1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Вярхоўны суд не задаволіў скаргу “Беларускай хрысціянскай дэмакратыі” да Мінюста

Генадзь Канстанцінаў30 января 2008 г.

Вярхоўны суд адмовіў "Беларускай хрысціянскай дэмакратыі" ў задавальненні скаргі на адмову Мінюста ў рэгістрацыі. А папярэднія слуханні па зыску Мінюста аб ліквідацыі Партыі камуністаў Беларускай пачнуцца 6 лютага.

https://p.dw.com/p/CzxO
Фото: Manja Myschkowez

Арганізацыйны камітэт “Беларускай хрысціянскай дэмакратыі” (БХД) пачаў актыўную працу ў 2005 годзе. Сустаршынямі аб’яднання з’яўляюцца заснавальнік і шматгадовы лідэр “Маладога фронту” Павал Севярынец, а таксама Георгі Дмітрук, Віталь Рымашэўскі, Мікалай Арцюхоў, Аляксей Шэін. БХД з’яўляецца права-цэнтрысцкай палітычнай сілай, якая засноўвае сваю дзейнасць на хрысціянскіх каштоўнасцях і беларускім патрыятызме.

У задавальненні скаргі адмовіць

Рашэнне па скарзе сацыяльна-грамадскага аб’яднання “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” на дзеянні Міністэрства юстыцыі Беларусі, якое адмовіла ў дзяржаўнай рэгістрацыі гэтай арганізацыі зачытала суддзя Вярхоўнага суду Галіна Жукоўская, якая старшынявала на працэсе.

“Суд вырашыў адмовіць прадстаўнікам сацыяльна-грамадскага аб’яднання БХД Лойка Настассі Паўлаўне, Наздру Паўлу Іванавічу, Шэіну Аляксею Юр’евічу ў задавальненні скаргі на рашэнне Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі СГА БХД. Рашэнне ўступае ў законную сілу неадкладна пасля яго абвяшчэння, абскарджванню і апратэставанню ў касацыйным парадку не падлягае”.

Што не зразумеў Мінюст

Паводле словаў Аляксея Шэіна, было некалькі фармальных прычынаў, названых у матываванні адмовы ў рэгістрацыі аб’яднання – па-першае, гэта была тэхнічная памылка пры друку, і на яе выпраўленне спатрэбілася б максімум паўгадзіны, і Міністэрства юстыцыі, каб мела добрую волю, магло б даць час на выпраўленне такой дробнай недарэчнасці, але яно не палічыла патрэбным зрабіць гэта, адзначае сустаршыеня БХД.

Другая прычына, гаворыць Аляксей Шэін, тое, што Міністэрства юстыцыі не зразумела, што маецца на ўвазе пад дэфініцыямі “хрысціянскія каштоўнасці”, “хрысціянскія прынцыпы” і “хрысціянскі светапогляд”. “На нашу думку, гэта рэчы агульнавядомыя і не вузкаспецыяльныя, якія трэба расшыфроўваць у статуце, але нам закідвалася менавіта тое, што гэтыя тэрміны не расшыфраваныя ў статуце”.

Яшчэ адную мэту дзейнасці БХД Мінюст, паводле Аляксея Шэіна, паліпчыў умяшальніцтвам у сваю вотчыну.

“Адзін з кірункаў дзейнасці БХД пазначаны як грамадская экспертыза законапраектаў, нарматыўных актаў. На думку Міністэрства юстыцыі, экспертызаю законапраектаў і нарматыўных актаў мае права займацца толькі само Міністэрства юстыцыі. На нашую думку, і асобныя грамадзяне, і грамадскія аб’яднанні такое права маюць – менавіта права экспертызы, а не юрыдычнага тлумачэння”.

Палітычна матываванае рашэнне?

Чыноўнік Мінюста Яўген Какуша катэгарычна адмовіўся пракаментаваць пазіцыю сваёй установы і па завяршэнні паседжання спешна пакінуў будынак Вярхоўнага суда.

Дарэчы, Аляксей Шэін адзначыў, што ягоная арганізацыя брала за прыклад пры напісанні статутных дакументаў адпаведныя матэр’ялы ўжо зарэгістраваных Мінюстам партыяў і аб’яднанняў (напрыклад, праўладнага “Руху за сацыяльны прагрэс і справядлівасць”), але падобныя хібы не мелі для іх фатальнага значэння ў працэдуры дзяржаўнай рэгістрацыі. Таму, як адзначае Аляксей Шэін, у дажыченні да БХД “рашэнне суда прагназаванае, матываванае палітычна”.

Цяпер кіраўніцтва БХД рыхтуецца да з’езду партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, пасля якога зноў будзе імкнуцца атрымаць дзяржаўную рэгістрацыю ў Беларусі.

Мінюст спрабуе зліквідаваць апазіцыйную ПКБ

У гэты ж дзень у Вярхоўным судзе адбылося папярэдняе сумоўе прадстаўнікоў апазіцыйнай Партыі камуністаў Беларускай і Міністэрства юстыцыі, якое падало зыск аб зліквідаванні ПКБ.

Нагадаем, што цяпер дзейнасць арганізацыі прыпынена рашэннем вышэйшай судовай інстанцыі краіны на паўгода, за гэты час ПКБ мусіла выправіць памылкі і заўвагі рэгіструючага органа і прадаставіць адпаведную інфармацыю ў Мінюст. Што, як адзначыў сябра Цэнтральнага камітэта партыі Сяргей Вазняк, і было зроблена 22 студзеня. Бакі пагадзіліся, што папярэднія судовыя слуханні адбудуцца ўжо 6 лютага. Сяргей Вазняк не выключае, што працэс супрацьстаяння Мінюста і ПКБ можа зацягнуцца.

“Паколькі Мінюсту неабходны час для вывучэння прадастаўленых намі дакументаў аб выпраўленні хібаў, а гэта больш за тысячу дзвесці аркушоў, а нам патрэбны час, каб вывучыць дакументы, якія Мінюст толькі мае намер прадаставіць у суд аб тым, што партыя быццам займалася нейкай дзейнасцю ў час, калі была прыпыненая, то, наколькі я разумею, 6 лютага суддзя можа прыняць рашэнне аб прыпыненні працэсу, каб даць бакам дастатковы час для азнаямлення з усімі дакументамі і належнай падрыхтоўкі”.

Чыноўнікі не пойдуць “на міравую”

Сяргей Вазняк сумняецца, што Міністэрства юстыцыі можа пайсці “на міравую” у цяжбе з ПКБ.

Мы так зразумелі, што Мінюст не мае намеру адклікаць зыск, ва ўсялякім выпадку, пакуль.

Паводле Вазняка, 2 лютага завяршаецца паўгадавы тэрмін прыпынення дзейнасці партыі, таму ўжо 3 лютага адбудзецца пленум ЦК ПКБ, што азначае аднаўленне яе актыўнае працы.

Пропустить раздел Еще по теме