В нашем полку прибыло!
30 ноября 2006 г.Партал “Беларусь-лайв” (што можна перакласці як “Беларусь у прамым эфіры”) распачне сваю працу ўжо неўзабаве. Паводле стваральнікаў рэсурсу, галоўная яго мэта – аператыўнае асвятленне найважнейшых падзеяў з Беларусі.
Каардынатар праекту з польскага боку – эксперт варшаўскага Цэнтру міжнародных дачыненьняў Войцех Бародзіч тлумачыць, што працаваць над сайтам галоўным чынам будуць журналісты з Беларусі, але сам інфармацыйны прадукт разлічаны ў першую чаргу на заходнюю аўдыторыю:
“Мяркую, што сайт будзе вельмі карысны для супрацоўнікаў міжнародных арганізацыяў, міністэрстваў замежных справаў, замежных медыяў. Для ўсіх тых, чыя дзейнасць знітаваная з Беларуссю, а таксама тых, хто проста цікавіцца Беларуссю і хоча атрымліваць поўную карціну аб сітуацыі ў гэтай краіне. Хацеў бы таксама падкрэсліць, што наша задача – не зацыклівацца толькі на апазіцыйнай тэматыцы, а паказваць сітуацыю ў Беларусі з розных яе бакоў. Іншымі словамі, імкнуцца максімальна аб’ектыўна адлюстроўваць беларускія падзеі, незалежна ад іх палітычнай афарбоўкі”, --
зазначае суразмоўца.
Дарэчы, змест сайту будзе перакладацца адразу на сем замежных моваў.
На жаль, на Захадзе вельмі бракуе інфармацыі пра падзеі ў Беларусі, зазначаюць стваральнікі “Беларусь-лайв”, і гэта, маўляў, прыкры факт.
“Бо Беларусі, як еўрапейскай краіне, ёсьць што паказаць і пра што распавесці. Спадзяемся, што, дзякуючы новаму інфармацыйнаму рэсурсу, замежная аўдыторыя зможа адкрыць для сябе Беларусь не толькі як краіну з палітычымі праблемамі, а і як цікавую, маладую еўрапейскую краіну, як еўрапейскага партнёра”, -- адзначаюць журналісты “Еўрапейскага радыё для Беларусі”:
“Важнасць гэтага праекту для нас таксама ў тым, што гэта адна з першых спробаў шчыльнага супрацоўніцтва паміж беларускімі незалежнымі радыёстанцыямі. Мы імкнемся пашырыць інфармацйнае поле, што з аднаго боку будзе дасягаць і самой краіны, а з іншага – інфармаваць пра падзеі ў Беларусі ўвесь астатні свет. Мы спадзяемся, што нашая інфармацыйная старонка дазволіць усім жадаючым атрымліваць самую аператыўную і галоўную інфармацыю пра Беларусь. Важна тое, што ўсё гэта будзе прадстаўлена ў некалькіх моўных версіях, што, натуральна, пашырае мажлівасці карыстання рэсурсам для прадстаўнікоў з розных краінаў.
Усё гэта азначае, што міжнародная супольнасць зможа яшчэ лепей даведацца пра беларускую сітуацыю, прычым, ад саміх беларусаў, а не ад выпадковых агенцыяў, што, звычайна, беларускія навіны асвятляюць паводле другасных крыніцаў”.
Паводле суразмоўцаў, сайт “Беларусь-лайв” будзе даступны для прагляду ўжо з 4 снежня.