В. Вячорка: "Еўропа можа прызнаць Палату прадстаўнікоў"
22 сентября 2008 г.Як адзначыў палітык у інтэрв’ю DW-RADIO, шансы на тое, што Еўропа можа прызнаць Палату прадстаўнікоў ёсць:
"Ёсць людзі, якія стомленыя ад беларускай праблемы, ёсць людзі, якія б хацелі на гэтай стомленасці запрапанаваць хуткія і простыя рашэнні, пэўна, набраць сабе нейкіх палітычных пунктаў, паказаць, што яны нарэшце да Моклы прыйшлі і рассеклі гэты вузел. Але ёсць і іншая матывацыя – прагматычная, каштоўнасная.
Ясна, што свет быў шакаваны расійскімі паводзінамі пад час апошняй вайны, і, падазраю, што і Лукашэнка быў дастаткова непрыемна ўражаны. І зразумелая матывацыя, паводле якой некаторыя еўрапейскія палітыкі кажуць: зараз трэба ратаваць незалежнасць усіх калярасійскіх дзяржаваў для таго, каб Расіі непавадна было. Я вельмі рады, што нарэшце гэтая матывацыя загучала, таму што мы пра гэта гаварылі еўрапейцам і амерыканцам дзесяцігоддзі – зважайце на тое, што незалежнасць і дэмакратыя, перспектывы свабоды і незваротнасць незалежнасці ёсць адно цэлае. Нарэшце нас пачулі, хаця для гэтага, на жаль, спатрэбілася вайна.
Але я засцярог бы некаторых еўрапейскіх палітыкаў ад спадзеву зрабіць Лукашэнку такім вось незалежнікам, зрабіць палітычную волю аднаго непрадказальнага чалавека гарантам незалежнасці, а незалежнасць – закладніцай такой непрадказальнай палітычнай волі. Гэта крайне небяспечная канструкцыя”. (гк)