1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Ватыкан супраць санкцыяў

Генадзь Канстанцінаў22 июня 2008 г.

22 чэрвеня завершыўся першы афіцыйны візіт у Беларусь Дзяржсакратара Святога Пасаду кардынала Тарчызіа Бертонэ. Пасля імшы ў галоўным касцёле краіны другі па значнасці чалавек у Ватыкане сустрэўся з журналістамі.

https://p.dw.com/p/EOMC
кардынал Тарчызіа БертонэФото: AP

Прыезд у Беларусь кардынала Тарчызіа Бертонэ стаўся адказам на афіцыйнае запрашэнне беларускага ўраду, таму і меў афіцыйны, дзяржаўны характар. У Дзяржсакратара Святога Пасаду адбыліся сустрэчы з прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам, міністрам замежных справаў Сяргеем Мартынавым, упаўнаважаным у справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанідам Гулякам.

За пяць дзён знаходжання ў Беларусі Тарчызіа Бертонэ наведаў Мінск, Пінск і Гародню, сустрэўся з каталіцкімі святарамі і вернікамі. Кардынал Бертонэ выказаў шкадаванне, што не змог у часе цяперашняга візіту наведаць Віцебскую дыяцэзію, але паабяцаў зрабіць гэта ў свой наступны прыезд.

Адказваючы на пытанні журналістаў, кардынал Бертонэ азначыў сённяшні стан стасункаў паміж праваслаўнай і каталіцкай царковой у

Беларусі:

“Мне падаецца, што цяперашнія дачыненні паміж каталіцкай і праваслаўнай цэрквамі ў Беларусі ёсць даволі пазітыўнымі. Кантакты актывізуюцца, развіваецца супраца, каб даць адказ на такія выклікі сучаснасці, як секулярызм. Яшчэ Папа Ян-Павал ІІ даручаў каталіцкім епіскапам у краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы надаваць вялікую ўвагу кантактам з прадстаўнікамі праваслаўнай царквы. А Папа Бенедыкт XVI у часе цырымоніі ўступлення на Святы Пасад назваў задачу нарошчвання братэрскае супрацы паміж хрысціянскімі канфесіямі адной з прыярытэтных сваіх задач”.

Двухбаковыя стасункі растуць

Паводле кардынала Бэртоне, сведчаннем гэтаму была ягоная цёплая сустрэча з кіраўніком Беларускай праваслаўнай царквы мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам. Дзяржсакратар Святога Пасаду таксама назваў станоўчымі і дынамічнымі стасункі паміж Ватыканам і Мінскам і як важны доказ таму прывёў цяперашні візіт, а таксама прызначэнне Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла Беларусіі пры Святым Пасадзе. Апроч таго, адзначыў кардынал Бертоне, “распачатая двухбаковая праца, накіраваная на магчымае падпісанне базавага пагаднення паміж Святым Пасадам, які з’яўляецца суб’ектам міжнароднага права, і ўрадам Беларусі. І, нарэшце, прэзідэнт Беларусі запрасіў Папу Бенедыкта XVI наведаць Беларусь з афіцыйным візітам, што я ацэньваю як вельмі пазітыўны крок”.

Візіт Папы цалкам магчымы

Што да магчымага двухбаковага дакумента, то яго форма, паводле кардынала, яшчэ не вызначаная. Сёння таксама цяжка дакладна сказаць, калі можа адбыцца прыезд у Беларусь Пантыфіка з прычыны ягонай неймавернай занятасці і шматлікіх аналагічных запрашэнняў.

“Прасцей прадугледзець візіты ў еўрапейскія краіны, чым міжкантынентальныя паездкі, а Беларусь – гэта тая нацыя, да якой Яго Свяшейшасць ставіцца з вялікай любоўю. Я буду спрыяць ажыццяўлённю гэтага візіта. Я не магу вызначаць час, але мы будзем спадзявацца”.

Не абышлося і без пытання пра санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да Беларусі. Кардынал Бертонэ нагадаў, што яшчэ Папа Ян-Павал ІІ выступаў супраць эмбарга і санкціяў, у тым ліку і ўдачыненні Іраку, нават калі там кіраваў Садам Хусейн.

“Гэта фундаментальны прынцып, што кожная нацыя павінная рэалізаваць сваё права на існаванне і самастойнае развіццё. Кожная нацыя ёсць часткаю міжнароднае супольнасці. І я неаднойчы казаў, што санкцыі супраць Кубы, іншых краінаў, у тым ліку і Беларусі, не прымальныя, бо церпіць ад іх, у першую чаргу, народ. А ўсе пытанні мусяць вырашацца праз дыялог”.