публіка ўжо не магла не паверыць, што:

"Фестываль будзе жыць кожны год, незалежна ад нашых магчымасцей. Дамова такая – хоць два дудара, хоць у лесе, але кожны год".